• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Памерла былая выкладчыца журфака, экс-замрэдактара «Пераходнага ўзросту» Таццяна Прановіч

    Таццяне Іванаўне было 67 гадоў. Пра яе смерць выданню «Точка» паведадаміла крыніца, блізкая да факультэта журналістыкі БДУ.

    Таццяна Прановіч

    Таццяна Прановіч. Фота: journ.bsu.by

    Таццяна Прановіч — дачка народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава. 

    «Ведаеце, як прывучаў да правільнага чытання? Дома ў нас былі кніжныя стэлажы на ўсю сцяну, заказныя, каб змясцілася цэлая бібліятэка, якую бацькі збіралі ўсё жыццё. Я, зразумела, дапамагала маме па хаце. У мае абавязкі ўваходзіла пыласосіць гэтыя стэлажы. Аднойчы бачу: сярод кніг нешта тырчыць, чаго там раней не было. Выняла, а гэта — раман-газета з аповесцю Салжаніцына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». Салжаніцын быў ужо забаронены. І мне падалося, што часопіс спецыяльна схавалі, каб я, школьніца, яго не знайшла. Насамрэч, цяпер ведаю дакладна, я павінна была знайсці гэтую аповесць, павінна была, кіруючыся нейкай таямніцай, нейкай цікавасцю, яе прачытаць. Бацька такім чынам кіраваў маім чытаннем», — распавядала пра бацьку спадарыня Таццяна.

    Таццяна нейкі час збіралася пайсці ў медыкі, але пасля выбрала факультэт жуорналістыкі БДУ, куды паступіла ў 1976‑м годзе.

    «У 9 класе я ўсе канікулы правяла ў гуртку «Юны медык», прысутнічала на аперацыях, даглядала хворых у 3‑й мінскай клініцы. Але добра, што не пайшла ў дактары: у мяне характар ​​для гэтага няправільны. Я спачатку праяўляю эмоцыі, а потым думаю. Для журналіста гэта яшчэ прымальна, а лекар павінен быць стрыманы», — успамінала яна пасля.

    Дзяўчына атрымала дыплом у 1981 годзе. А праз усяго тры гады вярнулася на факультэт, дзе выкладала больш за 40 гадоў. Многія журналісты памятаюць яе як выкладчыцу антычнай літаратуры. 

    Паралельна з выкладчыцкай дзейнасцю Таццяна Іванаўна працягвала працаваць у журналістыцы. У 1994‑м годзе яна прыйшла ў газету «Пераходны ўзрост», якую тады толькі заснавала ейная аднакурсніца Алена Філіпчык. І працавала там да 2007-га.

    «На першую пару працавала стыль-рэдактарам, у 1998 году стала намеснікам рэдактара. Я прыходзіла на 1 курс журфака: са 150 студэнтаў — 100 ужо ведалі мяне як намесніка рэдактара «Пераходнага ўзросту». У той час я адчувала, як бурліць кацёл маладосці, і сама ў ім варылася

    Я памятаю неяк на заліку па замежнай літаратуры на 3 курсе сядзела і вербавала супрацоўнікаў «Пераходнага ўзросту». 10 чалавек з заліку прывяла ў рэдакцыю! Цікава працаваць з маладымі, якія перапоўнены ідэямі. Адчувала сябе маладой, лёгкай, патрэбнай. Шмат добрых спраў зрабілі.

    Напрыклад, у нас быў такі праект «Абітурыент журфака», які праіснаваў 7 гадоў, а яшчэ 2 гады працавала «Школа маладога журналіста». Мы праводзілі ў яе набор сярод рабят з усіх канцоў Беларусі», — узгадвала тыя часы спадарыня Прановіч.

    У 2020 годзе Таццяна Прановіч падтрымала пратэсты, піша «Наша Ніва». Праз некалькі гадоў выкладчыца пакінула журфак.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.