• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці могуць беларускія ўлады адпомсціць YouTube за блакіроўку прапагандысцкіх каналаў

    Пад блакаванне трапілі каналы СТБ, «Радыё Сталіца», Radio Kul­tura BY, Першы канал беларускага радыё і «БЕЛАРУСЬ-РТР | Belarus News». Радыё Свабода разбіраецца, чаму на гэты раз іх заблакавалі, што там паказвалі і пра якую альтэрнатыву кажуць чыноўнікі.

    блакіроўка беларускіх дзяржСМІ на ютуб

    Фото: pexels.com

    14 верасьня трансьляцыю эфіру канала СТБ на YouTube адключылі проста падчас прамога эфіру шоў «По существу», якое было прысьвечана Дню народнага адзінства. Гэтае сьвята ўлады абвясьцілі ў 2021 годзе, бо 17 верасьня 1939 году да БССР далучылі тэрыторыі, якія былі ў складзе Польшчы.

    Сьледам пад блякіроўку трапілі каналы «Радыё Сталіца», Radio Kul­tura BY, Першы канал беларускага радыё і «БЕЛАРУСЬ-РТР | Belarus News».

    Як адрэагавалі ўлады

    Беларускае Міністэрства інфармацыі назвала блякіроўку «найгрубейшай праявай цэнзуры па нацыянальных прыкметах». І настойліва параіў грамадзянам Беларусі «у далейшым аддаваць перавагу ў першую чаргу нацыянальным відэаплятформам, якія ў сваёй працы не практыкуюць такія дыскрымінацыйныя падыходы».

    Гаворка ідзе пра створаны ўладамі партал videobel.by. Гэта агрэгатар, дзе сабраныя відэа з дзяржаўных СМІ Беларусі. Іншых, недзяржаўных СМІ на гэтым партале не прадстаўлена, як і блогераў.

    Бытавыя рылсы пра Лукашэнку

    Мэдыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч прааналізаваў два з заблякаваных каналаў: БЕЛАРУСЬ-РТР | Belarus News і Першы канал беларускага радыё. Агулам яны мелі 594 000 падпісчыкаў, найбольш меў Першы канал беларускага радыё — 460 000. На два каналы за 8 месяцаў прыпадае 139,7 мільёна праглядаў, 1,63 мільёна лайкаў, 164,5 тысяч камэнтароў.

    Пры гэтым канал БЕЛАРУСЬ-РТР | Belarus News з красавіка удвая павялічыў колькасьць прадукаваных відэа, а таксама пачаў набіраць падпісчыкаў. Якраз тады заблякавалі каналы СТБ, АНТ і БелТА. На думку Міхаіла Дарашэвіча, ён стаў проста каналам-пераемнікам, бо акаўнт таксама належыць СТБ. А гэта наўпрост парушае правілы хостынгу YouTube.

    «Да красавіка ўключна ён канал называецца „Belarus News“, з траўня становіцца „БЕЛАРУСЬ-РТР | Belarus News“. Зьмена шыльды, падваеньне колькасьці выпускаў, патраеньне аўдыторыі. Гэта не арганічны рост, а перанос вяшчаньня на ацалелую пляцоўку холдынгу», — мяркуе мэдыяаналітык.

    80,3% трафіку абодвух каналаў — гэта кароткія відэа пра Лукашэнку, шортсы, кажа Міхаіл Дарашэвіч. Прычым гэта хутчэй бытавыя відэа, чым палітычныя. Напрыклад, «Лукашэнку паказалі беларускі цуда-трактар» — 13,8 мільёна праглядаў. Ці, «Як Мікалай Лукашэнка называе свайго тату» — 6,3 мільёна праглядаў.

    «Дзьве рэдакцыі розных холдынгаў незалежна вывелі ў топ адзін і той жа фрагмэнт прэзыдэнцкага пула: кантэнт вырабляецца цэнтралізавана, а каналы працуюць як паралельныя пункты распаўсюду. Пры гэтым медыяна праглядаў доўгага фармату ў „Беларусь-РТР“ складае 2 470, у радыёканала — 676. Уласна вяшчаньне на YouTube амаль не мела аўдыторыі», — падкрэсьлівае Міхаіл Дарашэвіч.

    Першы канал беларускага радыё, пры гэтым, выкарыстоўваў для росту трафіку тэму вайны ў Іране. Такіх відэа было шмат да траўня, а пасьля пачаўся спад іх колькасьці.

    Таксама ў прааналізаваных каналах не было раскрыцьця пэрсанальных зьвестак людзей, што можа стаць прычынай блакіроўкі. А прычынай блакіроўкі стала дубляваньне раней заблякаваных каналаў, гэта напрасткі забаронена правіламі плятформы, падкрэсьлівае Міхаіл Дарашэвіч. Таксама ён адзначае, што дзяржаўныя СМІ праз блякіроўку гэтых каналаў пазбавіліся не аўдыторыі, якая сачыла за аналітычнымі праграмамі, а «фабрыкі па вытворчасьці непалітычных шортсаў».

    Альтэрнатывы YouTube няма

    Хоць чыноўнікі і раяць абіраць замест YouTube «беларускую альтэрнатыву», насамрэч такой альтэрнатывы проста не існуе, кажа Міхаіл Дарашэвіч.

    «У гэтых „альтэрнатыўных“ пляцовак няма ні аўдыторыі, ні альгарытмаў, ні мэханізмаў. YouTube настолькі разьвіўся як плятформа, што спробы паўтарыць яго без такіх рэсурсаў немагчымыя», — мяркуе мэлыяаналітык.

    Сэрвіс videobel.by у Беларусі запусьцілі 12 верасьня 2024 году. На гэтым партале сабраныя праграмы беларускіх дзяржаўных мэдыя: каналаў «Беларусь‑1», АНТ, БелТА, СТВ, РТР-Беларусь, «СБ. Беларусь сегодня» і «Мір». Паставіць падабайку, пракамэнтаваць ці загрузіць сваё відэа на плятформе нельга.

    Паводле Міхаіла Дарашэвіча, хостынг YouTube беларускія ўлады блякаваць ня будуць, бо дзяржаўныя СМІ робяць на гэтым сэрвісе шмат кантэнту.

    «Яны робяць шмат кантэнту на рэгіянальных тэлекампаніях. Наўрад ці яны пакінуць людзей без працы. Яны заліваюць процьму ролікаў там, ёсьць спэцыяльныя людзі ў якіх праца наразаць гэтыя ролікі. Ды і замяніць хостынг ім няма чым, яны могуць разьвіваць іншыя плятформы, але замены няма», — даводзіць мэдыяэкспэрт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.