Рэжысёрка Жэня Давідзенка: «Мне падабаецца, што беларуская мова можа жыць па-сапраўднаму: з акцэнтам, паламаная, напалову змяшаная, з памылкамі»
«Сапраўдны тэатр — гэта шчырая размова», — кажа беларуская рэжысёрка і драматург Жэня Давідзенка. Budzma шчыра паразмаўляла з Жэняй пра тое, як гэта — увайсці ў тэатральнае асяроддзе ў Польшчы, ці дапамагае мастацтва знайсці адказы на пытанні «хто мы і адкуль», чаму і сёння важна размаўляць пра расстраляную інтэлігенцыю, а таксама пра адчуванне сваіх каранёў і шлях да беларускай мовы.

Жэня Давідзенка. Фота з асабістага архіва гераіні
— Жэня, як Вы вырашылі стаць рэжысёрам?
— Мяркую, гэта адбылося дзякуючы майму дзядулю. Мне не было яшчэ і трох гадоў, а ён вадзіў мяне ў тэатры. Працоўны персанал кожнай тэатральнай установы мяне добра ведаў — ведалі, што, хаця я такая малая, буду сядзець і глядзець спектакль. Мы з дзядулем па некалькі разоў пераглядзелі ўвесь дзіцячы рэпертуар Купалаўскага, Лялечнага і Опернага тэатраў. Я з дзяцінства была акунутая ў мастацтва, і мяне да гэтага пацягнула.
Потым я вучылася ў школе № 136 з тэатральным ухілам, і мяне неяк заўсёды вабіла своеасаблівая таямнічасць тэатра і гэтыя сапраўдныя людзі на сцэне, якія рэагуюць на чыйсьці кашаль, шолах паперак ад цукерак і гэтак далей. Пасля было некалькі няўдалых спроб паступіць у Акадэмію мастацтваў на акцёрскі факультэт, бо я баялася паступаць на рэжысуру, але ў рэшце рэшт вырашыла паспрабаваць паступіць на гэтую сур’ёзную спецыяльнасць, і ўсё атрымалася: я адвучылася і стала рэжысёрам.
— Вы атрымалі стыпендыю Gaude Polonia. Можаце расказаць пра свой досвед удзелу ў гэтай стыпендыяльнай праграме?
— Я атрымала Gaude Polonia ў мінулым годзе. Гэта стыпендыя, якую ўрад Польшчы дае таленавітым мастакам з Усходняй Еўропы. У рамках гэтай праграмы я зрабіла інсцэнізацыю твора Фларыяна Чарнышэвіча «Надбярэзінцы». Мне параіў прачытаць гэтую кнігу Мікіта Ільінчык. Я нават не думала, што яна мне так западзе ў душу.

Жэня Давідзенка. Фота з асабістага архіва гераіні
Сутнасць у тым, што Фларыян Чарнышэвіч напісаў і выдаў раман ужо ў Аргенціне, у эміграцыі. Гэта вельмі вялікі твор, заснаваны на яго ўспамінах пра жыццё — ад самага дзяцінства да ўзросту дарослага хлапчука, — гісторыя пра тое, як ён падрастаў на тэрыторыі так званых Усходніх крэсаў, гэта значыць на беларускіх землях, якія тады ўваходзілі ў склад Польшчы.
Па прычынах бяспекі гэта неарыгінальная назва вёскі. Мяне вельмі зачаравала простае вясковае жыццё, апісанае ў рамане, і гэтыя людзі, якія ўвесь час змагаюцца за магчымасць жыць на сваёй зямлі, за сваю незалежнасць. Гэта мяшанка беларусаў, украінцаў, палякаў, габрэяў, якія жылі побач на пэўных тэрыторыях.
Там вельмі шмат цікавых тэм раскрыта — рэлігійных, моўных, палітычных. І, на жаль, добра паказана, што людзі практычна ніколі не маглі жыць спакойна. Усё гэта раскрываецца праз вельмі чалавечую прызму.
Канечне, ёсць і рамантычная лінія. Гэта ж успаміны і дзённікі, таму яны крыху рамантызаваныя. Ёсць каханне, здрады, усё, што робіць гэтую гісторыю вельмі жывой.
На аснове рамана я напісала п’есу. На жаль, пакуль яна проста ляжыць у мяне ў шуфлядзе. Але я вельмі спадзяюся, што калісьці прыйдзе час для яе рэалізацыі на сцэне. Менавіта гэты драматычны твор стаў маім галоўным вынікам удзелу ў праграме Gaude Polonia.
— Ці ёсць розніца ў падыходах да тэатральнага навучання ў Польшчы і Беларусі?
— Мне складана адказаць пра навучанне на ўласным досведзе, таму што я ўсё ж такі не вучылася тут ні ў якіх адукацыйных установах. Стыпендыі — гэта ўсё ж больш такі свабодны фармат.
Але з тэатральнага вопыту, які я набыла тут, у Польшчы, магу сказаць, што тут ад Беларусі адрозніваецца шмат чаго: і падыход да рэпетыцый, і да таго, чым з’яўляецца, напрыклад, сцэнарый, п’еса і ўсё астатняе.
Ну і проста трэба разумець, што Польшча — гэта іншая краіна. Тут іншыя падыходы, іншыя правілы, увогуле ўсё іншае. Так што розніца ў тэатральнай сферы паміж нашымі краінамі велізарная.
— Ці складана было ўвайсці ў польскае тэатральнае асяроддзе? Распавядзіце, як гэта было.
— Канечне, складана. Увогуле быць у творчай прафесіі апрыёры складана, дзе б ты ні быў.
А калі ты прыязджаеш у іншую краіну, тваё CV само па сабе, без людзей, без сувязяў, за якія можна зачапіцца, — гэта проста чысты аркуш.
Гэта вялікі выклік — знайсці ў сабе сілы і адважыцца пачаць усё спачатку. У якім бы ўзросце ты ні быў, ты новы чалавек у новай краіне, і твой атэстат ці дыплом Акадэміі нікому ні пра што не гаворыць. Гэта такая моцная барацьба нават з уласным гонарам. Складана самому сабе прызнацца: «Як гэта я буду пачынаць усё спачатку? А як жа ўсё, што я рабіла да гэтага?».
Але калі гэта перажываеш, то становіцца неяк лягчэй і пачынаеш бачыць нават нейкія плюсы ва ўсёй сітуацыі, якая сталася. З’яўляецца магчымасць сябе крыху перабудаваць, прыдумаць сябе па-новаму.
Таму, калі я прыехала ў Польшчу, вельмі хутка пачала вучыць польскую мову і літаральна сядзела над ёй, таму што разумела: у свеце тэатра, калі ты не размаўляеш, то цябе ніхто не пачуе. Мова — гэта проста абавязковы інструмент. Калі музыкі могуць знайсці іншую мову праз музыку, мастакі — праз жывапіс, то ў тэатры мы размаўляем словамі. Гэта наш асноўны інструмент праяўлення творчасці. Таму я вучыла мову і працавала выхавацелькай у творчым дзіцячым садку, спачатку з украінскімі дзецьмі, пасля — з польскімі.
Пяцігадовыя дзеці фактычна вучылі мяне польскай мове падчас маіх заняткаў.
Потым я паўтара гады працавала ў бары, сумяшчаючы гэта са сваімі першымі творчымі праектамі, якія спрабавала рабіць паралельна. А пасля мне гэта ўсё надакучыла, і я сышла на вольныя хлябы. Вось ужо другі год ствараю аўтарскія тэатральныя праекты і ні разу не пашкадавала пра гэты выбар.
— Жэня, вы пішаце п’есы. Раскажыце пра сябе-драматурга.
— Я напісала сваю першую п’есу дзякуючы Ірыне Купчанка і Елізавеце Мілінцэвіч. Яны атрымалі грант ад Тэатральнага інстытута на пастаноўку спектакля і запрасілі мяне як рэжысёрку. А ў выніку я напісала п’есу, па якой зрабіла спектакль «10 гадзін наўпрост да дому», які ўздымае тэму эміграцыі. Мы паспяхова гралі яго на працягу двух з паловай гадоў.

Спектакль «10 гадзін наўпрост да дому». Фота Давіда Лінкоўскага
Пасля гэтага досведу я неяк асмелілася пісаць і стварыла на падставе гістарычных фактаў п’есу «Расстраляныя», па якой паставіла спектакль.
— Чаму, на вашу думку, сёння важна ўздымаць тэму расстралянай інтэлігенцыі?
— А гісторыя «Расстраляных» — гэта ж гісторыя не толькі пра Беларусь. У шмат якіх краінах адбылася гэтая трагедыя. Крыві было так шмат, што страшна, калі пачынаеш у гэта паглыбляцца і даведваешся колькасць людзей і лічбы. А трэба ўлічыць, што нам яшчэ шмат чаго невядома.
І плюс як чалавек, які хоча займацца мастацтвам, таксама падкрэслю тое, што для ўлады заўсёды праўдзівая творчасць непрыемная, непадпарадкаваная і непатрэбная, хаця таксама вельмі важная. Таму што людзі часам за такім тэрмінам, як «расстраляныя», проста бачаць халодны факт, а вельмі рэдка думаюць: а чаму?
А я люблю збіраць даныя, пытацца: чаму, навошта. У «Расстраляных» ёсць вельмі шмат цікавых фактаў, пра якія людзі рэдка ведаюць. Напрыклад, што
тагачасныя беларускія паэты былі на ўзроўні Чарлі Чапліна. Яны былі сапраўднымі зоркамі. Людзі куплялі паштоўкі з іх выявамі, хадзілі вялізнымі натоўпамі на імпрэзы, дзе чыталі вершы, — і гэта была моц. Сёння ў гэта не верыцца, але па факце гэта гісторыя вельмі свежая.
І таксама я пачула ад польскага гледача, што ў шмат каго пасля прагляду спектакля паўсталі гістарычныя флэшбэкі, проста пачуўшы гэтыя гісторыі, вершы. Таму што гэта таксама гісторыя Польшчы, як і іншых краін. Гісторыя развіваецца ў розныя бакі, і людзі забываюць пра штосьці, а потым згадваюць, і некаторыя пазлы аўтаматычна збіраюцца. І мы можам адразу зразумець: «Дакладна, гэта так, таму што калісьці было вось так». І рэчаіснасць трошкі менш нас здзіўляе ў гэты момант.

Спектакль «Расстраляныя». Фота Давіда Лінкоўскага
— Раскажыце пра свае творчыя планы на будучыню. Над чым працуеце зараз?
— Я працую зараз над трыма творчымі праектамі. Першы я раблю са сваімі польскімі калегамі — Мартай Сакалоўскай і Патрыцыяй Высакіньскай. Мы разам з дзяўчатамі напісалі п’есу і выйгралі грант ад Тэатральнага інстытута ў Польшчы, які фінансуе незалежныя, пазаінстытуцыянальныя тэатры. Таму мы рыхтуем спектакль пад назвай «Літапедыён». Гэта такі тэрмін, які абазначае скамянелы эмбрыён унутры цела жанчыны. І мы, як бы разважаючы над гэтым сімвалам, гэтай з’явай, выбудоўваем такі свет трохі некамфортных людзей. Гэта будзе своеасаблівы хорар пра тое, як выжыць чалавеку ў гэтым свеце.
Другі спектакль адбудзецца ў Шэкспіраўскім тэатры ў Гданьску. Гэта будзе пастаноўка п’есы на падставе «Шляхціца Завальні» Яна Баршчэўскага, толькі пад іншай назвай. Такі своеасаблівы польска-беларускі праект. Мы будзем эксперыментаваць з мовамі. У мяне будуць класныя беларускія і польскія акторы, з якімі мы ўвасобім гэты творчы план.
Трэці спектакль я пастаўлю для дзяцей і дарослых, на падставе гданьскіх і паморскіх легенд і казак. Мы разам з двума польскімі акторамі паставім мінімалістычную гісторыю. Прэм’еры гэтых спектакляў адбудуцца ў жніўні, верасні і, адпаведна, кастрычніку.
— Ці адчуваеце вы сябе беларускай рэжысёркай у Польшчы?
— Я б вельмі хацела спакойна казаць, што я беларуская рэжысёрка. Але я гэтага не адчуваю, і мне ад гэтага складана. Хаця я размаўляю па-беларуску і цікаўлюся беларускай гісторыяй.

Жэня Давідзенка. Фота з асабістага архіва гераіні
У мяне нейкія сапсаваныя сувязі з маім домам і, напэўна, таксама з ідэнтычнасцю. Не ведаю, гэта, напэўна, проста факт. Мне здаецца, што так было ледзь не ад самага майго нараджэння, таму што мяне ніколі не цягнула жыць у адным месцы або нават трымацца адных і тых жа людзей.
Гэта проста нейкая асаблівасць характару, напэўна. Вядома, у інтэрв’ю ці ў публічных размовах я кажу, што нарадзілася ў Беларусі. Але я не адчуваю ў сабе нейкай нацыянальнай прыналежнасці. На жаль. Бо мне хацелася б таксама моцна сумаваць не толькі па людзях, але і па месцах, пахах, нейкіх простых родных рэчах.
З аднаго боку, гэта лягчэй. А з іншага — нібыта ў цябе ніколі не было гэтай пупавіны. І я думаю, што ўсё роўна ў мяне ёсць нейкая сувязь з роднай зямлёй, як і ў кожнага чалавека. Але яна не на першым месцы.
— То-бок вы, атрымліваецца, касмапалітка?
— Не зусім.
Я веру, што карані ўсё роўна нас вызначаюць. Што па сутнасці ўсе людзі выходзяць з таго, што спачатку вельмі добра ведаюць свой дом, потым ад яго аддаляюцца, ад сваіх каранёў, а пасля вяртаюцца да іх. Таму што мы зробленыя з усяго гэтага: з фальклору, з любімых дзіцячых песень, з усяго, што нас фармуе. І калі ты гэтага не знаходзіш, то з’яўляецца вельмі шмат пытанняў.
Мая гісторыя такая — я вырасла на вельмі русіфікаванай культуры. Потым перажыла момант, калі гэтая эпоха ўжо сканчалася, і я проста зразумела, што нічога з таго, што выклікала або магло выклікаць у мяне пачуццё настальгіі, не з’яўляецца тым, што я хачу любіць. І гэта не атаясамляе краіну, якая напісана ў мяне ў пашпарце. Дарэчы, мой пашпарт ужо два гады як пратэрмінаваны, і афіцыйна ў мяне яго нібыта няма.
— А мастацтва, на вашу думку, дапамагае знайсці адказы на пытанні: хто я, хто мы, адкуль мы?
— Я думаю, што так. Але таксама не заўсёды. У сэнсе, мне падаецца, што ў пытаннях «хто я?» і «што я?» кожны з нас патрабуе трошкі іншых адказаў. І гэта залежыць ад таго, што менавіта нам патрэбна. Тут ужо ўсё вельмі адрозніваецца.
Плюс, нават не знаходзячы адказаў, а проста задаючы гэтыя пытанні нейкай супольнасці, нейкай колькасці людзей, напэўна, не заўсёды трэба знаходзіць адказы. Можна знайсці такую агульнасць людзей, якія таксама шукаюць гэтыя адказы.
І тады, мне падаецца, можна быць з Аргенціны, Кубы, Беларусі ці, не ведаю, Палесціны і мець тыя ж самыя пытанні. А часам нават важней не тое, якія адказы мы знаходзім, а тое, што мы ўвогуле пра гэта думаем. І гэта, мне падаецца, вельмі вялікі плюс гэтага агульнага пытання пра тое, навошта нам ведаць, адкуль мы.
— Мы ўжо крыху закранулі пытанне беларускай мовы. Калі вы пачалі размаўляць па-беларуску?
— Я вельмі доўга, гадоў з дзевятнаццаці, хацела перайсці на беларускую мову, паспрабаваць. Таму што я хадзіла ў тэатр, пачала чытаць літаратуру па-беларуску, але разумела, што мне неабходна падтрымка. Як бы дзіўна гэта ні гучала, але ў Беларусі вельмі складана пачаць размаўляць па-беларуску. На жаль, гэта факт. Мая гісторыя наступная: у 2020 годзе, калі пачаліся пратэсты, гэта быў ужо такі гарачы перыяд. Мы з Палінай Дабравольскай вырашылі пачаць размаўляць па-беларуску — удзвюх.
І гэта было вельмі класна. Мы падтрымлівалі адна адну. Паліна дагэтуль размаўляе па-беларуску. У мяне, прызнацца, розныя стасункі з беларускай мовай. Часам гэта складана, часам — вельмі кайфова. Але мне падабаецца быць яе носьбіткай, дагэтуль падабаецца карыстацца слоўнікам, забываць нейкія словы або раптам ужываць беларускія словы па-польску, таму што яны проста першымі прыходзяць мне ў галаву.
@bajmedia
