Instagram журналіста і прадзюсара Сяргея Будкіна трапіў у «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма
Міністэрства інфармацыі Беларусі 20 кастрычніка ўвечары чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Сяргей Будкін. Фота з асабістага архіва героя
У яго ўключылі YouTube-канал «Евгений Глушков» (ідэнтыфікатар https://youtube.com/@Ygin24). Ён належыць былому палітвязню, відэааператару з Магілёва Яўгену Глушкову, які сёлета ў жніўні выйшаў з‑за кратаў пасля больш як двух з паловай гадоў зняволення.
Яго відэаканал быў прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» 15 кастрычніка 2026 года судом Ленінскага раёна Магілёва. Апошнія відэаролікі былі размешчаныя на ім больш за тры гады таму.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі старонку ў Facebook з назвай Siarhei Bespalau (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/sergey.artasow). Яна належыць блогеру Сяргею Бяспалаву, стваральніку праектаў «Мая Краіна Беларусь» і «Вусы Лукашэнкі», ён вымушана з’ехаў з Беларусі пасля задушэння пратэсных падзей 2020 года. Улады абвясцілі Бяспалава ў міждзяржаўны вышук і завочна асудзілі да 18 гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам 1 000 базавых велічынь (42 тысячы рублёў). Мінскі абласны суд прызнаў блогера вінаватым па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У тым ліку ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, арганізацыі масавых беспарадкаў і ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку.
Асабістыя старонкі Бяспалава ў сацсетках, а таксама старонкі яго праектаў розныя суды прызнавалі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» і раней — яшчэ з 2022 года. Гэтым разам кантэнт яго акаўнта ў Facebook прызнаў «экстрэмісцкім» суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска на пасяджэнні 15 кастрычніка 2026 года.
Гэтаксама 15 кастрычніка 2026 года той самы суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку siarhei.budkin у сацсетцы Instagram (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/siarhei.budkin). Старонка належыць Сяргею Будкіну — беларускаму журналісту, прадзюсару і культурніцкаму дзеячу, рэдактару партала «Тузін Гітоў».
У «экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма трапіла і старонка ў Instagram з назвай «Новости Belarus» (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/belarus_timenews), на якой размешчана ўсяго 4 публікацыі. 16 кастрычніка 2026 года яе змест прызнаў «экстрэмісцкім» суд Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.
@bajmedia