Прадстаўнік журфака БДУ прапануе стварыць кодэкс паводзінаў беларусаў у інтэрнэце
Намеснік дэкана факультэту журналістыкі БДУ Алег Нікіфараў у эфіры тэлеканалу СТВ 28 верасня прапанаваў стварыць кодэкс паводзінаў чалавека ў інтэрнэце і распрацаваць яго ў супрацы ў тым ліку з міліцыяй.

Факультэт журналістыкі БДУ. Фота: Наша Ніва
Вядоўца ток-шоу «Па сутнасці» Кірыл Казакоў паскардзіўся, што калі раней журналісты запісвалі аповед чалавека пра ягоныя праблемы, то «цяпер чалавек становіцца журналістам», відавочна, маючы на ўвазе магчымасць кожнага хутка распавесці пра нейкія сітуацыі ў сацсетках.
На думку Нікіфарава, праблема ў тым, што «у нас цяпер не сфармаваліся этычныя нормы камунікацыі ў інтэрнэт-прасторы».
«Мы дагэтуль не ведаем, як правільна, ці можна патэлефанаваць чалавеку ўвечары па працы, не па працы? Як лепш напісаць?, – сказаў чыноўнік. – <…>. То бок, павінен быць сфармаваны нейкі кодэкс паводзінаў чалавека ў інтэрнэце. Гэта павінна быць сумесная праца розных службаў, і праваахоўных, і юрыдычных, і сацыялагічных, і педагагічных».
Раней начальніца ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Наталля Сахарчук назвала пагрозай бяспецы сацсетку Threads, бо «многія людзі наагул не разумеюць» яе.
Прадстаўніца МУС распавяла, што падчас маніторынгу міліцыянты неаднаразова знаходзілі ў Threads допісы, за якія людзі панеслі адміністратыўную адказнасць, але папярэдзіла таксама і пра крымінальную.
«Таму што трэба думаць галавой, што вы размяшчаеце ў любой з сацыяльных сетак, бо наступствы не прымусяць сябе чакаць», – прыгразіла Сахарчук і дадала, што міліцыянты прысутнічаюць «практычна… усюды» і манітораць інтэрнэт-прастору 24 на 7.
У чэрвені Следчы камітэт прыгразіў беларусам крымінальнымі справамі за «дэзынфармацыю» і «заведама непраўдзівыя паведамленні пра небяспеку» ў Threads і TikTok.
@bajmedia