• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Часам цішыня гаворыць больш, чым тысячы чужых слоў». У Беластоку паставілі помнік бабруйскаму журналісту і блогеру Уладзіміру Усеру

    Журналіст памёр у снежні мінулага году ў Беластоку. «Часам цішыня гаворыць больш, чым тысячы чужых слоў. Сёння можна сказаць галоўнае: тата нарэшце здабыў спакой. Усё адбылося так, як і павінна было — з павагай, з годнасцю, там, дзе яму і месца», — напісала дачка Уладзіміра Усера Марына Авітан.

    Помнік Уладзіміру Усеру ў Беластоку. Фота: Ежы Грыгенча

    Марына Авітан зазначае: «За гэты час было сказана многае. Пісалі людзі, якія не ведалі яго, не ведалі нашай сям’і, не ведалі, праз што мы прайшлі. Лёгкія каментары, гучныя загалоўкі — усё гэта застаецца дзесьці звонку, не маючы ніякага дачынення да праўды.

    Бо праўда — яна ціхая. Яна ў памяці, у любові, у тым, што не трэба даказваць. Тата там, дзе павінен быць. І цяпер — спакойна».

    Яна апублікавала фота помніка. У верхнім левым куце выгравіравана Пагоня, упісаная ў Зорку Давіда. На помніку цытата са знакамітай песні Джона Ленана «Imag­ine»: «You may say I’m a dream­er, but I’m not the only one. I hope some­day you will join us, and the world will live as ONE» («Ты можаш сказаць, што я летуценнік, але я не адзін такі. Спадзяюся, што калі-небудзь ты далучышся да нас, і свет будзе як адно цэлае»).

    Помнік Уладзіміру Усеру ў Беластоку. Фота: Ежы Грыгенча

    Марына Авітан тлумачыць, што увесь працэс заняў больш часу, чым звычайна, што «звязана з аб’ектыўнымі прычынамі: бюракратычныя працэдуры, афармленне дакументаў, дазволы і ўсе неабходныя ўзгадненні».

    «Асобная падзяка людзям, якія былі побач са мной увесь гэты час — і дома, і на адлегласці. Без імёнаў — вы сябе пазнаеце. Як аказалася, у такіх сітуацыях людзей становіцца прыкметна менш: на словах іх звычайна больш, чым у рэальнасці. Але затое ўсё сумленна — адразу зразумела, хто сапраўды побач.

    Дзякуй тым, хто быў. Гэта вельмі каштоўна, — піша Марына Авітан. — І асобна — для аматараў версій з каментароў і «альтэрнатыўнай рэальнасці». Не, ніхто не быў пакінуты. Не, ніякіх фантазійных сцэнарыяў не адбывалася. Усё было спакойна, афіцыйна і так, як і павінна быць».

    «Быў цалкам самотны і сумаваў па Беларусі». Сябры і знаёмыя згадваюць блогера з Бабруйска Уладзіміра Усера

    Уладзімір Усер шмат гадоў супрацоўнічаў з незалежнымі медыямі. У 2021 годзе быў вымушаны з’ехаць з Беларусі пасля таго, як на яго завялі крымінальныя справы. Жыў ва Украіне, потым у Вільні, потым з’ехаў у Польшчу.

    Уладзімір Усер

    Уладзімір Усер. Фота: з асабістага архіва

    У сакавіку 2025 года Уладзімір з’явіўся ў прапагандысцкім фільме «Чужое неба», які выйшаў на беларускім дзяржаўным тэлебачанні і мусіў паказаць, як цяжка жыць беларусам за мяжой. За здымкі абяцалі ганарар. Усер пазней казаў «Нашай Ніве», што яму вельмі сорамна за гэта, але ён паверыў тым, хто яму прапанаваў гэта, бо яны «як бы сваімі зрабіліся».

    Напрыканцы лістапада стала вядома, што Усера і яшчэ двух беларусаў падазраюць у шпіянажы. На іх завялі крымінальныя справы ў Польшчы. Уладзіміра затрымалі, у ягоным пакоі зладзілі ператрус. Праз кепскі стан здароўя 70-гадовага журналіста адпусцілі з‑пад варты.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.