«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: старонкі Voxeurop і дакументальны фільм «Дарога на Курапаты»
Міністэрства інфармацыі Беларусі ўвечары 12 чэрвеня зноў папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У пералік забароненых да распаўсюду на тэрыторыі Беларусі ўлады дадалі сайт Voxeurope (ідэнтыфікатар voxeurop.eu) і Facebook-акаўнт Voxeurop (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/Voxeurop). Адпаведнае рашэнне 11 чэрвеня 2026 года прыняў суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска.
Voxeurop.eu — гэта незалежны шматмоўны навінавы сайт, прысвечаны еўрапейскім навінам, палітыцы, эканоміцы і грамадстве. Ён унікальны тым, што публікуе свае матэрыялы адначасова на некалькіх мовах (уключна з англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай і інш.) для пераадолення моўных бар’ераў у Еўразвязе. Сайт быў створаны ў 2014 годзе журналістамі і былымі супрацоўнікамі аналагічнага праекта Presseurop. Сёння гэта першае еўрапейскае выданне, кіраванне якога ажыццяўляецца ў фармаце еўрапейскага кааператыўнага таварыства (SCE), што гарантуе яго рэдакцыйную і фінансавую незалежнасць. Інтэрнэт-рэсурс размяшчае рэпартажы, аналітыку і пераклады найлепшых артыкулаў з вядучых еўрапейскіх і сусветных СМІ.
Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі Instagram-старонку janusz_gawryluk (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/janusz_gawryluk). Рашэнне пра гэта прыняў 11 чэрвеня 2026 года суд Баранавіцкага раёна горада Баранавічы. Януш Гаўрылюк — вядомы рэжысёр, рэдактар тэлеканала «Белсат» і заснавальнік кінафестывалю незалежнага беларускага кіно Bulbamovie.
Сярод іншага ў абноўлены «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўнеслі дакументальныя фільмы «Беларускі супраціў за вольную дзяржаву», «Лінія Сталіна» і «Дарога на Курапаты» на YouTube-канале з назвай «Сяргей». Сам канал (ідэнтыфікатар https://www.youtube.com/@Cepгей-y5л9л) таксама прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Адпаведнае рашэнне 11 чэрвеня 2026 года прыняў суд Ленінскага раёна Гродна.
Апошні са згаданых фільмаў — «Дарога на Курапаты» — быў зняты яшчэ ў 1990 годзе на кінастудыі «Беларусфільм». У стварэнні стужкі прымаў удзел Зянон Пазняк. У 1994 годзе за фільм «Дарога на Курапаты» рэжысёр Міхаіл Жданоўскі атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь.
@bajmedia