• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Памёр журналіст Вячаслаў Дашкевіч, бацька колішняга палітвязня Зміцера Дашкевіча

    Колішні палітвязень, вызвалены і выправаджаны з Беларусі летась у верасні, Зміцер Дашкевіч паведаміў аб смерці свайго бацькі Вячаслава. Яму было 88 гадоў.

    Памёр журналіст Вячаслаў Дашкевіч

    Вячаслаў Дашкевіч, бацька Зьмітра Дашкевіча. Архіўнае фота

    «Ты, татуля, жыў годна, адышоў ціха, як ты хацеў — уночы. Даруй, не магу прыехаць і разьвітацца з табою… дзікі час… Матуля памерла, калі я сядзеў на Валадарцы ў 2011, тады мяне вывезьлі на разьвітаньне. Цяпер, тата, даруй мне, не магу правесьці цябе ў апошні шлях… дзікі, дзікі час», — напісаў Зьміцер Дашкевіч на сваёй старонцы ў Face­book.

    Зьміцер Дашкевіч паведаміў, што незадоўга да сьмерці размаўляў з бацькам пра ягонае жыцьцё. «Запішыце ўсе-усе ўспаміны бацькоў, пакуль яны жывыя. Малюся, — казаў тата, — каб нам яшчэ пабачыцца. Гэта было няпроста, тата 1938 году. Тата пражыў доўгае, няпростае жыцьцё: дзіцёнкам пад рознымі акупацыямі і скрозь вайну, з маленства ў полі, з юнацтва на адной назе, працаваў і кінамэханікам, і на камбайне, і цаліну падымаў, і на будоўлях, большую частку жыцьця — журналістам, мэдаль ганаровага донара — кроў здаваў доўгія гады», — дадаў ён.

    «Я далёка ад вас, бацькі мае, але я працягну вас, працягну ў сваіх дзецях і справах. А прыйдзе дзень, мы будзем разам, на адной зямлі. Бывай, татка, дзякуй табе за жыцьцё, люблю цябе», — напісаў Зьміцер Дашкевіч.

    Выпускнік журфаку, працаваў у Расеі, але вярнуўся ў Беларусь

    Вячаслаў Дашкевіч пасьля заканчэньня журфаку Белдзяржунівэрсытэту працаваў адказным сакратаром Горацкай раённай газэты на Магілёўшчыне. Потым некаторы час жыў у Магаданскай вобласьці Расеі, дзе працаваў у мясцовых СМІ. У 1985 годзе вярнуўся зь сям’ёй у Беларусь.

    Пасьля арышту і суду над ягоным сынам Зьміцерам у адным з інтэрвію Радыё Свабода ён сказаў, што верыць у дабрыню.

    «Дабрыня ж у шырокім сэнсе слова, па біблейскіх паняцьцях, — любоў бескарысьлівая, якая не чакае якой-небудзь узнагароды за сваю дабрыню», — казаў ён.

    Вячаслаў Дашкевіч прызнаваўся, што не адразу ўхваліў палітычную актыўнасьць свайго сына.

    «Калі шчыра, то я адразу не ўхваліў такую ягоную палітычную актыўнасьць. Але калі я тры дні запар пабыў каля будынку так званага Дома правасудзьдзя ў Менску, дзе адбывалася судзілішча над маім сынам толькі за тое, што ён думае ня так, як думае афіцыйная ўлада, то ўбачыў, што яго публічна падтрымліваюць сотні людзей, і ня толькі маладафронтаўцы, а й сталыя, умудроныя жыцьцёвым досьведам людзі. І ўсе імкнуліся павіншаваць мяне з такім цудоўным сынам, падбадзёрыць, падкрэсьліць, што я павінен ганарыцца такім мужным сынам. Вось гэта і ёсьць дабрыня. І я веру ў такую дабрыню і такую моладзь. І я ганаруся табою, мой сын, і ўсімі тымі, хто цябе падтрымлівае», — казаў Вячаслаў Дашкевіч у 2007 годзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.