Дэпутат з Германіі стаў сімвалічным хросным Дзяніса Івашына
У межах кампаніі #WeStandBYyou дэпутат Хольгер Ман з Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі стаў сімвалічным хросным беларускага журналіста Дзяніса Івашына, асуджанага на 13 гадоў пазбаўлення волі.

Хольгер Ман. Фота: libereco.org
Хольгер Ман — дэпутат нямецкага бундэстага ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі з 2021 года. Ён выказвае сваю прыхільнасць дэмакратыі і свабодзе выказвання меркаванняў у Беларусі і падтрымлівае Дзяніса Івашына:
«Як журналіст-раследавальнік, Дзяніс Івашын прысвяціў сябе выкрыццю палітычных і сацыяльных злоўжыванняў у Беларусі і барацьбе з імі. У сваёй журналісцкай працы на платформе расследаванняў informnapalm.org і ў газеце «Новы час» Івашын паслядоўна адстойваў захаванне дэмакратычных каштоўнасцей сваёй краіны.
Я самым рашучым чынам асуджаю затрыманне Дзяніса Івашына. Яно накіравана выключна на падаўленне журналісцкіх расследаванняў у Беларусі. Будучы «хросным» Івашына, я імкнуся да таго, каб у адносінах да яго і яго таварышаў была адноўлена справядлівасць. Таму што ўмовы, у якіх утрымліваюцца актывісты апазіцыі, такія як Івашын, непрымальныя.
Я выказваю поўную салідарнасць і падтрымку яму і ўсім людзям, якія з‑за сваёй прыхільнасці дэмакратыі пакутуюць ад рэпрэсій і пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі. Наш урад павінен працаваць разам з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, каб працягваць аказваць ціск на беларускі ўрад з тым, каб усе затрыманыя па палітычных матывах былі вызваленыя».
Справа Дзяніса Івашына
Журналіст Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зняволенні з 12 сакавіка 2021 года. Супрацоўнікі КДБ прыйшлі па яго на наступны дзень пасля таго, як ён даў інтэрв’ю незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

Дзяніс Івашын. Фота: сацсеткі
14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў журналіста вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці). Суддзя Валерый Раманоўскі прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіў выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з папраўчай калоніі № 15, куды яго накіравалі першапачаткова, на строгі турэмны рэжым. Пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Зараз палітзняволены журналіст знаходзіцца ў турме № 8 горада Жодзіна.
InformNapalm: Прапануем абмяняць падазраваную ў шпіянажы на Беларусь Іну Кардаш на Дзяніса Івашына
@bajmedia