«Я злавіў сябе на тым, што зацягвае і мяне». Як рэжысёр Аляксандр Гарадко нечакана для сябе зняў дакументалку пра фанатаў Макса Каржа
Дакументальны фільм пра фанатаў Макса Каржа «Движ», які зняў беларускі рэжысёр Аляксандр Гарадко, паказалі ў кастрычніку адразу на двух польскіх фестывалях – у Лодзі і ў Шчэціне.
Напярэдадні прэм’еры «Белсат» паразмаўляў з аўтарам стужкі пра тое, якія эмоцыі ён перажываў, знаходзячыся ў самым сэрцы руху, натхнёнага творчасцю Каржа, і ці паспрабаваў дзяліцца гэтымі пачуццямі з гледачом.

Рэжысёр фільму «Движ» Аляксандр Гарадко. Варшава, Польшча. 29 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Белсат»: Падчас прагляду фільму я рабіў для сябе нататкі, трымаючы ў галаве будучую размову з табой, і на апошнім кадры «Движу» занатаваў: «Страшна, блін…». Ты, калі здымаў гэтае кіно, мог сабе ўявіць, што хтосьці адчуе страх?..
Аляксандр Гарадко: Дзіўна прагучыць, але я цешуся, што фільм можа выклікаць такія эмоцыі, таму што кіно ўвогуле – для эмоцыяў. І я вельмі люблю гэты кадр, здымаў яго сваімі рукамі, на iPhone. Мы да гэтага працавалі гадзінаў 40 амаль без сну, у мяне была, як потым высветлілася, тэмпература пад 39. І, уласна кажучы, я ішоў дамоў і пабачыў гэты бясконцы натоўп. Проста не мог яго не зняць. Хвіліны дзве трымаў камеру. Было ўражанне, што гэта мятлікі, якія ляцяць на святло. На святло паліцэйскіх мігалак.
Я не ведаў, куды і навошта я гэты кадр здымаю, але ён мяне захапіў. Потым ён лёг на цітры і падаецца мне вельмі важным.

Кадр з фільму «Движ» Аляксандра Гарадко. Фота прадстаўлена рэдакцыі
«Размаўляць з гледачом галасамі герояў»
– Таму кадру папярэднічае маналог аднаго з герояў – беларуса Дзімы. Ён кажа, што трэба «знаходзіць сваіх сярод зброду і тварыць дабро». Маўляў, сам-адзін свет не зменіш. А потым – гэты план з «бясконцым натоўпам» раптам асамотненых людзей, якія толькі што шалелі пад піва і Каржа… Якія эмоцыі перажываў ты, калі рабіў гэтую стужку?
– Гэта хлусня, што дакументалістыка можа быць бесстаронняй і што гэта чыстая фіксацыя рэальнасці. Рэжысёр усё адно выбірае, што ён здымае і што пакідае падчас мантажу – дае сваю аўтарскую пазіцыю. І ў гэтым сэнсе «Движ» быў для мяне выключэннем – я імкнуўся да максімальнай нейтральнасці. Менавіта таму, уласна кажучы, у фільме некалькі розных герояў, не падобных адно да аднаго, розныя галасы пакалення. Мне важна было стварыць шматгалоссе і абысціся без аўтарскай пазіцыі. Размаўляць з гледачом галасамі герояў…
Гэты фільм для мяне – спроба не выказацца, а найперш паказаць гэты велізарны рух і пласт людзей, якія зусім не навідавоку. Паказаць з’яву і не даваць уласнай ацэнкі.
– А ці лёгка было трымаць дыстанцыю?
– У маім юнацтве Макс Корж гучаў адусюль. Але з тых часоў я зусім не слухаў яго. Некаторыя песні ўпершыню пачуў толькі падчас здымак. Зразумела, я ведаў, што ў Каржа шмат фанатаў. Але ў маім асяроддзі іх не было. І гэта мне дапамагло трымаць дыстанцыю і здымаць халоднай камерай.
Але, правёўшы шмат часу са сваімі героямі ў паездках, а потым – 48 гадзінаў перад канцэртам, я злавіў сябе на тым, што зацягвае і мяне. І скажу так: унутры там рэальна класна! Весела. Як на футболе. Велізарная колькасць людзей, аб’яднаных любоўю да чагосьці, дае моцны зарад. І ўнутры гэтая энергія зусім іншая, чым падаецца звонку. Гэта было для мяне сюрпрызам. Але на мантажы я пастараўся не паддацца гэтай сімпатыі.

Кадр з фільму «Движ» Аляксандра Гарадко. Фота прадстаўлена рэдакцыі
«Я нічога не цэнзурую»
– Ты кажаш, што ўсярэдзіне варушняка было класна. Але ці было бяспечна? Кадры з затрыманнем фанатаў, якія выскоквалі на танцпол, увайшлі і ў твой фільм. «Мы ўвогуле ў цэнтры Еўропы знаходзімся ці ў Менску?» – пытаецца адзін з тваіх герояў.
– Падчас здымак пры мне выпадкова была разбітая адна бутэлька на вуліцы. Я не бачыў ніводнай бойкі, ніводнай разбітай вітрыны. Не хацеў бы выступаць тут у ролі адваката каго-кольвек, але я ніякай шкоды не пабачыў. Калі б я яе бачыў – здымаў бы і паказаў бы. Я нічога не цэнзурую. І гэта праўда: я сябе адчуваў там абсалютна бяспечна.
Зразумела, што збоку гэтыя каржоўцы маглі выглядаць небяспечнымі хлопцамі. Але нешта ламаць ці з кімсьці біцца супярэчыла б таму, што транслюе ім Корж. Гэта проста не ў іх правілах. Тое, што яны пачалі выскокваць на танцпол, было хутчэй нейкім дзіцячым імпульсам, а не агрэсіяй. Ну, а дзеянні паліцыі чужой дзяржавы я ацэньваць не хацеў бы…
– Хто яны ўвогуле – удзельнікі «Движу»?
– Сам пошук герояў заняў каля месяца. Нам не патрэбныя былі нейкія ўзорныя прадстаўнікі руху з адной бурбалкі. Пошук мы вялі праз розныя групы дыяспараў у розных краінах. Я напісаў, пэўна, больш за 100 паведамленняў, і некалькі дзясяткаў чалавек згадзіліся здымацца. А далей мы ўжо збіралі пазл: хацелі мультыкультурнасці, герояў з розных краін са сваімі гісторыямі.
Для нас важна, каб глядач пабачыў у нашых героях індывідуальнасці, а не кардонных паклоннікаў з надпісам на ілбе: «Я фанат Макса Каржа». Бо людзі вельмі любяць абагульняць і спрашчаць. А мае героі – гэта людзі, якія ходзяць і на канцэрты іншых музыкаў, у іх розныя густы, у кожнага – свой лёс і нават, як высветлілася, свае погляды на палітыку. Гэтыя людзі вельмі розныя. І ставіць нейкі агульны дыягназ я не буду.
«Гэта цяжка назваць „па-за палітыкай“»
– Ты кажаш, што сам не фанацеў ад Каржа. Тады адкуль ідэя зняць такі фільм? Што было драйверам?
– Пунктам адліку стала інфармацыя, што ў Варшаве ў жніўні 2025-га адбудзецца самы маштабны канцэрт Макса Каржа ў гісторыі. Усе былі троху заінтрыгаваныя. Але ідэя зняць пра гэта фільм была не мая, а Януша Гаўрылюка (рэдактар стужкі), які напачатку проста прапанаваў абмеркаваць такую магчымасць.
Мне адразу падалося абсалютна бессэнсоўна рабіць фільм пра Макса Каржа – суперзакрытага чалавека, які нікому не дае інтэрв’ю і нам таксама не дасць. Дарэчы, так, мы спрабавалі выйсці на кантакт з ім – бясплённа. І тады з’явілася думка зняць стужку не пра яго, а пра людзей, для якіх ён стаў кумірам.

Рэжысёр фільму «Движ» Аляксандр Гарадко. Варшава, Польшча. 29 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Ці ж гэта нецікава, што 80 тысяч чалавек з’язджаюцца з розных краінаў у Варшаву затанчыць пад Каржа, які ў многіх асацыюецца з пазіцыяй «я па-за палітыкай»? Ці яго тусоўка таксама «па-за»?.. Падчас здымак я пабачыў абсалютна розных людзей з рознымі пазіцыямі і поглядамі, у тым ліку палітычнымі. Я дакладна не хацеў рабіць палітычны фільм, але самі героі і тое, што я бачыў вакол, – гэта цяжка назваць «па-за палітыкай».
– Ты шмат часу правёў сярод іх, набраўся энергіі «Движу». На чым, па-твойму, палягае феномен Каржа?
– Калі я быў у самай сярэдзіне грамады, якая скандуе ягоныя тэксты, я ўважліва ўслухоўваўся ў словы і раптам зразумеў: колькі б творчасць Каржа ні называлі папсовай ці яшчэ як, – у яго вельмі моцныя і дакладныя тэксты. З простых фразаў ён рэальна сплятае сэнсы, зразумелыя і блізкія вялікай колькасці людзей – сапраўды піша крутыя тэксты і моцную музыку. І я пры гэтым шчыра афігеваў, калі словы «Матылька» – такой, як па мне, сэксісцкай песні – скандавалі і мужчыны, і жанчыны.
Корж умее пісаць тэксты, якія хочацца спяваць у шматтысячным натоўпе. Думаю, гэта дар. Людзі зліваюцца ў ягоных тэкстах у адно. Я адчуў гэта знутры. І гэта прабівае.
А ўвогуле, я, канешне, ніякі не эксперт і не крытык і ў фільме не ставіў перад сабой задачу аналізаваць, у чым феномен Макса Каржа, не спрабаваў у гэтым разбірацца. Яшчэ адзін важны момант, у чым, напэўна, таксама ягоная ўнікальнасць. У Осла, калі мы здымалі нарвежскі «Движ», хтосьці з хлопцаў сказаў, што ім, уласна, канцэрты Каржа ўжо асабліва і не патрэбныя. Маўляў, ён запусціў гэты варушняк, а збірацца людзі будуць усё роўна – нават і без яго…
«Я лічу, што Корж – гэта беларус, і не трэба аддаваць сваіх»
– Якую ролю ў гэтым феномене адыгрывае, па-твойму, «вялікая і магутная»? Я пра расейскую мову…
– Ведаеш, для мяне як беларуса, пры тым, што апошнім часам я спажываю ў асноўным беларускамоўную музыку, літаратуру і гэтак далей, спроба запіхнуць усю беларускую культуру ў беларускамоўную падаецца вялікай памылкай. Бенька (Святлана Бень. – Рэд.) піша проста боскую музыку пад расейскую мову. Але ж гэта, безумоўна, беларуская культура.
Недзе праз пару месяцаў пасля здымак я прысутнічаў на нейкім форуме, дзе ішла дыскусія пра беларускую культуру. І хтосьці там з пенай на губах даводзіў, што Корж – гэта не беларуская культура, бо спявае на расейскай і не толькі для беларусаў. Гэта дзіўная думка. Я лічу, што Корж – гэта беларус, і не трэба аддаваць сваіх, незалежна ад таго, на якой мове яны спяваюць і для якой аўдыторыі…

Кадр з фільму «Движ» Аляксандра Гарадко. Фота прадстаўлена рэдакцыі
– А не было такога адчування, што «Движ» стварае ўсяго толькі ілюзію еднасці…
– Складанае пытанне. Я разумею, што хоць яны ўсе там адно – беларусы, украінцы, расейцы, малдаване і г.д., – але калі капянуць глыбей, усё нашмат складаней. Але ведаеш, я, шчыра кажучы, думаю, што і на (Сяргея) Міхалка хадзілі людзі з рознымі пазіцыямі, і хтосьці прыходзіў проста паслэміцца і паскакаць… Я думаю, што Корж мае права рабіць тое, што ён хоча. Я ўвогуле за тое, каб кожны рабіў што хоча, у гэтым сэнсе.
«Я не хацеў бы адказваць на гэтае пытанне…»
– Ого, ты і праўда прасякся ягонымі ідэямі (смех). Як я разумею, на фестывалі медыяў «Чалавек у небяспецы» («Człowiek w Zagrożeniu») ў Лодзі «Движ» паказваюць упершыню (15 і 16 кастрычніка). Што потым?..
– А ўжо 17 кастрычніка «Движ» стане ўдзельнікам конкурсу еўрапейскіх дакументальных фільмаў на кінафестывалі ў Шчэціне. І мы чакаем адказаў яшчэ ад некалькіх фестываляў. А там ужо паглядзім, які будзе далейшы лёс стужкі. Але толькі пасля гэтай фестывальнай гісторыі фільм змогуць пабачыць гледачы «Белсату». Спадзяюся, прэм’ера на вялікім экране адбудзецца і ў Варшаве, а пасля сеансу можна будзе падыскутаваць.

Рэжысёр фільму «Движ» Аляксандр Гарадко. Варшава, Польшча. 29 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
– Цікава. Пасля «Движу» ты здымаеш дакументальны серыял «Талака. Будуем Мрою». Абодва праекты – пра тое, што можа абʼядноўваць людзей. Сілы і механізмы розныя, так?
– Я б сказаў, гэтыя праекты ўсё ж не пра тое, што можа абʼядноўваць, а ці можа ўвогуле абʼядноўваць. Можа ці не… Кожны раз спрабую зразумець гэта. Гэта пра тое, пра што ты ўжо пытаўся – ці рэальнае гэта абʼяднанне. Ці не ілюзія? Я не хацеў бы адказваць на гэтае пытанне. Няхай паспрабуюць адказаць гледачы «Движу».
@bajmedia