Аляксей Дзікавіцкі напісаў прыгодніцкі раман
Журналіст і медыямэнэджар Аляксей Дзікавіцкі напісаў новую кнігу — гэтым разам прыгодніцкі раман на беларускай літаратурнай мове. Пра гэта Дзікавіцкі распавёў на сваёй старонцы Facebook.

Аляксей Дзікавіцкі. Фота: яго Facebook
«Выбачаюся, што не пра надзённае, але не магу не падзяліцца – скончыў сёння пісаць кнігу! Прыгодніцкі, так бы мовіць, раман: Пінск 80‑х/90‑х, каханне, міжваеннае Палессе і таксама палескія чараўніцы, Варшава, спецслужбы, “палітычнае” выкраданне – усё на фоне хард-року і празмернай колькасці філасофскіх разважанняў галоўнага героя», — піша Аляксей Дзікавіцкі.
Медыямэнэджар таксама ўдакладніў, што гэтым разам кніга выйдзе на беларускай літаратурнай мове, у адрозненне ад ранейшых кніг, якія выходзілі на палескай гаворцы.
«Першае пытанне ад патэнцыйнага выдаўца: “Але кніга, спадзяюся, не па-палеску?” Не, гэтым разам па-беларуску (ну ўстаўкі палескія, вядома, оньдэ е) і, Богу дзякаваць, не вершы (ну добра, толькі некалькі)».
Аўтар не паведамляе, як будзе называцца раман. Але адзначае, што рукапіс ужо гатовы.
«Апошняя кропка пастаўленая (што за пачуццё, калі надыходзіць ГЭТЫ момант – уффф! – ніколі раней не перажываў нічога падобнага), але праца яшчэ не скончаная – вычытка, папраўкі, памылкі, апіскі…», — дзеліцца журналіст.
Раней у Аляксея Дзікавіцкага выходзілі зборнікі вершаў і кароткай прозы «Оньдэ»,«Полэшук 2.0 / Poleszuk 2.0» і «Світумузыка».
Выходзіць кніга Аляксандра Фядуты, якую ён пісаў у следчым ізалятары КДБ
@bajmedia