Латушка заклікаў краіны ЕС павялічыць падтрымку беларускіх незалежных СМІ
«Рэсурсы, якія выдзяляюцца Еўрапейскім саюзам сёння, недастатковыя для эфектыўнага супрацьдзеяння магутнай прарасійскай прапагандыстскай машыне, [якая] <…> спрабуе ментальна паглынуць беларускае грамадства», — заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка на канферэнцыі «Новая Беларусь» 9 жніўня ў Варшаве.

Павел Латушка. Фота з сайта «Наша Ніва»
“Каб перамагчы ў гэтай інфармацыйнай вайне, патрэбныя іншыя памеры падтрымкі незалежных медыя і грамадзянскай супольніасці”, — дадаў ён.
Палітык прапанаваў ЕС увесці асобныя санкцыі супраць структур Саюзнай дзяржавы РФ і Беларусі, бо гэта, на яго думку, “прамы расійскі інструмент знішчэння беларускай дзяржаўнасці і паглянання суверэнітэту з наступнай анэксіяй тэрыторыі”.
На сёння ўзрастаюць пагрозы ўцягвання Беларусі ў гарачую фазу вайны Расіі супраць Украіны, лічыць намеснік старшыні АПК.
Палітык заклікаў кіраўніцтва краін ЕС да “больш прынцыповых дзеянняў” у адносінах да Мінска.
“Мы звяртаемся да вас і не стамімся пра гэта казаць: падтрымайце расследаванне беларускай сітуацыі ў Міжнародным крымінальным судзе, звязанага з дэпартацыяй і прымусам да дэпартацыі сотняў тысяч беларусаў, што з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці”, — сказаў Латушка.
З сакавіка 2025 года “не былі ўведзены аніводныя санкцыі супраць рэжыму за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі”, дадаў спікер: “Намі былі высланы адпаведныя запыты ў Еўрапейскую камісію, бо рэпрэсіі <…> не спыняюцца”.
“Мы чуем апошнім часам пазіцыю шэрагу еўрапейскіх дзяржаў, якія проста гавораць пра свае прагматычныя інтарэсы, але не ўспамінаюць рэпрэсіі ўнутры Беларусі, пра транснацыянальны тэрор, які здзяйсняе рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі штодня”, — падкрэсліў экс-дыпламат.
Таксама ён адзначыў “галасы з боку шэрагу прадстаўнікоў дэмакратычнага руху, якія прапануюць ЕС ці ЗША проста весці з рэжымам камунікацыю наўпрост”, што з’яўляецца “спробай адмовіць у суб’ектнасці самім беларусам”. Прыкладаў Латушка не прывёў.
@bajmedia