Актывістка Алеся Пархоменка выказала пагрозы ў бок журналісткі Кацярыны Андрэевай
Самапрызначаная дэмакратычная амбасадарка Беларусі на кіпры Алеся Пархоменка выступіла з пагрозамі на адрас былой палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай. Яна пагражае раскрыць каналы, якімі грошы ідуць на падтрымку палітвязням і іх сем’ям.

На мінулым тыдні «Наша Ніва» напісала пра блогерку Крысціну Васіну, якую пасадзілі пасля публічных даносаў некаторых беларускіх эмігрантаў. Выданне называла Сяргея Пятрухіна, Ксенію Пляшкову і Алесю Пархоменка.
Кацярына Андрэева ў сацсетках падтрымала абурэнне даносчыкамі. У адказ на гэта Пархоменка заявіла, што перадавала грошы на падтрымку сям’і Андрэевай, пакуль тая сядзела пяць з паловай гадоў за кратамі.
«Дык вось я прапаную ёй вярнуць мне грошы, або я апублічу чэкі і па яе віне пацерпяць іншыя», — піша Пархоменка. Яна дае тры дні на выкананне свайго патрабавання.

Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада 2020 года падчас стрыма з «Плошчы пераменаў». Яна правяла за кратамі пяць з паловай гадоў, а пасля вызвалення вярнулася ў прафесію.
Алеся Пархоменка пачала супрацоўнічаць з Народнымі амбасадамі ў кастрычніку 2023 года. Але ў чэрвені 2025-га гэтае супрацоўніцтва спынілі, яе пазбавілі статусу прадстаўніцы і закрылі доступ да працоўных рэсурсаў сеткі. Пасля гэтага актывістка прызначыла сябе прадстаўніцай Дэмакратычнай (не Народнай) амбасады Беларусі на Кіпры.
@bajmedia