Хтосьці пад выглядам Мінінфарму пачаў хаваць старонкі ў беларускай «Вікіпедыі»
У беларускім раздзеле «Вікіпедыі» заўважылі спробу цэнзуры: акаўнт, падпісаны як «Мінінфарм Беларусі», пачаў хаваць змест старонак, якія не падабаюцца ўладам, паказваючы замест іх паведамленне пра нібыта абмежаваны доступ. Пра гэта расказаў знаны беларускі вікіпедыст Уладзіслаў Чаховіч.

Заглушка аб блакаванні са спасылкай на Міністэрства інфармацыі Беларусі, якую невядомы карыстальнік дадаваў у артыкулы беларускай «Вікіпедыі». Скрыншот: Уладзіслаў Чаховіч
Пад «забарону» трапілі артыкулы «Сэкс», «Бісексуальнасць», «Парнаграфія», ЛГБТ і «Вясёлкавы сцяг», а таксама тэмы «Аранжавая рэвалюцыя», «Пуцінізм», «Уварванне Расіі ва Украіну», «Пратэсты ў Беларусі» 2017 і 2020–2021 гадоў. Апынуліся ў спісе і артыкулы пра зніклых апанентаў Лукашэнкі – Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага, а таксама пра асобаў, якіх могуць падазраваць у датычнасці да гэтых знікненняў: Дзмітрыя Паўлічэнку, Уладзіміра Навумава і Юрыя Сівакова.
Уладзіслаў Чаховіч звярнуў увагу, што акаўнт дзеяў даволі падрыхтавана: для блакавання старонак выкарыстаў спецыяльны тэхнічны прыём, які дазваляе замест звычайнага тэксту артыкулу паказваць наведнікам адно і тое ж паведамленне з лагатыпамі Мінінфарму – зрабіць гэта з першай спробы не так проста нават для дасведчанага рэдактара. Гэта дазволіла Чаховічу выказаць меркаванне, што акаўнт можа быць сапраўды звязаны з афіцыйнымі структурамі.
Пасля таго як гэты акаўнт заблакавалі, а ўсе яго праўкі скасавалі, «выдаленні» працягнуліся ўжо з новага акаўнту пад назвай «МІБ БЕЛАРУСЬ». Пад яго дзеянне трапілі яшчэ артыкулы пра прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, лозунг «Пуцін – ху*ло!», артыкулы пра такія паняткі, як «дыктатура» і «аўтарытарызм», «БДСМ», «фемдом», «фембой», «трансгендарнасць», «сексуальныя меншасці», «гамафобія».
Першы акаўнт быў створаны праз вугорскую «Вікіпедыю», другі – праз азербайджанскую. Усе ўнесеныя з іх праўкі скасаваныя, аднак не выключана, што спробы «набегу» на беларускую «Вікіпедыю» паўторацца.
@bajmedia