Слова як зброя: Журналістыка ва ўмовах пераследу і «рэжыму цішыні»
Становішча свабоды слова ў Беларусі сёння характарызуецца не проста статыстычным знаходжаннем на «дне» сусветных рэйтынгаў, а небяспечнай адаптацыяй рэпрэсіўнай сістэмы да вонкавага ціску. У той час як кропкавыя вызваленні журналістаў ствараюць для міжнароднай супольнасці ілюзію «нармалізацыі», унутраная машына пераследу трансфармуецца ў рэжым татальнай інфармацыйнай ізаляцыі.

Імпрэза з нагоды Дня свабоды прэсы, 4 траўня 2026 года. Фота: БАЖ
Індэкс свабоды: паміж дэмакратыяй і «дном»
Штогод 3 траўня свет адзначае Дзень свабоды прэсы. Для беларускіх журналістаў, якія чацвёрты год запар сабраліся ў Вільні разам з літоўскімі калегамі, гэтая дата напоўнена асаблівымі сэнсамі.
«Мы сабраліся тут з нагоды Дня свабоды прэсы, які адзначаецца 3 траўня. На жаль, у Беларусі гэтай свабоды вельмі мала. У Літве, канешне, яе несувымерна больш, нам ёсць да чаго ісці, гледзячы на сваіх суседзяў, якім крыху больш, чым нам, пашанцавала, з уладай, — сказала на адкрыцці святочнай імпрэзы ўвечары 4 траўня журналістка, дырэктарка «Нашай Нівы» Наста Роўда.
— Нагадаю, «Рэпарцёры без межаў» днямі апублікавалі новы Індэкс свабоды прэсы. І аказалася, што Беларусь на 16 месцы, а Літва — на 15‑м. Але праблема ў тым, што Беларусь на 16‑м з канца, а Літва на 15‑м як такім».

Журналістка, дырэктарка «Нашай Нівы» Наста Роўда, 4 траўня 2026 года. Фота: БАЖ
Паводле апошняга Індэксу свабоды прэсы «Рэпарцёраў без межаў», сітуацыя ў свеце пагаршаецца ў цэлым. Аднак бездань паміж суседзямі — Літвой і Беларуссю — застаецца жахлівай. Літва займае 15‑е месца ў рэйтынгу, уваходзячы ў групу краін з вельмі высокім узроўнем свабоды.
Беларусь жа фармальна паднялася на адну пазіцыю — са 166-га на 165‑е месца. Але, як адзначае старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, гэта адбылося не праз паляпшэнні ў краіне, а з‑за таго, што ў іншых кутках свету сітуацыя стала яшчэ горшай.
«І калі мы гаворым, што Беларусь паднялася на адно месца, мы разумеем, што мы проста, у прынцыпе, дасягнулі пэўнага дна. Мы аказваемся ў вядомай кампаніі: Азербайджан, Расія, Туркменістан. На апошнім месцы, ужо традыцыйна, Эрытрэя.
Прыгадваю, як у Берліне пазнаёміўся з калегамі з гэтай краіны. Уявіце, мы дэманструем партрэты нашых зняволеных калег, а для такой акцыі журналісты з Эрытрэі нават не могуць знайсці фота — няма гэтых партрэтаў, бо ўжо 20 гадоў людзі знаходзяцца за кратамі, ніхто пра іх ужо не памятае, ніхто пра іх ужо не ведае. Сітуацыя са свабодай слова ў Эрытрэі проста ў жахлівым стане».
Ілюзія паляпшэння і «чырвонае кола» рэпрэсій
Андрэй Бастунец заўважае, што сёння назіраецца небяспечная тэндэнцыя: замежным калегам можа падацца, што сітуацыя ў Беларусі стабілізуецца, бо некаторых журналістаў выпускаюць на волю:
«Што да нашай сітуацыі, то можна вылучыць два асноўных вектары. Цягам мінулага году каля 20 чалавек былі вызваленыя. І гэта вельмі важна. Але мусім памятаць, што да гэтага часу 22 журналісты і супрацоўнікі медыя знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.
Мне давялося ўжо чуць ад нашых замежных калег пра тое, што «ў вас жа ўсё нармальна, ужо вызваляюць журналістаў, усё ж добра». І ў той жа час — у лютым–сакавіку — трое нашых калег атрымалі жахлівыя тэрміны. І, на жаль, ёсць інфармацыя, што будуць іншыя судовыя працэсы.
То-бок, з аднаго боку, нашых калег прадаюць, скажам так, з другога боку, гэта машына, гэта чырвонае кола працягвае працаваць і намотваць чалавечыя жыцці на на сябе.
Канешне ж, з гэтым трэба нешта рабіць. І ў той жа час зразумела, што, на жаль, у нас не так шмат магчымасцяў нешта з гэтым рабіць. Акрамя таго, як казаць пра гэта».
«Ваша праца сёння — гэта барацьба за свабоду і чалавечую годнасць»
Сябра праўлення Літоўскага саюза журналістаў Бернардас Шаткоўскіс, кажа, што 3 траўня — гэта не проста сімвалічная дата, гэта напамін пра тое, што свабодная прэса з’яўляецца адной з найважнейшых апораў дэмакратыі і дзяржавы.

Сябра праўлення Літоўскага саюза журналістаў Бернардас Шаткоўскіс. Вільня, 4 траўня 2026 года. Фота: БАЖ
«Яна забяспечвае права грамадства ведаць праўду, спрыяе празрыстасці, дазваляе выкрываць злоўжыванні і дае голас тым, хто інакш застаўся б непачутым.
Для Беларусі гэты дзень мае асаблівую і цяжкую вагу. Ён нагадвае не толькі пра ідэалы, да якіх мы імкнемся, але і пра рэальнасць, у якой за распаўсюд праўды даводзіцца плаціць свабодай, бяспекай або нават жыццём. Таму ваша праца сёння гэта не проста прафесія. Гэта барацьба за свабоду і чалавечую годнасць. Вы застаецеся голасам тых, каго спрабуюць не пачуць. Гэта патрабуе незвычайнай сілы.
І мы гэта бачым і высока цэнім, — агучыў Бернардас Шаткоўскіс віншаванне ад Літоўскага саюзу журналістаў. — Мы рады, што Літва — дэмакратычная дзяржава, у якой публічныя дыскусіі, нават вострыя або катэгарычныя, з’яўляюцца натуральнай і неабходнай часткай дэмакратычнага працэсу.
Сённяшнія дыскусіі пра нацыянальнага вяшчальніка LRТ, нягледзячы на іх тон, праходзяць у адкрытай прасторы і сведчаць пра жывую і дзейсную дэмакратыю, дзе розныя меркаванні могуць выказвацца свабодна. Мы верым, што час дыскусій прыдзе і для вас у вашай краіне».
Вызваліць іх усіх! У Вільні прайшла акцыя салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі
У той жа час, як заўважыў Дайнюс Радзявічус (Dainius Radzevičius), літоўскі журналіст, медыяэксперт, экс-старшыня ЛСЖ (Lietuvos žurnalistų sąjunga), а цяпер інспектар па медыяэтыцылітоўскі калега, Індэкс свабоды прэсы наўпрост аніяк не звязаны з якасцю дэмакратыі і якасцю медыяў.

Літоўскі журналіст, інспектар па медыяэтыцы Дайнюс Радзявічус, 4 траўня 2026 года. Фота: БАЖ
«Нельга на свабоду медыя глядзець як на праблему, якую можна вырашыць без пытанняў дэмакратыі, без эканомікі, без палітыкі, геапалітыкі і г.д. Таму што медыя і свабода медыя — гэта вельмі невялікая частка, калі шчыра, вельмі важная, але вельмі невялікая частка грамадскага і палітычнага ўладкавання, — сказаў Дайнюс Радзявічус. — Сусветны рэйтынг паказвае пагаршэнне.
Гэта не толькі пра вашу краіну, не толькі пра нашу, гэта пра ўсе краіны. У тым ліку і таму, што Homo sapiens застаўся ў мінулым стагоддзі, зараз хіба прыходзіць Homo TikTok ці нешта такое. Напрыклад, не думаю, што нехта ў Літве разумее, што адбываецца з LRТ, наўрад ці шмат людзей чыталі законы, якімі рэгулюецца дзейнасць вяшчальніка, ды і іншыя».
Пастка «рэжыму цішыні»
Адна з самых вялікіх пагроз сёння — спроба ўладаў перавесці палітычны пераслед у рэжым поўнай цішыні. Чарговыя суды над прадстаўнікамі медыя ў Беларусі, па звестках БАЖ, хутчэй за ўсё, будуць прыхаваныя ад розгаласу.

Імпрэза з нагоды Дня свабоды прэсы, 4 траўня 2026 года. Фота: БАЖ
«Гэта зразумела, што людзі баяцца таго, што агалошванне інфармацыі пра іх сваякоў, якія трапляюць за краты, можа ім там прынесці пэўныя праблемы. Але я згодны з той ацэнкай, якую даў Алесь Бяляцкі, калі сказаў, што ў кароткатэрміновай перспектыве агалошванне насамрэч можа стварыць праблемы вязню. Але калі гэтага не будзе ўвогуле (а ўлада імкнецца да таго, каб гэтага не было ўвогуле), то людзі могуць проста знікнуць, ніхто не будзе ведаць, што з імі адбываецца.
І гэта ўжо ў сярэднетэрміновай перспектыве стане вялікай праблемай, а ў доўгатэрміновай бачны шлях да той жа Эрытрэі, калі людзі проста не ведаюць, што адбываецца 20 год з іх журналістамі і актывістамі», — кажа Андрэй Бастунец у каментары БАЖ.
Па вялікім рахунку ўлады амаль дамагліся таго, чаго жадалі — перавядзення палітычнага пераследу ў рэжым цішыні: «Запужалі сваякоў, запужалі тых, хто за кратамі, Такі рэжым дазваляе ім спакойна рабіць тое, што ім хочацца робяць».
Збіваецца фокус
«Нават адна з нашых партнёрскіх арганізацый збіралася выпусціць даклад, у якім напісана, што ў нас сітуацыя паляпшаецца, што выпускаюць журналістаў з турмаў і г.д.
Мне прыйшлося ім пісаць, каб яны скарэктавалі гэты допіс, — кажа Андрэй Бастунец. — Выпускаюць тых людзей, імёны якіх ва ўсіх на слыху і за якіх усе перажываюць, але шмат невядомых свету людзей застаецца за кратамі. І першыя, і другія ніводнага дня не мусілі б сядзець за кратамі, бо журналістыка — не злачынства, гэта была іх праца, якую яны сумленна выконвалі».

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, 4 траўня 2026 года. Фота: БАЖ
Адзіны механізм — слова
Паводле старшыні БАЖ, у нас ёсць толькі адна зброя — слова:
«Няма іншай, мы прынцыпова застаемся ўзброеныя толькі словам. Мы можам звяртацца за дапамогай з інфармаваннем у першую чаргу да ўрадаў еўрапейскіх дзяржаў, дэмакратычных дзяржаў, да міжнародных арганізацый, да тых беларусаў, якія яшчэ застаюцца ў краіне і могуць там штосьці рабіць. У нас гэта, на жаль, адзіны механізм. Мусім прызнаць, на жаль, тое, што ў гэты час войнаў і канфліктаў слова не выглядае важкай зброяй. Так ёсць сёння».
@bajmedia