Кацярына Андрэева прыняла прэстыжную ўзнагароду за стрым, праз які трапіла за краты
Былая палітзняволеная, журналістка Кацярына Андрэева прыняла спецыяльную прэмію імя Дар’юша Фікуса ад польскага прэс-клубу і Міжнароднай асацыяцыі прэс-клубаў 21 красавіка. Прэмія даецца за журналістыку найвышэйшага ўзроўню. Андрэева была ўдастоена прэміі яшчэ ў 2021 годзе за стрым з Плошчы Пераменаў, падчас якога яе затрымалі, а затым судзілі ў Беларусі.

Кацярына Андрэева на цырымоніі ўручэння прэміі імя Дар’юша Фікуса. 21 красавіка 2026 года, Варшава. Фота: Белсат
Прэміяй за «нязломнае выкананне прафесіі журналіста ва ўмовах, якія патрабуюць моцнай асабістай мужнасці» была ўзнагароджана таксама Дар’я Чульцова, якая працавала разам з Кацярынай Андрэевай на Плошчы Пераменаў.
«Дзякуй за такую высокую ацэнку нашай працы. Рэпартаж, які трансляваўся ў жывым эфіры цягам трох гадзін, быў удастоены гэтай ганаровай узнагароды праз некалькі тыдняў пасля таго, як беларускі суд прызнаў гэты ж рэпартаж злачынствам і пазбавіў мяне і маю калегу Дарʼю Чульцову свабоды і магчымасці займацца любімай прафесіяй», – сказала Кацярына Андрэева на цырымоніі ўзнагароджання.
Яна падзялілася, што, хоць і знаходзіцца ў вольнай краіне, побач з вольнымі людзьмі, але яе сэрца і душа з калегамі, якія па-ранейшаму знаходзяцца ў зняволенні толькі за тое, што яны журналісты.
«Анджэй Пачобут, Дзяніс Івашын, Людміла Чэкіна і яшчэ 21 чалавек, сярод якіх мой муж – журналіст Ігар Ільяш. Усе яны смела і бескарысліва выконвалі галоўны прафесійны абавязак – казаць людзям праўду. Я перакананая, што дзякуючы намаганням многіх людзей па ўсім свеце беларускія журналісты здабудуць свабоду.
З удзячнасцю і павагай, прымаючы сёння спецыяльную прэмію імя Дар’юша Фікуса, хачу працытаваць словы Тэадора Рузвельта: «Лепшы падарунак у жыцці – гэта магчымасць цяжка працаваць над задачай, якая таго вартая». Я шчаслівая, што ў мяне ёсць такі падарунак», – сказала Кацярына Андрэева.
У размове з «Белсатам» яна адзначыла, што гэтая ўзнагарода – вялікі гонар:
«Натуральна, калі я атрымала ўзнагароду ў 2021 годзе, я пра гэта даведалася, і гэта стала крыніцай моцнай падтрымкі і надало мне сілаў у зняволенні».
Пры гэтым яна падкрэсліла, што эфір, за каторы яе пакаралі, рабіўся не для прэміяў, а для гледачоў «Белсату».
Журналістка адзначыла, што падчас мерапрыемства для яе ў першую чаргу было важна яшчэ раз нагадаць свету і калегам з Польшчы пра зняволеных журналістаў. Яна дадала, што Менск мусіць адпусціць палітвязня Анджэя Пачобута без папярэдніх умоваў.
«Польшча ўжо зрабіла крокі насустрач, адкрыла памежныя пераходы, і было б вельмі лагічным, этычным і нават іміджава, магчыма, для Менску выгодным, каб праз гэтыя адкрытыя пераходы паехаў вызвалены Пачобут. Спадзяюся, што ў наступны раз усё журналісты будуць вызваленыя, і рэжым не будзе працягваць рэпрэсіі і не будзе працягваць набіраць новых закладнікаў», – сказала Андрэева.
Дар’юш Фікус – польскі журналіст, публіцыст і рэдактар, адна з ключавых фігур польскай прэсы перыяду позняй Польскай Народнай Рэспублікі і пачатку дэмакратычных пераўтварэнняў.
@bajmedia