• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Крытык vs Блогер: Хто фармуе культурны парадак дня сучаснай Беларусі?

    Пра папулярнасць блогераў, якія для часткі чытачоў і гледачоў сталі больш прывабнымі, чым журналісты, гаворка ідзе ўжо досыць даўно. Зараз жа даследчыкі загаварылі пра новы паварот ва ўзаемадзеянні інфлюенсераў і аўдыторыі: з’явілася асцярога, што блогеры паступова выцясняюць з медыяпрасторы крытыкаў. Ці гэта так? БАЖ запытаў экспертаў.

    Ілюстрацыя створана БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    Блогеры супраць крытыкаў: чыя возьме

    Пра ўзмацненне ролі блогераў у асвятленні сучаснага беларускага тэатра гаварыла падчас міждысціплінарнай навуковай канферэнцыі «Культура ў палоне мінулага», што ладзіў Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, тэатральны крытык Настасся Панкратава.

    Выступоўца нагадала, што пасля падзей 2020-га года многія вядучыя тэатразнаўцы і тэатральныя крытыкі былі вымушаныя сысці з прафесіі. Як яна распавяла ў сваёй кнізе «(Не) выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025. Выбраныя старонкі», частка з гэтых экспертаў з’ехала з Беларусі, што аўтаматычна аддаляе іх ад прэм’ер і іншых тэатральных падзей, якія адбываюцца ўнутры краіны. А для тых, хто працягвае весці тэатральную хроніку ў сённяшніх дзяржаўных выданнях, існуе негалосны спіс прозвішчаў, фестываляў і нават цэлых інстытуцый, якія нельга ўзгадваць.

    — У выніку крытычны складнік тэатральнай журналістыкі паступова саступаў месца больш нейтральным або інфармацыйным фарматам асвятлення культурных падзей, — падкрэслівае прамоўца. — Такое маштабнае перафарматаванне беларускага прафесійнага поля не магло прайсці бясследна: у выніку ключавыя пазіцыі ў асвятленні сучаснага тэатра пачалі займаць блогеры.

    За прыкладам хадзіць далёка не трэба: нават такі буйны дзяржаўны тэатральны фестываль як «Белая Вежа» пачаў афіцыйна запрашаць да асвятлення форуму «журналістаў і блогераў». Тэатральных крытыкаў што ў леташняй абвестцы, што ў сёлятняй няма.

    Настасся Панкратава. Фота: Дзяніс Марціновіч

    Змена мадэляў узаемадзеяння

    Экспертка прапануе разглядаць прычыны гэтага працэсу у кантэксце змены мадэляў узаемадзеяння тэатральных інстытуцый з аўдыторыяй. Ад пачатку 2020‑х гадоў айчынныя тэатры актыўна засвойваюць лічбавыя каналы камунікацыі, вывучаюць логіку канвергентных медыя, ствараючы з іх дапамогай прастору для наўпроставых стасункаў са сваімі гледачамі.

    — Яшчэ гадоў шэсць таму сацыяльныя сеткі ў тэатраў часцяком з’яўляліся з ініцыятывы пэўных супрацоўнікаў. Таму нярэдкай была гісторыя, калі пасля звальнення такога энтузіяста ўстанова губляла і свае акаўнты. І ўсё ж паступова тэатры зразумелі, што сацсеткі становяцца самым простым спосабам і найбольш хуткім каналам камунікацыі з патэнцыйнымі гледачамі. Таму зараз маст хэвам стала прафесійнае вядзенне афіцыйных каналаў адразу на некалькіх самых папулярных пляцоўках, у тым ліку ў Insta­gram, Tik­Tok, Threads. Напрыклад, сталічны Тэатр лялек у Insta­gram мае больш за 31 тысячу падпісчыкаў — гэта амаль удвая больш, чым у акаўнта самай папулярнай на сёння тэатральнай блогеркі Ірыны Драмер (Валошчык).

    Настасся Панкратава згадала, як яшчэ ў 2020 годзе той жа Драматычны тэатр беларускай арміі нават не меў свайго сайта. З прыходам новага мастацкага кіраўніка Арцёма Пінчука калектыў стаў актыўна выбудоўваць свае канвергентныя медыя. Сацсеткі, што вядуцца нязмушана, з гумарам, па якіх бачна, што тамтэйшыя эсэмэмшчыкі сочаць за трэндамі, выкарыстоўваюцца ў тым ліку і для рэбрэндынгу самога тэатра.

    — Мяркую, там больш не паўтараецца гісторыя, як было са мной у сярэдзіне 2010‑х гадоў, калі адміністратары Тэатра арміі, даведаўшыся, што я — тэатральны крытык, адгаворвалі глядзець спектаклі іх калектыву, — усміхаецца Настасся.

    «Новай хвалі бракуе экспертнасці»

    Зразумела, што прысутнасць тэатральнай тэматыкі ў сацыяльных сетках не з’яўляецца выключна феноменам 2020‑х гадоў. Яшчэ ў папярэдняе дзесяцігоддзе існавалі аўтарскія каналы і блогі, прысвечаныя беларускаму тэатру.

    — Іх прынцыповая асаблівасць у тым, што большасць такіх пляцовак падтрымлівалі прафесійныя крытыкі і журналісты, для якіх сацыяльныя сеткі выступалі дадатковым каналам распаўсюду экспертнага кантэнту, — тлумачыць спадарыня Настасся — Тут можна ўспомніць Martsi­novich The­atre тэатральнага крытыка Дзяніса Марціновіча, Dance writ­ing & research даследавальніцы сучаснага танца Святланы Уланоўскай ці шматлікія сацсеткі заўчасна сышоўшага ад нас тэатразнаўцы Аляксея Стрэльнікава.

    Настасся Панкратава

    Настасся Панкратава падчас выступу на канферэнцыі «Культура ў палоне мінулага». 13 чэрвеня 2026 года. Фота: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча

    Адпаведна, гэтыя рэсурсы былі цесна звязаныя з традыцыйнай сістэмай культурнай журналістыкі і захоўвалі высокі ўзровень прафесійнай экспертызы.

    — Сярод жа новай хвалі тэатральных блогераў бадай толькі толькі вядоўцы падкаста «Контровые» маюць адпаведную адукацыю: Мікалай Касцюкоў і Ксенія Зарэцкая скончылі факультэт журналістыкі БДУ. У большасці выпадкаў гаворка ідзе пра аўтараў, чыя дзейнасць не звязаная непасрэдна з тэатразнаўствам або культурнай журналістыкай, — дадае выступоўца. — Менавіта гэтая акалічнасць вызначае спецыфіку іх кантэнту — каналам часта бракуе экспертнасці.

    Яны арыентаваныя не столькі на экспертны аналіз, колькі на пашырэнне аўдыторыі, эмацыйную ўключанасць, персаналізацыю выказвання, аператыўнасць распаўсюду інфармацыі і стварэнне новых механізмаў папулярызацыі тэатральнага мастацтва.

    Не толькі рылсы

    Дзякуючы актыўнаму выкарыстанню візуальнага кантэнту, што само па сабе больш прывабна для сучаснай аўдыторыі, і аператыўнасці блогеры сталі важным элементам сённяшняй сістэмы папулярызацыі тэатральнага мастацтва. Паказальна, што самі тэатры ўсё больш актыўна ўключаюць кантэнт блогераў у свае сацсеткі.

    — Інфлюенсеры сталі для нашых тэатраў важным механізмам пашырэння патэнцыйнай аўдыторыі. Гэта добра бачна па вось яшчэ якой акалічнасці: памятаеце, як перад узняццем заслоны заўсёды па гучнай сувязі папярэджвалі, што фота- і відэаздымкі падчас спектаклю забароненыя? Блогерам зараз у многіх тэатрах здымаць відэа дазволілі, — зазначае тэатральны крытык.

    Як бачым, частка функцый прафесійнага тэатразнаўства і журналістыкі пераходзіць да новых суб’ектаў лічбавай камунікацыі. Выступоўца звярнула ўвагу на тое, што блогеры актыўна засвойваюць сумежныя нішы:

    — Прынамсі, Ганна Жытко акрамя асабістага блога ладзіць тэатральную гасцёўню, куды запрашаюць тэатральных дзеячаў з розных сталічных тэатраў. Хтосьці стварае «ветку» для водгукаў на спектаклі ці збірае тэматычныя тэатральныя гайды, іншы заклікае ў тэатральны клуб для сумеснага прагляду, а пасля і абмеркавання пастановак.

    Акцёр сталічнага Тэатра лялек Цімур Муратаў у тэатральнай гасцёўні Ганны Жытко. Скрыншот Insta­gram

    «Змяняе характар рэфлексіі над тэатрам»

    Паводле слоў Настассі Панкратавай, апошнім часам прафесійнае тэатразнаўства і культурная журналістыка ў значнай ступені страцілі здольнасць задавальняць запыт аўдыторыі. На гэтым фоне блогеры апынуліся ў больш выгаднай пазіцыі.

    На пытанне, гэта добра ці дрэнна, экспертка зазначае: час пакажа. Пакуль жа можна не толькі назіраць за развіццём падзей, але і нечаму павучыцца ў блогераў.

    — Напрыклад, іх уменню ўзаемадзейнічаць з аўдыторыяй, рабіць тэатр папулярным і запатрабаваным, каб выйсці за класічныя межы таго кола людзей, якія цікавіцца культурай. Ізноў возьмем акаўнт згаданай вышэй Ірыны Драмер, чыя колькасць падпісчыкаў набліжаецца да 19 тысяч. На ролік пра чарговую прэм’еру ў сталічным Тэтры лялек адрэагавалі карыстальнікі з Амерыкі, Бразіліі, Перу, Японіі, Калумбіі, Мексікі, Іспаніі.

    Блогерка Ірына Драмер

    Тэатральная блогерка Ірына Драмер. Скрыншот Insta­gram

    Тэатральны крытык упэўненая: у эпоху, калі культура заўсёды найменш датаваны сектар, інфлюенсеры падказваюць класічным медыям, у якім кірунку можна рухацца.

    — Чаму б не паспрабаваць да дыхтоўнага матэрыялу, які выйшаў на сайце, дадаць у сацсетках візуал, каб значна пашырыць агульныя ахопы? Гэта можа дапамагчы палепшыць захады да манетызацыі культурнага медыяпрадукту, — агучвае адзін з варыянтаў спадарыня Настасся.

    Аднак, шукаючы ў сённяшніх працэсах станоўчыя моманты, нельга забывацца на відавочнае: блогінг змяняе характар рэфлексіі над тэатрам.

    — Перанос цэнтра ўвагі з прафесійнага аналізу на эмацыйную і суб’ектыўную ацэнку спектакляў стварае шэраг рызык для развіцця нацыянальнага тэатральнага дыскурсу і можа прывесці да дэвальвацыі экспертнага падыходу і размывання крытэраў мастацкай ацэнкі, — падсумоўвае прамоўца.

    Крытыка і блогінг без супрацьпастаўлення

    Ірэна Кацяловіч, кінакрытык, журналістка і артменеджарка, намесніца прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета ў пытаннях культуры, кажа, што для яе не існуе супрацьпастаўлення кінакрытыкаў і кінаблогераў.

    — Бо «прафесійныя гледачы» таксама становяцца блогерамі і актыўна асвойваюць сучасныя фарматы хуткага спажывання, а ў класічных рэдакцыях, асабліва ў сённяшніх умовах для беларускіх медыя, культура за рэдкімі выключэннямі альбо асвятляецца ў навінавым фармаце, альбо аддаецца шматстаночнікам, бо нічога складанага ў ёй быццам бы няма, адпаведна, казаць пра якасць неабавязкова даводзіцца.

    Мне таксама падаецца, што прафесійная кінакрытыка і блогерства ў тэме кіно павінныя разглядацца ў спалучэнні, а не ў супрацьпастаўленні, бо з увагі на тое, як змяніўся свет медыя і нашае існаванне ў ім, крытыка ў класічных медыя паводле сваіх функцый можа быць закліканая аналізаваць, дакументаваць, ствараць канон, разбудоўваць кантэкст і захоўваць, а блогінг — перадусім папулярызаваць мастацтва як такое, прыцягваць увагу да яго, прамаваць культурніцкі вольны час.

    Стандарты якасці падаюць, інфлюенсерства паступова пранікае ў класічныя медыя

    Ірэна Кацяловіч у гутарцы з БАЖ заўважае, што яна асабіста «любіць прыслухоўвацца да размоў, выходзячы з кінатэатра».

    — Для мяне абмеркаванні кіно з рознай ступенню кампетэнцый маюць каштоўнасць, і мне падаецца — з усёй павагаю і любоўю да прафесійнага аналізу, што для «звычайнага» спажывальніка не менш, а, хутчэй, нават больш важным з’яўляецца той абмен уражаннямі, у якім ён удзельнічае на роўных, а не толькі слухае эксперта. Такую магчымасць яму сёння даюць асабістыя сацсеткі і менавіта акаўнты блогераў.

    Ірэна Кацяловіч. Фота з асабістага архіва

    І ў гэтым шмат падвохаў, бо «чытачу/гледачу ў сённяшніх варунках складана балансаваць — спакуслівы скролінг рылсаў здольны цалкам адцягнуць увагу ад рэцэнзій крытыкаў і лонгрыдаў у медыях кшталту The New York­er».

    Але, зазначае Ірэна Кацяловіч, гэта праблема не толькі мастацкай крытыкі, бо дэвальвацыя прафесіянальнай журналістыкі адбываецца па ўсіх франтах, стандарты якасці імкліва падаюць, а інфлюенсерства пад выглядам экспертнасці паступова пранікае ў класічныя медыя.

    — Я чакаю, што ў пэўны момант гэта дасягне крытычнай кропкі і маятнік адхіснецца ў адваротны бок, цяпер жа, калі мы кажам пра мастацкую крытыку, адказам на тэндэнцыі павінен стаць больш спрытны пошук такіх фарматаў і такіх майстраў слова, якія змогуць не толькі захаваць, але і прыцягнуць аўдыторыю.

    Не хаваю, мне цяжка ўявіць сабе поспех у гэтым кірунку ў беларускіх незалежных медыя, бо ў іх папросту няма такога прыярытэту. Кантраляваныя праз дзяржаву медыя не згадваю, таму што паўнавартаснай кінакрытыкі там сёння няма: яна апрыёры не можа адлюстроўваць кінапрацэс больш-менш поўным, бо істотная частка і беларускага, і сусветнага кіно для яго адсечаная.

    «Аўдыторыя не навучаная чакаць ад нашых медыя якаснага культурніцкага прадукту»

    Ірэна Кацяловіч лічыць, што незалежныя беларускія медыя на справе, а не ў дэкларатыўных заявах, не надаюць ці ігнаруюць значэнне культуры для нашай незалежнасці і адзінства.

    — Бачачы прагляды, нават калі ў апытанках чытач наўпроставым галасаваннем просіць культуры, медыя робяць выснову, што чытач памыліўся, а не што трэба быць больш крэатыўным ды працаваць над прамоцыяй.

    Бюджэт на прасоўванне марвелаўскага фільма можа быць блізкі альбо нават большы, чым на прадукцыю, і мы кажам пра фільм, якога чакае армія фанатаў. Рэцэнзію на фільм у беларускай прасторы, будзем шчырымі, асабліва ніхто не чакае, бо аўдыторыя не навучаная чакаць ад нашых медыя якаснага культурніцкага прадукту.

    Таму гэты сегмент сёння патрабуе асаблівай увагі — у тым ліку з увагі на тое, як вялікае значэнне для нашай незалежнасці і адзінства сёння мае культура. З нейкай прычыны, медыя гэта рэдка разумеюць, як толькі вядзецца пра пагрозу нашай незалежнасці, мы адразу кажам «асобная культура», «нашая культура», «мы культурна адрозніваемся ад расейцаў», але калі прыходзім да мэтанакіраванай працы з гэтай тэмай — тады адразу «падвал». Але я веру, з гэтым выклікам можна працаваць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.