• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Калыханка для дарослых». Дзяніс Дудзінскі – пра новае вечаровае шоу на «Белсаце»

    На «Белсаце» – чарговая прэм’ера. Цяпер гледачы могуць бавіць суботнія вечары пад цёплыя гутаркі і цудоўную музыку вячэрняга шоу «Калыханка для дарослых». Дэбют адбыўся 3 кастрычніка.

    Чаму – «для дарослых», хто возьме ўдзел у праграме і ці ёсць ідэальны рэцэпт на засынанне? Распавядае калегам з Белсату вядоўца праграмы – журналіст, пісьменнік і шоўмен Дзяніс Дудзінскі.

    «Калыханка для дарослых». Дзяніс Дудзінскі – пра новае вечаровае шоу

    Дзяніс Дудзінскі падчас здымак дэбютнага выпуску шоу «Калыханка для дарослых». Варшава, Польшча. 15 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Рэцэпт на добры сон? Суботнім вечарам апынуцца ў памяшканні, дзе прыцемкі – пад ціхую джазавую імправізацыю – фліртуюць з апельсінавым святлом настольнай лямпы. За сталом двое. Гучанне іх галасоў уплятаецца ў музычныя фразы, хоць невядома, хто насамрэч вядзе рэй у гэтай прасторы – музыка ці словы. Але няма розніцы – ты ўжо дзюбаеш носам. Раптам адзін з суразмоўцаў (пазнаём яго – тэлевядоўца і шоўмен Дзяніс Дудзінскі) паказвае другому партрэт. Усхопваемся! Праціраем вочы: Арына Сабаленка…

    Акурат так спрацавала на нас «Калыханка для дарослых».

    Максім Знак перад здымкамі дэбютнага выпуску шоу «Калыханка для дарослых». Варшава, Польшча. 15 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Госці Дзяніса Дудзінскага ў дэбютным выпуску – Франак Вячорка, Максім Знак і Уладзімір Пугач. Размовы вядуцца пад фантастычную музыку ў выкананні Канстанціна Гарачага. Чыста беларускую атмасферу стварае карціна мастачкі Надзі Букі «Вароты Менску», якая з’яўляецца ў кадры неаднойчы (стваральнікі праграмы абяцаюць, што творы беларускіх мастакоў стануць аздобай кожнага выпуску). А таксама – чырвоная дзюба бусляняці Бусліка як згадка пра несмяротную «Калыханку» Маляваныча. Бусляня цяпер таксама ў выгнанні: «Збеглі зайкі ўсе ў лясы»…

    Маем літаральна 15 хвілін у перапынку паміж здымкамі, каб задаць некалькі пытанняў вядоўцу новай «Калыханкі» – «Калыханкі для дарослых» – Дзянісу Дудзінскаму.

    «Будзіць лягчэй, чым закалыхваць»

    «Белсат»: Дзяніс, «Белсату» бракавала «Калыханкі». Але ж у вас – «для дарослых». Чытаю назву і чакаю чагосьці, мякка кажучы, пачуццёвага, з пазнакай «16+». А тут – Франак Вячорка…

    Дзяніс Дудзінскі: О, цікава. У нас было шмат варыянтаў назвы праграмы, але акурат «Калыханка для дарослых» нікога не раздражняе. Так, гэта будзе не ў фармаце «16+». Але я спадзяюся, што гэты праект будзе супакойваць і закалыхваць гледача.

    – Думаеш, Вячорка кагосьці ўлюляе?

    – Франак – вельмі разнастайны чалавек: ён і палітык, і медыяспецыяліст, і той самы свойскі хлопец, з якім можна пайсці на піва. Не ведаю, праўда, ці п’е ён піва. Але ён увасабляе сабой некалькі іпастасяў. З ім заўсёды цікава. Паўсядзённае жыццё, літаратура, мова – з ім усё цікава абмяркоўваць. Пра палітыку ўжо і не кажу. Разумееш? З ім цікава і пажартаваць аб нечым. І шмат каму будзе цікава. Так што – чаму і не?

    – Ты як вядоўца «Раніцы з Белсатам» зрабіўся ўжо хіба спецам на пабудку людзей. І цяпер выклік – навучыцца ўкладваць іх спаць. Ужо паспрабаваў. Што даецца табе лягчэй – будзіць ці закалыхваць?

    – Будзіць. Адразу скажу – чаму. Так склалася, што я практычна заўсёды працаваў у жывым эфіры. Не важна, дзе і як – ты выходзіш, і ў цябе няма шанцаў на дублі, святло ніхто не перастаўляе і не робіць «стоп», няма магчымасці з кімсьці параіцца. Усё адбываецца тут і цяпер – гэта жывы эфір. І гэта мабілізуе. Прычым мабілізуе ўсіх: і аператараў, і гукарэжысёраў, і цябе.

    Як трансфармуюцца ранішнія медыяфарматы для беларусаў

    А калі запісваецца, то ты ведаеш, што заўсёды ёсць магчымасць спыніцца, перагаварыць. Як у кіно. І таму гэта робіцца ўдвая ці ўтрая даўжэй. Вось мы запісваем дзве праграмы, гэта, груба кажучы, паўтары гадзіны. А мы над запісам гэтых дзвюх праграмаў працуем цэлы дзень. Бо госцю – перасесці, госця – падфарбаваць, мікрафон – з гэтага боку на гэты бок, стоп-камеры памяняць месцамі, а тут – святло… І гэта гадзіна – плюс яшчэ гадзіна – плюс яшчэ адна. Гэта нармальны працэс. Але для мяне лепей у жывым эфіры. Так што будзіць людзей на «Раніцы…» лягчэй.

    Здымкі шоў «Калыханка для дарослых». Варшава, Польшча. 15 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Пакуль што мы здымаем 10 праграмаў»

    – Ну, і ў «Раніцы…» ты не адзін – Каця Раецкая побач. А тут яна па-за кадрам…

    – Дарэчы, варыянт з двума вядоўцамі разглядаўся. Але калі б у «Калыханцы» мы зноў былі разам з Кацяй, то гэта была б такая паралель з «Раніцай», а нам не хацелася паралеляў. Хоць, вядома, гэта не значыць, што праз нейкі час у нас не з’явіцца сувядоўца, і не абавязкова Каця. Бо праграма развіваецца і, зразумела, будзе змяняцца.

    – Ужо змяняецца, як я разумею. У першым выпуску было трое гасцей. У наступных будзе па двое, так?

    – Маеш рацыю. Зрабілі так, каб ашчадзіць троху часу на размовы. У нас такія госці, з якімі хочацца размаўляць і размаўляць. Будзе двое гасцей, але часу на іх будзе троху больш, хоць на нейкіх 15 хвілін, але… Зараз у нас два суразмоўцы, а камеру выключаем – і ўсё адно хочацца задаць чалавеку яшчэ масу пытанняў. Ідзём папіць кавы разам на паўзе – і хочацца гаварыць і гаварыць. Заўсёды так – мала часу. У гэтым праблема.

    – Тады адразу і спытаю: «Калыханка для дарослых» – доўгатэрміновы праект?

    – Пакуль што мы здымаем 10 праграмаў. А далей пабачым. Магчыма, праект перарасце ў нейкую іншую вечаровую праграму, як гэта часам бывае. Але бліжэйшая перспектыва – 10 праграмаў. І прызнаюся: мы іх здымаем і атрымліваем ад працэсу максімальную асалоду. Хоць усё, вядома, на нервах, але – з вялізным задавальненнем.

    Дзяніс Дудзінскі перад здымкай шоў «Калыханка для дарослых». Варшава, Польшча. 15 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    – І ты гэтую асалоду адчуваеш і ў кадры – у самым сэрцы «Калыханкі…»?

    – Як толькі камера ўключаецца – адразу! Хоць і даводзіць да шаленства неабходнасць нешта перастаўляць, мяняць ды пераапранацца. Таму што мы ў адзін дзень запісваем некалькі праграм, а я ў іх – у розным адзенні. Але як толькі садзішся ў кадр – усё. Усё спакойна.

    «Косця, не стрымлівай сябе!»

    – Ну, пад такую музыку – зусім не дзіўна. Веру.

    – Гэта так. Таму мы і кажам, што Косця Гарачы з ягонай музыкай і ягонымі эмоцыямі – гэта паўнавартасны ўдзельнік праграмы. З ягонай мімікай і ягонымі воклічамі: «Ох!», «Ах!», «Да ну!». Гэта, напэўна, у далейшых праграмах будзе больш заўважна. Мы яму кажам: «Косця, не стрымлівай сябе!». Няхай гэта ўсё будзе, гэта добра, гэта дадае прыгажосці.

    – Атмасфернасці. Не было такога, што ў такой заспакаяльнай атмасферы ты сам пачынаў дзюбаць носам?

    – Не, ты што. Ніколі! Нават на «Раніцы з Белсатам», калі прыходзіш на эфір пасля чатырох, у лепшым выпадку, гадзінаў сну. Гэта праца: ты павінен сабрацца, сфакусавацца і задаваць пытанні.

    – Хацеў спытацца, як сам засынаеш пасля такой працы. Але, зрэшты ж, ведаю! Калі размаўлялі з табой пра твой раман «Патыбулюм», ты прызнаваўся, што «адплываеш», калі пачынаеш медытаваць, ствараючы ў галаве нейкія сюжэты.

    – Так, медытацыя. Лекцыю якую-небудзь пачынаеш складаць пра Шэкспіра, пра літаратуру, пра перыяд вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Тыя лекцыі, з якімі я зараз езджу. Калі не, то які-небудзь аповед пачынаеш у галаве пісаць. Герой ідзе па вуліцы, сустракае кагосьці – і пайшло-паехала. Развіццё сюжэту, развіццё падзеяў – і праз 10 хвілін ты спіш.

    Максім Знак і Дзяніс Дудзінскі падчас здымак шоў «Калыханка для дарослых». Варшава, Польшча. 15 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Белсат» абвясціў новы сезон. У эфір вяртаюцца і былыя палітвязні

    «Усе будуць спаць спакойна»

    – Каб не спойлерыць, я не пытаюся, каго з гасцей чакаць у «Калыханцы» у наступных выпусках. Але давай тады і тут раскруцім сюжэт. Можна – фантастычны. Каго з самых неспадзяваных асобаў ты хацеў бы запрасіць у «Калыханку для дарослых» у будучыні?

    – Было б цікава пагаварыць з… Наталляй Качанавай. З гэтым настолькі шчыра і зацята адданым уладзе чалавекам. Ага, на «Белсаце». А потым – з Зянонам Станіслававічам Пазняком. Хаця, ведаеш, з Пазняком я б размаўляў не пад камеру. Таму што пытанні, якія я хачу яму задаць, напэўна, не для эфіру. Яшчэ вельмі хацелася б з Уладзімірам Мулявіным, але з ім, на жаль, ужо ніяк не рэальна. Але вось тры чалавекі, з якімі б добра пасядзеў у «Калыханцы».

    – Ну, Качанава – гэта зусім «для дарослых». Людзям сны паадбіваеш…

    – Не, наадварот. Усе будуць спаць спакойна. Бо так мы і робім «Калыханку для дарослых», каб яна сталася найлепшым рэцэптам на добрую ноч.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.