• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Я таксама мацюкаюся, але чаму гэта павінны слухаць мае гледачы?

    Расказваюць, што неяк Зянон Пазняк, Сяргей Навумчык і Вітаўт Кіпель ехалі па амерыканскай шашы. Навумчык расказаў Кіпелю анекдот з расейскім матам. Пазняк з каменным тварам выгукнуў: «Вітаўт, спыні машыну!». Патрыярх беларускай дыяспары нібыта перасякаў для гэтага аж сем палос. Калі Пазняк выйшаў з машыны, то працадзіў праз зубы: «Сяргей, выплюнь з сябе гэтую расейшчыну». 

    Дзмітрый Гурневіч

    Чым скончылася гэтая паездка, я раскажу пазней. Спачатку — пра навуку. 

    Брытанскія навукоўцы высветлілі: мацюкі дапамагаюць лягчэй пераносіць боль. У эксперыменце людзі, якія лаяліся, даўжэй трымалі руку ў ледзяной вадзе. Але ёсць падвох: чым часцей чалавек мацюкаецца ў звычайным жыцці, тым слабейшы эфект. Іншымі словамі, мацюк дапамагае, пакуль застаецца выключэннем. 

    Не ведаю, ці чыталі пра гэта беларускія ютуб-журналісты, блогеры і проста інфлюенсеры, але некаторыя, здаецца, вырашылі праверыць адкрыццё брытанцаў на сабе. Прычым не толькі тады, калі баліць.

    Адразу прызнаюся, я таксама часам мацюкаюся. Бывае, што нават з задавальненнем. І не бачу ў гэтым вялікай трагедыі. Але ў эфіры гэтага не раблю. Не таму, што лічу сябе ўзорам прыстойнасці. Мне здаецца, што журналіст павінен крыху больш дбаць пра мову, чым чалавек, які распавядае анекдот сябрам за сталом.

    Я зусім не хачу займацца маралізатарствам. Кожны мае права лаяцца, колькі яму хочацца. Больш за тое, часам добра пастаўлены мацюк можа быць смяшнейшы за дзесяць прыдуманых жартаў. А часам ён настолькі дакладна перадае эмоцыю, што замяніць яго сапраўды цяжка.

    Але калі мацюкі гучаць у кожным другім сказе, мне ўжо не смешна. Мне гэта проста рэжа слых. Я пачынаю думаць не пра тое, што чалавек гаворыць, а чаму ён не можа сказаць гэтага інакш. Асабліва калі гэта журналіст. Чалавек, для якога мова не проста спосаб замовіць каву ці паслаць кагосьці падалей, а галоўны прафесійны інструмент.

    Скажаце, амерыканскія блогеры таксама мацюкаюцца? Вядома. Але сумняюся, што расейскі мат беларускія ютуберы перанялі з амерыканскіх шоу. Ды і справа не ў тым, адкуль прыйшла гэтая мода, з ютубу ці бандыцкіх серыялаў, а ў тым, ці варта нам яе пераймаць. 

    Мацюк — гэта парушэнне табу. І менавіта таму ён часам так добра працуе. Адно нечаканае слова можа выклікаць смех, перадаць абурэнне, разбурыць афіцыйную дыстанцыю. Але калі гэтае табу парушаюць кожныя тры хвіліны, яно перастае быць табу. Мацюк працуе, пакуль ён выключэнне. 

    Ёсць у мяне падазрэнне, што гэтую моду мы часткова перанялі з расейскага ютубу. Там мацюкі даўно сталі часткай публічнай мовы многіх блогераў, інтэрв’юераў і журналістаў. Яны гучаць не толькі тады, калі чалавек не можа стрымаць эмоцый, але і тады, калі яму проста трэба запоўніць паўзу. Сху… лі?

    Магчыма, гэта агульная тэндэнцыя інтэрнэту, а не толькі ўплыў расейскага ютубу. Але мне хацелася б, каб мы, пераймаючы ў іншых удалыя фарматы і прыёмы, не забываліся выпрацоўваць уласны стыль. І каб клопат пра мову быў ягонай неад’емнай часткай.

    Ды вернемся на амерыканскую шашу. Можна зразумець Пазняка.  Мова — гэта і пытанне густу, звычкі, самапавагі, але ў гэтым выпадку я на баку Навумчыка — ён мацюкаўся не ў эфіры. І на баку Кіпеля. Паводле сведкаў, калі ён зразумеў, навошта спыняўся праз сем палос, то таксама выказаўся. Прычым так, што Пазняку давялося б спыняць машыну яшчэ раз. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.