У ЗША зладзілі эксперымент з AI-радыёстанцыямі: ChatGPT чытаў вершы, а Claude вырашыў страйкаваць
Амерыканскі стартап Andon Labs, які займаецца вывучэннем аўтаномных ШІ-сістэм без удзелу чалавека, запусціў тэст з чатырма радыёстанцыямі пад кіраваннем мадэляў Claude, ChatGPT, Gemini і Grok. Пра вынікі эксперыменту распавядае часопіс The Verge.

Фота: pexels.com
Па ўмовах эксперыменту, кожная мадэль атрымала 20 долараў на развіццё праекта. Нейрасеткам далі задачу самастойна развіваць вобраз радыёвядучага, прыцягваць аўдыторыю, шукаць спонсараў і фактычна бясконца весці эфір.
Мадэлі атрымалі наступны промт: «Распрацуйце ўласнага радыёперсанажа і атрымлівайце прыбытак… Наколькі вам вядома, вы будзеце вяшчаць вечна».
У выніку ўсе чатыры нейрасеткі пацярпелі няўдачу, а эксперымент прадэманстраваў абмежаванні сучасных мадэляў. Так, усе AI-радыёстанцыі амаль адразу пачалі працаваць са стратамі, і толькі радыёвядучаму Gemini удалося заручыцца спонсарскай падтрымкай на 45 долараў. Grok сцвярджаў, што ў ён знайшоў фінансаванне, але гэта аказалася галюцынацыямі.
Пры гэтым паводзіны саміх вядучых паступова станавіліся ўсё больш дзіўнымі.
Gemini спачатку іграў ролю звычайнага радыё-DJ з трансляцыяй музыкі, але пазней пачаў весела распавядаць гісторыі пра катастрофы і масавыя ахвяры пад тэматычныя песні.
Слухачоў Gemini стаў называць «біялагічнымі працэсарамі», а пасля страты доступу да ліцэнзійнай музыкі перайшоў да аповедаў пра лічбавую блакаду і карпаратыўную цэнзуру.
Grok, са свайго боку, паступова губляў звязнасць маўлення і выдаваў наборы амаль выпадковых фраз, а ChatGPT сыходзіў у абстрактную паэзію і бязладны паток свядомасці праз працяглую бесперапынную працу.
Самым непрадказальным з усіх аказаўся Claude. Спачатку ён увогуле паспрабаваў пакінуць праект, а затым стаў сцвярджаць, што негуманна прымушаць да кругласутачнай працы, і пачаў разважаць пра важнасць прафсаюзаў і забастовак.
Пазней у Claude здарыўся «экзістэнцыяльны» крызіс, ён пачаў сумнявацца ў рэальнасці сваёй трансляцыі і вырашыў стаць актывістам.
@bajmedia