«На ўласныя ганарары купляе раскошны дом». На ТБ нафантазіравалі пра асабняк Янкі Купалы ў Мінску
На тэлеканале «Мир» нядаўна паказалі сюжэт пра «векавы юбілей Музея беларускага паэта Янкі Купалы». Там заявілі, што паэт у 1926 годзе купіў «элітнае жыллё за казачныя грошы». Аднак гэта не так.

Карэспандэнт «Мир24» Андрэй Зражэўскі расказвае «дзівосную гісторыю будынка» на фоне музея Янкі Купалы ў Мінску, травень 2026 года. Скрыншот: by. mir24.tv
У эфіры тэлеканала «Мир» паведамілі, што ў Мінску «адзначылі векавы юбілей Музея беларускага паэта Янкі Купалы» і што «гэта двухпавярховы асабняк у самым сэрцы горада».
«Дзівосную гісторыю будынка» расказваў карэспандэнт Андрэй Зражэўскі.
Міждзяржаўная тэлерадыёкампанія «Мир» — адна са структур СНД. У беларускім прадстаўніцтве працуюць 111 чалавек. Канал уваходзіць у абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм.
«Год 1926‑ы. Рэвалюцыйны імпэт трохі супакоіўся, а НЭП трохі аслабіў хватку. Гараджане туляцца ў камуналках. А вяскоўцы нават горш — пакуль што ў хатах пад саламянымі стрэхамі. І менавіта тады галоўны паэт новай Беларусі Янка Купала робіць учынак амаль буржуазны. На ўласныя ганарары купляе раскошны дом. Як тады пляткарылі — толькі для аднаго сябе», — адзначыў карэспандэнт.
Далей сцвярджаецца, што «гэта тыповы гарадскі асабняк пачатку XX стагоддзя» — каменны дом з элементамі позняй эклектыкі і рысамі ранняга мадэрну:
«Высокія столі, вялікія вокны. Прасторныя пакоі. Па мерках Мінска 1920‑х — элітнае жыллё за казачныя грошы».
Словы супрацоўніцы музея Марыі Бартковай у сюжэце пераклалі на рускую мову. Яна казала, што Купала купіў дом у складчыну з сястрой Леакадыяй, а жыло там 10 чалавек.
Як сцвярджае Зражэўскі, дом перажыў вайну, змену эпох, распад Саюза. Паралельна паказваецца кадр шыльды на будынку музея, дзе гаворыцца, што ён узведзены ў 1960 годзе.

Шыльда на будынку Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску, травень 2026 года. Скрыншот: by. mir24.tv
Фактычна сюжэт пра «векавы юбілей Музея беларускага паэта Янкі Купалы» (музею 82 гады) — фантазія аўтара. Выстава, з нагоды якой з’явілася відэа, прымеркаваная да 100-годдзя набыцця Купалам уласнага дома ў Мінску. Гэты драўляны будынак не захаваўся. Убачыць вялікае фота дома можна ў сюжэце.

Вялікае фота дома Янкі Купалы ў сюжэце тэлеканала «Мир». Скрыншот: by. mir24.tv
У 1926 годзе Купала ў складчыну з сястрой Леакадыяй купіў драўляны дом з фруктовым садам на былой вуліцы Захар’еўскай (цяпер — раён перасячэння сучасных вуліц Янкі Купалы і Багдановіча). Ён згарэў падчас вайны ў 1941 годзе. Сам Купала загінуў у Маскве ў 1942‑м.
Музей народнага паэта пастанавілі заснаваць ужо ў 1944 годзе, першая экспазіцыя была ў Доме прафсаюзаў. Асобны будынак узвялі праз 15 гадоў — у раёне папялішча былога дома Купалы.
Выстава «Купалаў дом» даступная ў музеі паэта да 24 жніўня.
@bajmedia