Дакументальны фільм пра Беларусь намінаваны на нямецкую кінапрэмію ў галіне правоў чалавека
Дакументальны фільм Blackbox Belarus: Wenn die Freiheit stirbt («Чорная скрыня: Беларусь. Калі памірае свабода») нямецкай рэжысёркі Ірэне Лангеман увайшоў у шорт-ліст Deutscher Menschenrechts-Filmpreis 2026 — нямецкай прэміі ў галіне правоў чалавека ў кіно.

Кадр з фільма «Blackbox Belarus: Wenn die Freiheit stirbt». © WDR / Lichtfilm
Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце прэміі.
Фільм Blackbox Belarus: Wenn die Freiheit stirbt выйшаў у 2025 годзе і расказвае пра Беларусь праз галасы людзей, якія апынуліся ў эміграцыі, і іх асабісты досвед — пра страх, палітычны пераслед, разрыў сямейных сувязяў, страту звыклага жыцця і існаванне ва ўмовах новай рэальнасці.
Назва Blackbox Belarus адсылае да ўсё большай закрытасці Беларусі для знешняга свету і цяжкасцяў з атрыманнем інфармацыі пра тое, што адбываецца ўнутры краіны.
«За апошнія некалькі гадоў Беларусь усё больш ператваралася ў black box — чорную скрыню. Незалежная журналістыка і свабоднае асвятленне падзей унутры краіны сталі практычна немагчымымі, а колькасць выяваў і сведчанняў, якія могуць бесперашкодна трапіць за яе межы, рэзка скарацілася», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ад каманды Blackbox Belarus.
Адметна, што ў афіцыйных тытрах няма імёнаў беларускіх удзельнікаў здымачнай групы. Гэта было свядомае рашэнне, прадыктаванае меркаваннямі бяспекі людзей, якія ўдзельнічалі ў стварэнні фільма.
Стужка Blackbox Belarus здымалася нямецкай рэжысёркай Ірэне Лангеман для тэлеканала WDR ў супрацы з кінакампаніяй Lichtfilm. Лангеман шмат гадоў працуе з тэмай Усходняй Еўропы, постсавецкай прасторы, палітычных зменаў і чалавечых лёсаў. У 2022 годзе яна зняла дакументальны фільм Belarus – Ein kurzer Traum von Freiheit («Беларусь — кароткі сон пра свабоду»), прысвечаны падзеям пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і беларускім пратэстам.
Deutscher Menschenrechts-Filmpreis — гэта нямецкая кінапрэмія, якая адзначае фільмы і відэаматэрыялы, прысвечаныя правам чалавека. Яе ўручаюць раз на два гады, пачынаючы з 1998 года.
Сёлета на конкурс паступіла 371 праца. Blackbox Belarus удзельнічае ў намінацыі Kurzfilm — для прафесійных фільмаў працягласцю да 45 хвілін. Лаўрэатаў абвесцяць 10 лістапада. Пераможцы ў кожнай з катэгорый атрымаюць 2 500 еўра і адмысловую статуэтку.
Фільм Андрэя Куцілы «Лісты» пра рэпрэсіі ў Беларусі атрымаў прэмію на Венецыянскім кінафестывалі
@bajmedia