«Каб ніхто не заставаўся сам-насам». Якой падтрымкі бракуе беларускім журналістам
«Каб ніхто не заставаўся сам-насам са сваімі праблемамі», — так Андрэй Бастунец акрэсліў галоўны прынцып працы БАЖ на «Крэатыўнай медыялабараторыі», якая адбылася ў Вільні 12–13 лістапада.

Ілюстрацыйная выява. Створана БАЖ з выкарыстаннем ШІ
З чым сутыкаюцца сёння беларускія журналісты, якой дапамогі ім бракуе і што з гэтым можна рабіць усім разам? Адказы на гэтыя пытанні цягам двух дзён шукалі прадстаўніцы і прадстаўнікі медыясупольнасці. Сустрэча сабрала каля 30 удзельнікаў з Літвы і Польшчы: журналістак і журналістаў са шматгадовым досведам працы, праваабаронцаў і студэнтаў «Журфака па суботах», якія толькі пачалі знаёміцца з працай незалежных медыя.
Падчас крэатыўнай лабараторыі разам распрацоўвалі ідэі для актыўнасцяў у 2027 годзе.
Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў тлумачыць: арганізацыя рэгулярна збірае калег, бо менавіта іх патрэбы вызначаюць яе працу. Да размовы запрашаюць і людзей, якія даўно ўдзельнічаюць у дзейнасці БАЖ, і тых, хто толькі далучаецца. Распрацаваныя прапановы становяцца заданнем для выканаўчай каманды — далей трэба вызначыць, як і з якімі рэсурсамі іх рэалізаваць.

Алег Агееў. Фота з архіва БАЖ
Падчас працы ўдзельнікі акрэслілі 18 патрэб і праблем медыясупольнасці. Шэсць каманд прапанавалі 12 ідэй. З іх абралі шэсць, якія больш дакладна дапрацавалі і прадставілі журы.
Сярод праблем, якія ўдзельнікі асабліва вылучылі для абмеркавання, — падтрымка палітвязняў і вызваленых калег, прафесійнае выгаранне, булінг і публічны ціск на журналістаў, абмежаваная колькасць працоўных месцаў у рэдакцыях і адсутнасць сацыяльных гарантый для беларускіх медыяспецыялістаў.
Як змяняюцца прыярытэты
Калегі з вялікім досведам працы заўважаюць, як праз рэпрэсіі, працу ў выгнанні і транснацыянальны пераслед змяніліся патрэбы журналістаў. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец згадвае: у адносна спакойныя, «вегетарыянскія» часы ў нашай працы ўзрастала роля адукацыйных праграм. Калі ўзмацняўся ціск, на першае месца выходзіла праваабарончая і юрыдычная дапамога.
На сёння за кратамі застаюцца 15 супрацоўнікаў медыя. Падтрымка зняволеных і вызваленых калег стала адным з прыярытэтаў для працы арганізацыі і на наступны год.

Андрэй Бастунец. Фота з архіва БАЖ
Для тых, хто толькі прыходзіць у журналістыку, некаторыя тэмы сталі нечаканасцю. Напрыклад, цкаванне за прафесійную дзейнасць.
«Я думала, што гэта больш для блогераў, калі яны хайпуюць на нейкіх тэмах. І не дапускала, што журналістам таксама можа прылятаць хейт і булінг ад звычайных чытачоў», — дзеліцца ўражаннямі Наста, навучэнка «Журфака па суботах». Яе здзівіла, што чалавек проста робіць сваю працу — і за гэтую працу атрымлівае цкаванне.
Адна з удзельніц прыйшла на лабараторыю з думкай пра развіццё медыяцыі. На яе погляд, канфлікты ў рэдакцыях і паміж медыя ды аўдыторыяй непазбежныя, але можна шукаць спосабы разбірацца з імі без лішніх пакут для ўсіх бакоў. Асобнай увагі, лічыць яна, патрабуюць выпадкі цкавання журналістаў і рэдакцый.
Пры гэтым не ўсё, што ўдзельнікі называлі праблемай, выклікала аднолькавую рэакцыю. Напрыклад, штучны інтэлект. Пакуль адны абмяркоўвалі рызыкі для якасці журналістыкі, іншыя здзіўляліся: навошта змагацца з тым, што ўжо дапамагае працаваць?
Суразмоўніца, якая выступала за медыяцыю, мяркуе, што рацыянальна выкарыстоўваць ШІ, напрыклад, для вычыткі і перакладаў. Калі ў рэдакцыі няма карэктара, гэта дазваляе хаця б часткова закрыць патрэбу. Яна не лічыць, што тэхналогія павінна замяніць журналіста, але хоча браць ад яе тое, што можа быць карысным.

Праца на крэатыўнай медыялабараторыі. Фота: БАЖ
Дапамога ёсць, але пра яе трэба ведаць
Калі з праблем пачалі складацца прапановы, узніклі і пытанні да іх. Адна з каманд працавала над тэмай падтрымкі вызваленых журналістаў. Чалавек выходзіць з турмы, часта адразу апынаецца за межамі Беларусі і мусіць разабрацца з паўсядзённым жыццём, да якога не меў магчымасці падрыхтавацца. Дакументы, банкаўскі рахунак, падаткі, пошук працы, жытло — усё гэта трэба спраўдзіць і вырашаць, адначасова аднаўляючы сілы і сувязі.
З аўдыторыі запыталіся: чым такая падтрымка будзе адрознівацца ад той, якую ўжо даюць іншыя арганізацыі? Калі сродкаў і людзей бракуе, ці варта ствараць нешта асобнае для журналістаў?
Як патлумачылі аўтары ідэі, гаворка найперш пра каардынацыю наяўнай дапамогі. Бо яе існаванне яшчэ не азначае, што чалавек ведае, куды звяртацца. У абмеркаванні прагучала, што вызваленыя калегі часам толькі ў размовах паміж сабой даведваюцца пра віды падтрымкі, на якую таксама маглі б разлічваць.
Гаварылі і пра патрэбу вяртацца ў прафесійнае жыццё: аднавіць кантакты, разабрацца, што змянілася за гады зняволення, атрымаць дапамогу ад калег, якія разумеюць цяперашнюю спецыфіку працы. Падчас гэтай размовы нагадалі і пра рэпрэсаваных людзей, якія выязджаюць з краіны самастойна. Яны таксама могуць не ведаць, да каго звяртацца і дзе шукаць дапамогу. У выніку абмеркавання закранулі пытанне: каму павінен дапамагаць БАЖ і што арганізацыя можа яшчэ ўзяць на сябе ў гэтым кірунку.
БАЖ правёў даследванне пра галоўныя патрэбы калег, якія выйшлі з турмаў
Каб хапала сіл працягваць
Наста расказвае, што падчас працы ёй было цікава назіраць, як змяняюцца ідэі. Нейкая прапанова спачатку гучала амаль як жарт, а пасля абмеркавання ў камандзе і больш пільнай факусіроўкі выйшла ў фінал. Іншая ідэя трапіла да новай каманды, дзе на яе паглядзелі па-свойму і дапрацавалі саму ідэю. Нават ва ўласнай ідэі яна не была ўпэўненая: думала, што яе могуць не ўспрыняць сур’ёзна, бо прапанавала рэтрыты.
З прычыны хранічнага стрэсу на працы і ў жыцці, пастаянных перагрузак, эмацыйнага і інтэлектуальнага знясілення, наступстваў рэпрэсій і эміграцыі, псіхалагічных праблем, журналісты і медыяспецыялісты выгараюць, што ўплывае на якасць і вынікі іх працы. Таму каманда прапанавала шэраг актыўнасцяў, якія на іх погляд, могуць дапамагчы журналістам ачуцца, знайсці падмурак для стабілізацыі і ўзнаўлення сіл.
Міхась Клачкоў, выпускнік “Журфака па суботах”, а зараз вядоўца ТікТок-канала БАЖ, заўважыў, што ў штодзённай працы, руціне ты засяроджваешся ў асноўным на сваіх праблемах і задачах. А ў час працы ў камандзе ты можаш пачуць, што турбуе іншых і якія праблемы яны маюць. Часам тое, што спачатку далёка ад цябе, пасля супольнай працы станавілася больш блізкім і зразумелым.

Праца на крэатыўнай медыялабараторыі. Фота: БАЖ
Асабістыя сустрэчы таксама маюць вялікае значэнне. Яшчэ адна ўдзельніца Лізавета (імя змененае ў мэтах бяспекі) расказала, што самым запамінальным для яе стаў удзел у камандзе нядаўна вызваленага журналіста: «Ён уключаўся ў працу, і мы адчувалі, што за час зняволення ён не страціў сябе і свае кампетэнцыі, сапраўдны прафесіянал».
Палітвязні — гэта тыя, пра каго нельга перастаць гаварыць
Лізавета першачарговай лічыць падтрымку калег за кратамі. Яна заўважае: інфармацыя пра палітвязняў, праз амаль шэсць гадоў рэпрэсій, для часткі аўдыторыі ператвараецца ў «белы шум». Звыклыя акцыі ўжо не заўсёды прыцягваюць увагу, і трэба шукаць іншыя падыходы. Для яе гэта і асабістая тэма: калі б даўжэй заставалася ў Беларусі, магла б апынуцца на месцы кагосьці са зняволеных журналістаў.
Патрэба захоўваць увагу да гэтых людзей стала асновай адной з прапаноў лабараторыі. Яе аўтары гаварылі пра тое, як даносіць гісторыі калег да беларускай і міжнароднай супольнасці, каб за паведамленнямі пра прысуды і тэрміны заставаліся бачнымі самі людзі, іх лёсы і несправядлівасць ў дачыненні да іх.
На рашэнні беларускіх уладаў журналісцкая супольнасць не можа паўплываць наўпрост. Але можа шукаць асоб ці арганізацыі, якія маюць кантакты і магчымасць уздымаць пытанне палітзняволеных журналістаў на міжнародным узроўні.
Што далей
Усе ідэі, напрацаваныя ў часе крэатыўнай лабараторыі, маюць шанец быць дапрацаванымі і рэалізаванымі ці ў бліжэйшай, ці ў больш працяглай перспектыве. А для першачарговай працы з дапамогай саміх удзельнікаў журы абрала тры найбольш рэалістычныя праекты: «Закладнікі перадусім» (прыцягненне ўвагі да калег-палітвязняў), «Ёсць кантакт!» (развіццё супрацы беларускіх і замежных медыяў) і «Больш рэтрытаў» (арганізацыя мерапрыемстваў для псіхалагічнай разгрузкі журналістаў).
Сябра журы крэатыўнай лабараторыі Алег Агееў расказвае, што выбар быў няпростым. Пяць сябраў журы мелі свае погляды на тое, за што трэба брацца найперш. Пры абмеркаванні прапаноў вырашальнай стала актуальнасць тэмы, адпаведнасць патрэбам медыясупольнасці, магчымасці для рэалізацыі.
Складана было выбіраць яшчэ і таму, што патрэбаў больш, чым рэальных магчымасцяў іх задаволіць. Абмежаваныя не толькі грошы, але і чалавечыя рэсурсы.
Кіраўніцтва БАЖ адзначыла, што мае намер працаваць далей з шасцю прапановамі, якія прайшлі ў фінал, а не толькі з тройкай пераможцаў. Частку прапаноў можна ўключыць у бягучую дзейнасць арганізацыі, іншыя патрабуюць больш часу для падрыхтоўкі і пошуку сродкаў, таму да іх вернуцца пазней.
Да рэалізацыі прапаноў і праектаў БАЖ запросіць далучыцца ўдзельнікаў крэатыўнай лабараторыі і актывістаў. Арганізатары спадзяюцца, што супольная праца дапаможа зрабіць у 2027 годзе карысныя і запатрабаваныя справы.
@bajmedia