Незалежная Школа фатаграфіі ФШ1 адзначыла 10-годдзе
У варшаўскай кавярні Turnus 25 кастрычніка адбылося святкаванне дзесяцігоддзя фатаграфічнай платформы ФШ1. Павіншаваць ініцыятыву прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек — заснавальнікі, фатографы, мастакі і сябры супольнасці сабраліся разам, каб адзначыць юбілей, падвесці вынікі і паказаць, чым жыве беларуская незалежная фатаграфія ў эміграцыі.

Сузаснавальнік ФШ1 Андрэй Дубінін. Фота: Reform.news.
Дзесяць гадоў таму ў Мінску пяцёра энтузіястаў стварылі Школу фатаграфіі (ФШ1), якая першапачаткова грунтавалася на прасторы «Студыя 67» і факусавалася на фотаадукацыі. Аднак пасля 2020 года і вымушанага ад’езду каманды з Беларусі праект апынуўся на паўзе.
Новая глава арганізацыі пачалася ў 2023 годзе ў Варшаве: каб працягнуць працаваць на карысць супольнасці, ініцыятыва трансфармавалася ў міжнародную платформу. Цяпер яе мэта — зрабіць беларускіх аўтараў больш бачнымі ў свеце. Для гэтага каманда запісвае падкасты, рыхтуе публікацыі на розных мовах, арганізуе жывыя размовы, артыст-токі і будуе міжкультурныя сувязі.
Як адзначыў у сваёй прамове сузаснавальнік ФШ1 Яўген Атцецкі, вяртанне да праекта стала адказам на асабісты досвед эміграцыі:
«Маё асабістае адчуванне таго, што такое быць без кам’юніці, прывяло да думкі, што гэтае пачуццё ёсць у шмат якіх беларускіх фатографаў. Быць у эміграцыі і заставацца творчай асобай — вельмі цяжка. Таму для нас важна заставацца ў творчасці і падтрымліваць адзін аднаго».
Сёння ФШ1 працуе ў новым фармаце, выбудоўваючы сувязі з еўрапейскай фатаграфічнай інфраструктурай. Асаблівую падзяку каманда выказала сваім польскім партнёрам — фундацыі Picture Doc (і прасторы Duży Pokój) ды кавярні Turnus, якія сталі пляцоўкамі для рэалізацыі ініцыятывы.

Фота: А.Д.
Польскія калегі адказалі такім жа цёплым прызнаннем. Прысутная на святкаванні прадстаўніца фундацыі Picture Doc Юлія Клеванец павіншавала каманду з юбілеем і звярнулася да прысутных з заклікам падтрымаць беларусаў:
«Тое, што вы робіце, надзвычай важна для ўсіх беларускіх творцаў і для беларускай культуры. Гэта ўнікальная, але і вельмі цяжкая праца, якая вымагае вялікага самаахвяравання. Таму вашу супольнасць трэба падтрымліваць. Мы часта гартаем Instagram і думаем: “Які прыгожы профіль, як ён натхняе!”, але за гэтым стаіць цяжкая праца людзей. Зычу вам сто гадоў!»
Кульмінацыяй святкавання стаў мастацкі кірмаш, дзе можна было набыць работы беларускіх аўтараў і незалежных выдавецтваў (у тым ліку арт-выданняў TAMAKA і кніг сучаснай літаратуры ад «Мяне няма»). Сярод аўтараў, чые творы былі прадстаўленыя на кірмашы, — Іра Арахоўская, Яўген Атцецкі (з здымкамі Мінска 2015–2020 гадоў), Каця Смурага, Глеб Бурнашаў і Alexandra Se Glück.
Арганізатары нагадалі галоўны пасыл ініцыятывы — «Купляйце ў жывых аўтараў» — і заклікалі падтрымліваць супольнасць ), бо на дадзены момант праект функцыянуе без сталага фінансавання.
Акрамя таго, ФШ1 застаецца адкрытай гарызантальнай платформай для калабарацый: кожны фатограф ці мастак можа прыйсці са сваёй ідэяй і далучыцца да новых праектаў супольнасці.
Застацца ў кадры: як беларускія візуальныя журналісты пераадольваюць выклікі эміграцыі
@bajmedia