• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Былога заснавальніка баранавіцкай газеты выключылі са спісу тэрарыстаў

    Раней стала вядома, што былога заснавальніка баранавіцкай газеты Анатоля Вайцяхоўскага, які вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні і інтэрв’ю БТ, абвясцілі яшчэ і тэрарыстам. Але цяпер у гэтым спісе яго ўжо няма. 

    Анатоль Вайцяхоўскі

    Анатоль Вайцяхоўскі. Скрыншот: БТ

    Цяпер Вайцяхоўскі не толькі застаецца на свабодзе, але можа і завесці тэлефонны нумар, і карыстацца банкаўскай карткай. Прычыны, чаму ў дачыненні да яго змянілі гнеў на міласць, невядомыя. 

    Да паслявыбарчых пратэстаў 2020 года Анатоль Вайцяхоўскі з сям’ёй жыў у Баранавічах, пэўны час працаваў на раённым вузле электрасувязі. У сярэдзіне 1990‑х стаў адным з заснавальнікаў мясцовай газеты «Шаг». Гэта адна з першых прыватных газет горада і некалі адна з самых папулярных, яе наклад дасягаў 11 тысяч экзэмпляраў. Пазней яна перафарматавалася ў чыста рэкламную.

    У пачатку 2000‑х Вайцяхоўскі сышоў з журналістыкі, стаў прадпрымальнікам. Ён займаўся медыцынай і таварамі для здароўя. У 2023 годзе яго затрымаў ГУБАЗіК — за тое, што Анатоль пакідаў у тэлеграме каментарыі супраць расійскага ўварвання ва Украіну і гвалту сілавікоў, але калі яго выпусцілі, ён аператыўна эвакуяваўся за мяжу пры дапамозе «Байсола», жыў у Беластоку.

    У пачатку 2026 года Вайцяхоўскі праз камісію па вяртанні вярнуўся ў Беларусь.

    Нягледзячы на тое, што ён зняўся ў прапагандысцкім фільме БТ, яго судзілі па чатырох палітычных крыміналках:

    • ч. 3 арт. 361 КК — «заклікі да санкцый», 
    • ч. 2 арт. 367 КК — «паклёп на Лукашэнку»,
    • ч. 2 арт. 368 КК — «абраза Лукашэнкі»,
    • ч. 1 арт. 361‑4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

    Мінімум, які ён мог атрымаць па гэтых артыкулах, — чатыры гады калоніі. Аднак Вайцяхоўскаму далі хатнюю хімію.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.