Стаў вядомы прыгавор заснавальніку баранавіцкай газеты «Шаг»
Анатоля Вайцяхоўскага, які вярнуўся з Польшчы ў Беларусь і зняўся ў прапагандысцкім фільме, асудзілі паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў і прыгаварылі да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пра прысуд паведамілі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Першы інфармацыйны», заўважыла «Люстэрка».

Анатоль Вайцяхоўскі, 19 лютага 2026 года. Фота: Facebook Анатоля Вайцяхоўскага
«Яго ў сукупнасці асудзілі на чатыры гады “хатняй хіміі” паводле чатырох артыкулаў. У звычайных сітуацыях — мінімум гэта выглядала б як чатыры гады калоніі», — заявіла прапагандыстка Ксенія Лебедзева.
Вайцяхоўскага прызналі вінаватым па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- ч. 3 арт. 361 КК — «Заклікі да санкцый».
- ч. 2 арт. 367 КК — «Паклёп на Лукашэнку».
- ч. 2 арт. 368 КК — «Абраза Лукашэнкі».
- ч. 1 арт. 361‑4 КК — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
У ліпені 2026 года Вайцяхоўскага ўключылі у пералік «экстрэмістаў» МУС. Пазней яго таксама дадалі ў спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Аднак 1 кастрычніка з абноўленага спісу «тэрарыстаў» КДБ яго звесткі выдалілі, заўважыла «Наша Ніва». Гэты статус не дазваляў Вайцехоўскаму, сярод іншага, карыстацца банкаўскай карткай і афармляць мабільны нумар.
Да паслявыбарчых пратэстаў 2020 года Анатоль Вайцяхоўскі з сям’ёй жыў у Баранавічах, пэўны час працаваў на раённым вузле электрасувязі. У сярэдзіне 1990‑х стаў адным з заснавальнікаў мясцовай газеты «Шаг». Гэта адна з першых прыватных газет горада і некалі адна з самых папулярных, яе наклад сягаў 11 тысяч экзэмпляраў. Пазней яна перафарматавалася ў чыста рэкламную.
У пачатку 2000‑х Вайцяхоўскі сышоў з журналістыкі, стаў прадпрымальнікам. Ён займаўся медыцынай і таварамі для здароўя. У 2023 годзе яго затрымаў ГУБАЗіК — за тое, што Анатоль пакідаў у тэлеграме каментарыі супраць расійскага ўварвання ва Украіну і гвалту сілавікоў, але калі яго выпусцілі, ён аператыўна эвакуяваўся за мяжу пры дапамозе «Байсола», жыў у Беластоку.
У пачатку 2026 года Вайцяхоўскі праз камісію па вяртанні вярнуўся ў Беларусь.
@bajmedia