• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Старонкі незалежнага выдання Hrodna.life у Instagram і Х абвесцілі «экстрэмісцкімі»

    Міністэрства інфармацыі Беларусі 4 жніўня ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Hrodna.life

    У гэты пералік дадалі акаўнт у Х з назвай Hrodna.life (ідэнтыфікатар https://x.com/HrodnaL). Рашэнне лічыць яго «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 30 ліпеня 2026 года суд Ленінскага раёна Гродна.

    31 ліпеня 2026 года той самы суд Ленінскага раёна Гродна пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» і кантэнт Insta­gram-акаўнта з назвай hrodna.mylove (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/hrodna.mylove). Таксама «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» быў прызнаны лагатып гэтай старонкі, згодна з апісаннем на сайце Мінінфармацыі ён уяўляе сабой «літару «Н» белага колеру з кропкай чырвонага колеру на шэрым фоне».

    Абодва інтэрнэт-рэсурсы звязаны з незалежным анлайн-выданнем Hrodna.life, заснаваным у 2016 годзе на базе выдання «Твой стыль». Медыя асвятляе падзеі ў Гродне, гісторыю горада, падзеі сацыяльнага, палітычнага і культурніцкага жыцця. У лістападзе 2022 года КДБ Беларусі прызнаў выданне Hrodna.life «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Ужо другі раз у «экстрэмісцкі» спіс на сайце Міністэрства інфармацыі ўключылі Insta­gram-акаўнт незалежнага фотаагенцтва Look­By­Media. Гэтым разам паводле рашэння суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ад 31 ліпеня 2026 года. Некалькі дзён таму падобнае рашэнне было прынята судом Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.

    У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі і некалькі друкаваных выданняў. Гэта зборнікі вершаў вядомага барда Аляксандра Баля і кніга расійскага журналіста Алега Кашына «Добейте выживших. Истоки и смысл русского трампизма». Іх пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Кастрычніцкага раёна Мінска, рашэнне было прынятае 31 ліпеня 2026 года.

    Алег Кашын — гэта расійскі палітычны журналіст і пісьменнік. Ён працаваў у выданнях «Коммерсантъ», «Известия», «Glob­al­Rus», вядомы вострымі рэпартажамі пра моладзевыя палітычныя рухі і праблемы расійскай палітыкі. З 2016 года ён жыве ў Лондане.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.