Беларускія ўлады абвесцілі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайты пра экалогію і ІТ-тэхналогіі
Міністэрства інфармацыі Беларусі вечарам 20 жніўня чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Туды ўключылі, у тым ліку сайты «Альянс Зялёная Беларусь» і Devby.

Devby (ідэнтыфікатар https://devby.io) — гэта папулярнае анлайн-выданне і медыяплатформа пра тэхналогіі і IT-індустрыю ў Беларусі. Рэсурс быў заснаваны ў 2008 годзе Арцёмам Канцавым і на працягу многіх гадоў з’яўляецца асноўнай пляцоўкай для беларускай digital-супольнасці. Партал аб’ядноўвае распрацоўшчыкаў, тэсціроўшчыкаў, менеджараў, стартапераў і іншых спецыялістаў.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ён трапіў разам з афіліяванымі з ім Telegram-каналам «dev.by: главные ИТ-новости Беларуси» (ідэнтыфікатар t.me) і Telegram-ботамі (ідэнтыфікатары @devby_insight_bot; @hello_devby_bot).
Рашэнне лічыць гэтыя інтэрнэт-рэсурсы «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 18 жніўня 2026 года суд Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці.
У «экстрэмісцкі» спіс Міністэрства інфармацыі ўнеслі таксама сайт «Альянс «Зялёная Беларусь»» (ідэнтыфікатар belarusgreen.vision). Туды ж трапілі афіліяваныя з ім іншыя інтэрнэт-рэсурсы:
- YouTube-канал «Альянс «Зялёная Беларусь» (ідэнтыфікатар youtube.com);
- Telegram-канал «Альянс «Зялёная Беларусь» (ідэнтыфікатар t.me);
- акаўнт «Альянс «Зялёная Беларусь» у Threads (ідэнтыфікатар threads.com);
- акаўнт «Альянс «Зялёная Беларусь» у Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com);
- акаўнт «Альянс «Зялёная Беларусь» у TikTok (ідэнтыфікатар tiktok.com).
Альянс «Зялёная Беларусь» аб’ядноўвае прафесіяналаў і аматараў у сферы экалогіі — тых, хто падзяляе экакаштоўнасці і бачанне зялёнай будучыні Беларусі. 18 жніўня 2026 года інтэрнэт-рэсурсы гэтай супольнасці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Ленінскага раёна Магілёва.
Суд Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці 19 жніўня 2026 года прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram-акаўнт з рэгіянальнымі навінамі «homel_region (Всё о Гомеле)» (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/homel_region), Instagram-акаўнт Diya_info (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/diya__info), які публікуе навіны з Украіны і ўсяго свету, і праваабарончы Telegram-канал «Смяротнае пакаранне ў Беларусі» (ідэнтыфікатар https://t.me/niepakaranniu). Гэтыя інтэрнэт-рэсурсы таксама ўключаны ў абноўлены Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
@bajmedia