• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Лісты» з прымушанай да маўчання краіны: на Венецыянскім кінафестывалі адбылася сусветная прэм’ера фільма Андрэя Куцілы

    9 верасня на 83‑м Венецыянскім міжнародным кінафестывалі адбылася сусветная прэм’ера дакументальнай стужкі беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы «Лісты» («Listy» / «Let­ters from the Silenced Coun­try»). Фільм, створаны ў супрацы кінематаграфістаў Польшчы, Германіі і Літвы, распавядае пра лёсы беларусаў, якія прайшлі праз турэмнае зняволенне, рэпрэсіі і вымушаную эміграцыю.

    Андрэй Куціла з постарам фільма напярэдадні прэм’еры, па прыбыцці на фэст. Фота: сацсеткі кінастужкі

    Гэта гістарычны прэцэдэнт для айчыннага кінематографа: «Лісты» становяцца першай дакументальнай карцінай з незалежнай Беларусі, паказанай у афіцыйнай праграме Венецыянскага кінафестывалю.

    Ужо сёння з раніцы прайшоў прэсавы паказ, афіцыйная прэм’ера, адкрытая для публікі, распачалася а 14.00 у Astra 2, а таксама ў Sala Cor­in­to а 17:15.

    Падрыхтоўка да прэм’еры. Частка каманды ў Венецыі. Фота: сацсеткі фільма

    Пра што гэта кіно?

    «Лісты» («Listy» / «Let­ters from the Silenced Coun­try») вядомага беларускага кінематаграфіста Андрэя Куцілы — гэта 75-хвілінны партрэт сучаснай Беларусі, які будуецца на асабістых гісторыях рэпрэсаваных людзей, чые галасы спрабуе заглушыць рэжым.

    Гледачы знаёмяцца з бацькам, які хаваецца ад сродкаў сачэння, каб пазбегнуць арышту і расстання з дачкой, а таксама з былым следчым, які адмовіўся працаваць у сістэме, уцёк у Польшчу і ўжо ў эміграцыі сутыкаецца з паўторнымі допытамі ды адчуваннем безвыходнасці.

    Яшчэ адна гераіня — маладая студэнтка Кася, асуджаная за пратэсты, выжывае ў зняволенні дзякуючы маляванню, выкарыстоўваючы мастацтва для захавання ўласнай годнасці. Гісторыя ж 50-гадовага Вітольда раскрываецца праз фатаграфіі, дасланыя сябрам з дому — дбайна адабраныя фрагменты свету за межамі турэмных сцен, якія даюць яму хвіліны свабоды.

    Андрэй Куціла, прадстаўляючы карціну, падкрэслівае, што ведае гісторыі зняволеных з першых вуснаў:

    «Я быў вымушаны з’ехаць з Беларусі пасля таго, як пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў былі жорстка здушаныя. Я ведаю гісторыі тых, хто быў зняволены рэжымам. Мая сястра была адной з іх — яе арыштавалі, і яна дагэтуль не можа забыць крыкі людзей, якіх катавалі кожную ноч. Гэта не гісторыя мінулага. Рэпрэсіі працягваюцца. Амаль штодня кагосьці арыштоўваюць, камусьці выносяць прысуд — часта без грамадскай пагалоскі. Праз сваю стужку я хачу даць голас тым, хто не можа гаварыць — беларусам, якіх прымусілі да маўчання».

    Постар да стужкі

    Як стваралася карціна?

    Рэжысёр працаваў над праектам пяць гадоў. Складанасцю ў рэалізацыі задумы творцы стала не толькі бяспека герояў, але і каманды.

    Адна з дэталяў стужкі: у тытрах побач з імём вядомага польскага аператара Войцеха Вэнглажа (Woj­ciech Węglarz) афіцыйна пазначаны Ананім. Частка кадраў і назіральных здымкаў рабілася ўнутры Беларусі людзьмі, чые імёны нельга раскрываць з меркаванняў бяспекі.

    Каб паказаць тое, што немагчыма зафіксаваць на камеру ўнутры беларускіх СІЗА і калоній, каманда выкарыстала анімацыю (яе рабіла польская мастачка Наталля Спыхала). Матэрыялам для анімацыі паслужылі рэальныя эскізы, накіды і малюнкі, якія вызваленыя палітвязні здолелі кантрабандай ці ў лістах вынесці на волю.

    У размовах пра сваю працу Андрэй Куціла выкарыстоўвае аўтарскі тэрмін «Кінакалайдар» (Cin­e­ma col­lid­er). Ён апісвае сваю мантажную тэхніку як «сутыкненне» абсалютна разнародных фарматаў: прыватнай назіральнай здымкі, хатніх архіваў, анімацыі, турэмных запісак і абстрактных гукавых ландшафтаў. Гэта дазваляе стварыць эфект «унутранага маналогу» краіны, а не проста сухой хронікі.

    Кадр з фільму. Правы: Cour­tesy of DocE­du Foun­da­tion

    Міжнародную вытворчасць «Лістоў» забяспечылі прадзюсары Міраслаў Дэмбіньскі (DocE­du Foun­da­tion), Гедрэ Жыцкіце (Moon­mak­ers), а таксама Грэгар Штрайбер і Фрыдэман Готэнбахер (inselfilm pro­duk­tion). У фільме гучыць беларуская, руская і польская мовы.

    Куціла — адзін з беларускіх дакументалістаў, які мае добрую рэпутацыю сярод галоўных еўрапейскіх фондаў. Атрымаўшы ў 2018 годзе ўзнагароду на IDFA у Амстэрдаме (галоўны дакументальны фестываль свету) за фільм «Sum­ma», ён умацаваў статус аўтара, здольнага перакладаць беларускі боль на мову ўніверсальнага чалавечага кіно. Менавіта таму да праекта «Лісты» далучыліся паўночнаеўрапейскія тэлекампаніі ARTE, DW, ZDF і TVP.

    Адзін з галоўных матываў фільма — стварэнне пачуцця прасторавай і інфармацыйнай ізаляцыі. У фільме паказана, як лісты застаюцца адзіным каналам сувязі паміж двума паралельнымі сусветамі: тым, хто ўнутры краіны (ці за кратамі), і тым, хто быў вымушаны ўцячы за мяжу. Тэма страчаных, цэнзураваных ці затрыманых лістоў у карціне становіцца метафарай цэлай нацыі, пазбаўленай голасу.

    Кадр з фільму. Правы: Cour­tesy of DocE­du Foun­da­tion

    Хто такі Андрэй Куціла?

    Андрэй Куціла нарадзіўся ў 1983 годзе. У 2007‑м скончыў факультэт журналістыкі БДУ, а праз два гады — Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Удзельнік прэстыжных міжнародных праграм IDFA­cad­e­my і Berli­nale Tal­ents, стыпендыят польскай праграмы Gaude Polo­nia.

    У 2018 годзе яго стужка «Sum­ma» здабыла ўзнагароду за найлепшы сярэднеметражны дакументальны фільм на найбуйнейшым кінафестывалі дакументалістыкі IDFA у Амстэрдаме. У рэжысёрскім даробку Куцілы больш за дзясятак дакументальных прац, якія атрымалі міжнароднае прызнанне, сярод якіх: «Днюка» (2010), «Госці» (2015), «Стрыптыз і вайна» (2019), «Абдымкаў трэба мне тваіх» (2020) і «Калі кветкі не маўчаць» (2021), «Святая вада» (2023) і іншыя.

    Паўторны сеанс карціны адбудзецца заўтра, 10 верасня, а 14:00 у зале Astra 2.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.