• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Журфак па суботах»: Як беларуская журналістыка рыхтуе кадры ў часы крызісу

    У Вільні 9 траўня прайшоў трэці выпуск адукацыйнай праграмы «Журфак па суботах». БАЖ разбіраецца, як ва ўмовах «ідэальнага шторму» — адначасовага кадравага крызісу і спынення маштабнага замежнага фінансавання — ператварыць пачаткоўцаў ва ўніверсальных аўтараў.

    Сертыфікаты «Журфака па суботах». Фота: БАЖ

    Сертыфікаты адукацыйнай праграмы «Журфак па суботах» атрымалі 39 выпускнікоў. Пяць чалавек скончылі ўсе тры спецкурсы, пяць — па два спецкурсы, астатнія — па аднаму. Канцэнтраваліся на практыцы. Навучэнцам выкладалі журналісты-практыкі, яны і самі падчас праграмы праслухоўвалі спецкурсы, у якіх мелі патрэбу. 

    Адказ на крызіс і запыты рэдакцый

    Падчас урачыстага ўручэння дыпломаў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец узгадаў пра старт праекта больш за год таму:

    «Тады, у сакавіку 2025-га быў вельмі цяжкі перыяд насамрэч (хаця ў нас заўсёды цяжкі перыяд), але той момант вылучаўся тым, што літаральна за пару месяцаў да адкрыцця «Журфака па суботах» Злучаныя Штаты спынілі фінансаванне шматлікіх журналісцкіх праектаў ва ўсім свеце.

    Гэта тычылася і нас таксама. Рэдакцыі ў гэты час вымушаныя былі ці скарачаць сваіх супрацоўнікаў, ці павялічваць памер працы, ці пераводзіць працаўнікоў на няпоўны рэжым працы, ці спалучаць усе гэтыя меры».

    Амбітны праект якраз ставіў мэтай «навучаць журналістаў для рэдакцый, якія трапілі ў цяжкое становішча».

    «Варта нагадаць, што «Журфак па суботах» паўстаў у тым ліку як адказ на запыты саміх рэдакцый, — зазначыў старшыня БАЖ. — Казалі, што людзі сыходзяць з журналістыкі, што нашым медыя патрэбныя новыя твары, новыя асобы, але ў рэдакцый няма магчымасці іх навучаць.

    Тады і пачалі працаваць мы, шукаць магчымасці штосьці з гэтым зрабіць. І вынікам стаў «Журфак па суботах», які праводзіўся па адной праграме ў Вільні і ў Варшаве, дзе адказным выступаў «Прэс-клуб». Нягледзячы на ўсе цяжкасці, выпрабаванні, мы прайшлі гэты перыяд. І мне падаецца, што ў выніку ўсё атрымалася. Мы прайшлі тое, што нас насцярожвала, чаго мы крыху пужаліся, прайшлі ўсе тры адукацыйныя модулі».

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. 2026 год. Фота: БАЖ

    Фундамент прафесійнага росту як для пачаткоўцаў, так і для тых, хто ўжо працуе

    «Журфак па суботах», паводле студэнтаў, гэта не толькі тэарэтычныя веды і практычныя заняткі — для многіх ён стаў кропкай адліку прафесійнай дзейнасці.

    «Хтосьці ўладкаваўся на працу ў рэдакцыі. Хтосьці не працуе ў штаце, але пачаў сталае супрацоўніцтва з медыямі. І гэта таксама вельмі істотны вынік журфака, гэта тая мэта, якую мы намагаліся дасягнуць — падрыхтаваць кадры для рэдакцый ў выгнанні, — зазначае адна з выкладчыц. — Так, мы не маем тут свайго факультэта журналістыкі, але мы маем свае рэдакцыі. Я лічу гэты праект вельмі цікавым досведам і вялікім нашым поспехам».

    «Ёсць жаданне і імпэт ствараць»

    «Не ведаю, ці ёсць у вас гэтае пачуццё, у мяне яно было і да 2020-га, а пасля 2020-га тым больш. Я пра пытанне, ці ўвогуле варта заставацца ў журналістыцы, — сказала адна з трэнерак курса. — Марына Золатава пасля вызвалення на пытанне пра вяртанне ў журналістыку шчыра адказала: «Я не разумею, як вы цяпер працуеце ўвогуле». А мы неяк працуем, нешта ствараем.

    Дзякуй вялікі за натхненне: я ўбачыла, што ёсць новыя людзі, у якіх ёсць жаданне, ёсць імпэт нешта ствараць. Гэта вельмі важна разумець, што мы не спыняемся, мы ідзем далей. Гэта можа быць незаўважным — наша штодзённая праца. Але важны момант: мы не здаемся, кожны з нас не здаецца як чалавек, як грамадзянін, як журналіст.

    Гэта той маленькі ўнёсак кожнага дзеля таго, каб мы вярнуліся ў нармальную краіну, каб яна ў нас была. Вы дапамаглі мне паверыць не толькі ў журналістыку, але і ў Беларусь, нягледзячы на тое, што мы ў выгнанні».

    Падчас навучання. Фота: БАЖ

    Выпускнікі (імёны змененыя ў мэтах бяспекі) кажуць, што не расчараваныя тым, што колькі субот давялося прачынацца а 8‑й, каб і ісці на вучобу.

    Ганна, якая ўжо працуе ў медыя, зазначае, што прайшла шмат адукацыйных курсаў, але «гэта ўрэшце тая адукацыя, якую я прымяняю на практыцы».

    Некалькі чалавек (сярод іх і трэнеры) сказалі, што разлічваюць на працяг курса па журналісцкіх расследаваннях, бо «гэта сапраўды было вельмі карысна, вельмі цікава, вельмі шмат інфармацыі ад цудоўных выкладчыкаў».

    «Безумоўна, праблем шмат, будучыня майго медыя, напрыклад, вельмі няпэўная — фінансы, як заўжды. Але тое, што я працую інакш, чым год таму, гэта адназначна. Заўважаю не сама, заўважаюць і калегі, і рэдактар. Менш інтуітыўнасці, больш прафесійнага падыходу да стварэння матэрыялаў, хіба так пазначу», — сказала Вольга.

    Пошук «свежай крыві» і новыя ідэі

    Для сучасных незалежных выданняў прыход маладых кадраў з’яўляецца жыццёва неабходным працэсам, кажа БАЖ дырэктарка «Нашай Нівы» і выкладчыца «Журфака па суботах» Наста Роўда.

    «З пункту гледжання «Нашай Нівы», то, канешне, мы заўжды ў пошуку «свежай крыві». Бо маладое пакаленне прыносіць новыя ідэі. Толькі яны ведаюць, што цікава іх генерацыі. А гэта дазваляе выданню заставацца блізкім маладым людзям.

    На маю думку, любая здаровая арганізацыя — гэта тая, у якой прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх пакаленняў. І, канешне, рэгулярна павінна адбывацца ратацыя. Я сама калісьці прыйшла ў «Нашу Ніву» акурат у межах вось такой змены пакаленняў, спачатку як журналіст, потым як рэдактар, пасля ўжо як менеджар», — сказала Наста Роўда.

    Да чаго трэба быць гатовымі

    Дырэктарку «Нашай Нівы» засмучае, што «не заўжды маладыя людзі гатовыя да высокай нагрузкі».

    «Старыя правілы застаюцца актуальнымі. Так, спярша будзе складана і трэба быць да гэтага гатовым. Напачатку будуць меншыя заробкі, большыя нагрузкі, таму што чалавек яшчэ не падрыхтаваны, яму больш высілкаў каштуе выкананне задач, якія ў дасведчанага журналіста вымагаюць вельмі мала часу. І да гэтага трэба быць гатовым. Больш за тое, табе трэба слухаць старэйшая пакаленне, старэйшых рэдактараў, пераймаць досвед», — мяркуе яна.

    Наста Роўда

    Наста Роўда. 2026 год. Фота: БАЖ

    «Раю браць ад усіх як мага больш на старце. Гэта здаровая пазіцыя, калі чалавек прыходзіць без зоркі ў ілбе і гатовы пераймаць досвед старэйшых журналістаў і рэдактараў. Так і павінна быць.

    Я сама калісьці так прыйшла і брала, і працягваю браць максімум ад усіх моцных рэдактараў, з якімі мне даводзіцца перасякацца. Рэдактары трэба ўсім. Я таксама працую і з іншымі рэдактарамі, калі гэта асобныя творчыя праекты. Гэта норма», — кажа Наста Роўда.

    «Не трэба ўяўляць, што адвучыўся на курсах БАЖ і ўжо ўсё на гэтым, ведаў дастаткова для кар’еры. Не, гэта не апошняя планка, гэта толькі пачатак. Ды апошніх планак і не бывае ў нашай прафесіі. Няма тут межаў для самаўдасканалення. А найлепш і найбольш эфектыўна самаўдасканальвацца праз прымянення тых навыкаў і ведаў, якія мы атрымлівалі ўсе тут у межах журфака», — мяркуе медыяменеджарка.

    Настойлівасць, адсутнасць страху і жаданне спрабаваць новае

    «Што яшчэ я б парэкамендавала маладым людзям? Вельмі часта бачу, што не хапае настойлівасці, жадання і адсутнасці страху спрабаваць. Апошнія кадры, якія прыйшлі ў «Нашу Ніву», гэта былі акурат вельмі настойлівыя людзі, якія браліся за ўсё на свеце. То-бок: «Я хачу пісаць, вось вам мае тэмы, вось мае ідэі».

    Людзі мусяць грукацца самі, а не чакаць, пакуль прыйдзе рэдактар, прынесе на паперцы пяць тэм, патлумачыць заданне і адправіць яго выконваць. Не. Калі працэс адваротны, калі чалавек, журналіст, рэпарцёр прыходзіць, і бачна, што ў яго ёсць энергія, імпэт, жаданне працаваць, ёсць нейкія ідэі, гэта, канешне, адразу пяць плюсаў канкрэтна гэтаму кандыдату. І да гэтага трэба імкнуцца», — лічыць Наста Роўда.

    Яна заўважае, што нават пасля першай адмовы ў медыя варта прапанаваць «адзін тэкст, даслаць нейкі матэрыял, не баяцца таго, што прыйдзецца пачаць там з пазаштатнага аўтара».

    «Добра, хай яны паглядзяць, хай пабачаць мае скілы, навыкі, пабачаць тое, што я магу. Тады і будуць прымаць рашэнне, браць ці не браць. Нават калі няма абвешчанай адкрытай вакансіі, ніякі менеджар не будзе выкідаць кадр, у якога ёсць вось гэтая энергія, жаданне і перспектыва.

    Таму што заўжды глядзяць на перспектыву — што з гэтага чалавека можа атрымацца? У гэтым сэнсе ва ўсіх маладых людзей ёсць перавага, якой няма ўжо ў дасведчаных кадраў. Таму што калі менеджар бярэ на працу маладога чалавека, то ён глядзіць на яго як на пластылін. Ён бачыць таго, з кім можна працаваць, каго можна падвучыць, падцягнуць пад свае стандарты.

    У каго няма сваіх вось гэтых рамак, хто не ўяўляе сябе як бы вось такім складзеным, ужо гатовым кадрам: альбо ты мяне бяры, альбо не, я падстройвацца пад вас не буду. Таму трэба таксама гэта трымаць у галаве, што вы можаце быць таксама вельмі цікавымі патэнцыйна рэдакцыі», — кажа Наста Роўда.

    Не баяцца рабіць больш

    На думку дырэктаркі «Нашай Нівы», калі ёсць жаданне расці па кар’ернай лесвіцы, то трэба ўвесь час думаць, што вы яшчэ можаце прапанаваць рэдакцыі.

    «Не баяцца рабіць больш за вашыя прапісаныя абавязкі. Калі вы рэпарцёр, то гэта не значыць, што вы не можаце прыйсці да рэдактара з нейкай ідэяй спецпраекта, новага YouTube-шоу, чаго заўгодна. То-бок насамрэч людзі, у якіх ёсць ідэі, ёсць новыя візіі, заўжды больш перспектыўныя і запатрабаваныя.

    Больш за тое, я б сказала, што нельга адмаўляцца, калі вам штосьці новае прапануюць. Спрабуйце, нават калі страшна, нават калі гэта выхад за зону камфорту, рабіць тое, што вы яшчэ ніколі не рабілі. Тут варта заўжды пагаджацца, ніколі не адмаўляйцеся, таму што вам могуць больш ніколі не прапанаваць гэтага. Трэба браць усе тыя магчымасці, якія падсоўвае жыццё, не баяцца спрабаваць новае і рабіць максімум.

    Падчас навучання. Фота: БАЖ

    Калі вы хочаце расці па кар’ернай лесвіцы, то трэба заўжды рабіць больш, чым ад вас чакаюць, больш, чым ад вас патрабуюць.

    Увогуле любы кіраўнік, менеджар, кіраўнічае менеджарскае звяно — гэта тыя людзі, якія робяць больш, чым ад іх просяць. То-бок гэта людзі, якія самі праяўляюць ініцыятыву, якія бяруць адказнасць. Калі ёсць такое ўнутранае жаданне і патэнцыял расці, то вось менавіта гэтага чакаюць кіраўнікі ад тых людзей, якія прыходзяць у каманды.

    Галоўнае, не баяцца, праяўляць актыўнасць, энергію і прабівацца самому ва ўсе тыя дзверы, якія нават на гэты момант могуць быць зачыненыя», — упэўненая Наста Роўда.

    Асвойваць тэхналогіі

    Варта разумець, што журналістыка хутка змяняецца.

    «Цяпер вось мы бачым вар’яцкую папулярнасць кароткага відэакантэнту. І ў гэтым сэнсе маладым людзям я б вельмі моцна рэкамендавала асвойваць усе тэхналогіі, што датычна стварэння кароткіх ролікаў, глядзець на алгарытмы Tik­Tok, Insta­gram, ісці ў Threads і глядзець, з чым туды можна зайсці вашаму медыя», — падкрэслівае Наста Роўда.

    На яе думку, ва ўсіх пачаткоўцаў тут вялікая перавага, бо «тыя журналісты, якія прыйшлі ў прафесію 10–15 гадоў таму, хутчэй за ўсё, ужо склаліся як рэпарцёры ці YouTube-журналісты, яны не хочуць і часта не ведаюць, як зайсці на новыя пляцоўкі».

    «Хутчэй за ўсё, гледзячы на тое, як развіваюцца платформы, можна сказаць, што ў бліжэйшы час менавіта там будуць працоўныя месцы, там будзе рост і адпаведна там будуць расці заробкі. Бо калі гэтыя платформы прыносяць рэдакцыям мільёны праглядаў, то, зразумела, туды будуць накіроўвацца фінансавыя рэсурсы у тым ліку», — зазначыла Наста Роўда.

    Беларуская журналістыка ў этапе трансфармацыі

    З аднаго боку, існуе востры кадравы голад і фінансавыя цяжкасці, выкліканыя зменамі ў глабальнай падтрымцы медыя.

    З іншага боку, назіраецца высокі попыт на «свежую кроў» — маладых спецыялістаў, напрыклад, здольных працаваць з новымі фарматамі відэакантэнту.

    Ключавым фактарам поспеху, як лічаць эксперты, з’яўляецца не столькі фармальная адукацыя, колькі ўнутраная матывацыя, ініцыятыўнасць і адаптыўнасць.

    У Вільні адбыўся другі выпуск «Журфака па суботах»

    Другі выпуск «Журфака па суботах». 13 снежня 2025 года. Фота: Рыгор Сапежынскі для БАЖ

    «Журфак па суботах»

    Праграма створаная паводле стандартаў заходняй журналістыкі, але адаптаваная пад беларускія рэаліі. Курс арыентаваны на атрыманне практычных навыкаў. Яго галоўная мэта — інтэграванасць студэнтаў з рэдакцыямі беларускіх медыяў.

    «Журфак па суботах» — гэта сумесны праект Кааліцыі за Устойлівы Беларускі Інавацыйны Кантэнт (КУБІК/COCOFAB), які рэалізуецца кансорцыумам Free Press for East­ern Europe, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Press Club Belarus пры суфінансаванні з боку Еўрапейскай Камісіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.