«Атрымала яе за ўсіх нас». Беларуская журналістка Ганна Любакова ўганараваная прэміяй Amnesty International Chair
Цырымонія адбылася 1 кастрычніка ў бельгійскім Генце. Беларуская дыяспара дапамагла з арганізацыяй культурніцкай часткі івэнту.

Журналістка Ганна Любакова. Выява: Белсат
Штогод універсітэт Гента ў Бельгіі сумесна з арганізацыяй Amnesty International ушаноўвае ганаровай прэміяй людзей, якія зрабілі значны асабісты ўнёсак у абарону правоў чалавека.
Сёлета лаўрэаткай Аmnesty International Chair была абраная беларуска Ганна Любакова — журналістка, палітаналітык і старэйшая запрошаная супрацоўніца Atlantic Council, якая распавядае замежнай аўдыторыі пра рэпрэсіі і аўтарытарны рэжым у нашай краіне, а таксама пра грамадзянскі супраціў беларусаў і жаданне дэмакратычных перамен.
Прэмія прысуджаецца з 2007 года. Яе першай уладальніцай стала Айрын Хан — першая жанчына і першая прадстаўніца Азіі, якая стала на чале міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International і ініцыявала сусветную кампанію па спыненні гвалту супраць жанчын і дзяўчат.
Таксама ў розныя гады ўзнагароду атрымлівалі выбітная егіпецкая пісьменніца і феміністка Наваль Эль-Саадаві, праваабаронца з Бурундзі Саланжэ Хабонімана, першы галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Луіс-Марэна Акампо, бельгійскі эксперт па правах дзяцей і экс-рэгіянальны дырэктар ЮНІСЕФ Герт Капелер, сацыяльны і культурны антаполаг з Нідэрландаў Глорыя Уікер.
Адметна, што кожны лаўрэат прэміі атрымлівае не толькі ганаровае званне, але і пэўны акадэмічны статус: магчымасць прачытаць публічную лекцыю на вялікую аўдыторыю і яшчэ раз прыцягнуць увагу да праблем з правамі чалавека.

На цырымоніі ўганараваная прэміяй Amnesty International Chair. Фота з асабістага архіву Ганны Любаковай
Ганна Любакова распавяла ў Генце пра тое, як паўстаюць і ўкараняюцца дыктатуры. Як за трыццаць год беларусаў паступова пазбаўлялі правоў і свабод, як улады знішчалі незалежныя істытуцыі і пазбаўляліся грамадскана кантролю. І чаму досвед нашай краіны такі важны для свету сёння, калі аўтарытарныя ідэі і практыкі набралі моц у многіх іншых краінах і гэта стала адным з моцных выклікаў для дэмакратый.
Зрэшты — гэтая тэма вартая таго, каб да яе звярнуцца асобна, што мы неўзабаве зробім. А пакуль запыталіся па гарачых слядах, як усё прайшло.
— Было вельмі крута, — дзеліцца з «Салідарнасцю» эмоцыямі Ганна. — Прэмія праходзіла ў вялікай тэатральнай залі: чырвоныя крэслы, урачыстая атмасфера, і вельмі шмат людзей. Было кіраўніцтва бельгійскай Amnesty International, універсітэцкай сеткі Human Rights Network, адміністрацыя і прафесары Генцкага ўніверсітэта.
Гучалі некалькі прамоў пра Беларусь, пра мяне — было нават, па шчырасці, крыху няёмка гэта слухаць: калі ўсе так хваляць, чакаеш нейкай падставы (Смяецца).
Рэктарка Петра дэ Сутэр уручыла мне прэмію, гэта такі адмысловы медаль. Але хачу зноў падкрэсліць: гэта не мая асабістая ўзнагарода, лічу, што атрымала яе за ўсіх нас: усіх беларусаў, якія змагаліся і змагаюцца з дыктатурай, асабліва палітвязняў.

На цырымоніі ўганараваная прэміяй Amnesty International Chair. Фота з асабістага архіву Ганны Любаковай
Дарэчы, перадаць беларускі вайб на імпрэзе дапамог невялічкі, але эмацыйна зараджаны выступ Сержука Башлыкевіча — Генцкі ўніверсітэт сам звярнуўся да Ганны Любаковай з запытам, які культурны элемент дадаць у праграму прэміі, а беларуская дыяспара ў Бельгіі дапамагла з арганізацыяй прыезду музыкі.
Да таго ж, на мерапрыемства адмыслова прыехалі актывісты дыяспары, нават з іншых еўрапейскіх краін.
Публіка ж, распавядае Ганна Любакова, сабралася вельмі стракатая: навукоўцы, педагогі, журналісты, праваабаронцы, актывісты з розных краін (напрыклад, нават з Эквадора). Для многіх прамова пра Беларусь стала адкрыццём. Пазней пыталіся пра тое, наколькі важная сёння нашая мова, чаму рэвалюцыя не перамагла ў 2020‑м і ці спрыяюць пратэсты дасягнуць дэмакратыі, якая будучыня чакае нашу краіну і што значыць Беларусь для агульнаеўрапейскай бяспекі.
— Мяне ўразіла, што людзі слухалі мой выступ ад пачатку да канца, а пазней падыходзілі і дзякавалі за маю лекцыю. Я бачыла, што ёсць гэтая аддача, што ім было цікава даведацца пра нашыя падзеі, зразумець сэнсы. Мабыць, мікс інтэлектуальнай дыскусіі, персанальнага досведу і канкрэтных прыкладаў рэпрэсій шмат у каго са слухачоў знайшоў водгук.
Нават рэктарка ўніверсітэта зазначыла, што пачула вельмі важныя моманты — пра тое, як не-норма становіцца нібыта нормай, як людзі прывыкаюць да такіх маленькіх рэчаў і наколькі гэта дае перспектыву разумення таго, што адбываецца сёння ў Еўропе.
Таксама ў мяне было вялікае інтэрв’ю для буйнога выдання ў фламандскай частцы Бельгіі — і гэта яшчэ адна магчымасць прыцягнуць увагу да Беларусі, распавесці пра тое, што адбываецца. Таму, лічу, учорашні дзень можна назваць паспяховым.
@bajmedia