• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праца пад ракетамі і дронамі. У Адэсе загінула супрацоўніца медыя

    18 лістапада ў выніку расійскага ўдару па Адэсе загінула Хрысціна Лысенка, прадзюсарка тэлеканалу «Перший міський». Цягам гэтага тыдня ўкраінскія журналісты працуюць пад абстрэламі гарадоў.

     У Адэсе загінула журналістка Хрысціна Лысенка

    Хрысціна Лысенка. Фота: Face­book

    Хрысціна Лысенка, шматгадовая каардынатарка, адміністратарка і прадзюсарка адэскага тэлеканала «Перший міський», раніцай 18 лістапада ішла на працу вуліцай Еўрапейскай. У момант удару расійскага беспілотніка тыпу «Шахед» да офіса тэлеканала ёй заставалася прайсці тры кварталы.

    «Яна заўсёды прыходзіла першай, яна была нашым стрыжнем, вакол якога ўсё і ўсе трымаліся», — гаворыцца ў паведамленні тэлеканала «Перший міський» ў Face­book.

    «У рэдакцыі яе называлі Крыс. Калегі згадваюць яе як чалавека, які заўсёды станавіўся на абарону пакрыўджаных, любіў коней і ратаваў катоў. На працы Хрысціну чакала котка Маўка, якую выратавалі падчас ліпеньскага абстрэлу. Крыс шукала для яе новую сям’ю», — піша тэлеграм-канал НСЖУ (Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны).

    Паводле спіса НСЖУ, Хрысціна Лысенка стала 164‑й медыйшчыцай, якая загінула ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ.

    «Яшчэ адзін журналіст папоўніў спіс ахвяр татальнай вайны Расіі супраць Украіны. «Рэпарцёры без межаў» ушаноўваюць памяць Хрысціны Лысенкі, якая загінула ў выніку расійскага ўдару па Адэсе, і асуджаюць чарговую смяротную атаку Крамля, якая забрала жыццё супрацоўніцы медыя ва Украіне. Беспакаранасць за гэтыя злачынствы павінна спыніцца», — гаворыць Паліна Мофрэ, рэгіянальная прадстаўніца «Рэпарцёраў без межаў» ва Украіне.

    RSF падала 11 скаргаў у Міжнародны крымінальны суд у адказ на неаднаразовыя напады Крамля на прадстаўнікоў медыя, скіраваныя на перашкоду асвятленню вайны ва Украіне. Дзесяць з гэтых скаргаў датычацца ваенных злачынстваў, а адна — злачынстваў супраць чалавечнасці на глебе пераследу.

    Прылёты па жытлу

    «РСЗА (рэактыўная сістэма залпавага агню — БАЖ) па двары, па суседніх дамах, выбуховай хваляй выбіла вокны ва ўсіх навакольных кватэрах», — піша пра расійскі абстрэл 13 лістапада галоўная рэдактарка медыя SODA Кацярына Раждзественская. Пацярпела і яе кватэра.

    Кацярына Раждзественская, абстрэл, Украіна

    Кватэра Кацярыны Раждзественскай пасля выбухаў. Фота: Face­book

    «На шчасце, у гэты момант я была ў Кіеве. На шчасце, у мяне ёсць сям’я і сябры, якія побач і гатовыя прыйсці на дапамогу ў любы момант. На жаль, краіна-агрэсарка ўсё яшчэ існуе», — распавяла журналістка.

    14 лістапада балістычная ракета ударыла за 20–30 метраў ад дома журналісткі паўлаградскага выдання «Бегемот» Ірыны Грэчэнкі.

    Выбуховай хваляй выбіла вокны ў двух пакоях: «Гэты прылёт быў страшным, бо ўдарыла ракета, начыненая вялікай колькасцю шрапнэлі».

    У кватэры былі Ірына, яе дачка і аднагадовы ўнук. Малога якраз паклалі спаць удзень.

    «Іх засыпала шклом. На шчасце, ніхто не пацярпеў, але перапалох быў вельмі вялікі», — расказала Грэчэнка ў каментары НСЖУ.

    Здымкі пад паўторным ударам

    Здымачная група «Кіеў24»19 лістапада трапіла пад паўторны ўдар Расіі падчас здымак на месцы першага трапляння.

    Паўторны ўдар заспеў журналістаў каля пашкоджанага дома на Падоле. Спачатку яны схаваліся пад аркай непадалёк, а пазней праз новыя выбухі некалькі разоў перабягалі ў іншыя сховішчы, спрабуючы дабрацца да аўтамабіля. Пра гэта расказала карэспандэнтка Дар’я Рабчук у эфіры тэлеканала «Кіеў24».

    Дар'я Рабчук Украіна

    Дар’я Рабчук. Скрыншот

    Паводле Рабчук, пасля адбою паветранай трывогі здымачная група выехала на месца першага ўдару па Падоле. Там расійскія БПЛА пашкодзілі трохпавярховы жылы дом. Журналісты фіксавалі наступствы атакі, працу пажарных, размаўлялі з відавочцамі і паспелі выйсці ў прамы эфір.

    Пазней зноў абвясцілі паветраную трывогу. Калі каманда пачула свіст у небе, то карэспандэнтка, аператарка Ганна Збарацька і стажорка Наста Палішчук адышлі ад месца здымак на некалькі метраў і схаваліся пад найбліжэйшай аркай. Ад паўторнага ўдару дом ізноў загарэўся.

    Праз новыя выбухі журналісты вырашылі перабрацца ў больш бяспечнае сховішча. Яны перамяшчаліся паміж будынкамі ў паўзах паміж выбухамі, арыентуючыся на мапу паветраных трывог. Па дарозе карэспандэнтка таксама зафіксавала на відэа рэактыўны БПЛА ў небе.

    Урэшце каманда вырашыла пакінуць небяспечны раён. Але праз перакрытую дарогу кіроўца не мог пад’ехаць непасрэдна да здымачнай групы, таму журналістам давялося працягваць шукаць сховішча і чакаць магчымасці дабрацца да аўтамабіля.

    Рабчук распавяла, што падчас перамяшчэнняў кіяўляне дапамагалі адно аднаму, запрашалі ў сховішчы і прапаноўвалі правесці ў больш бяспечнае месца.

    «Гэта быў самы страшны мой працоўны дзень. Я даволі часта трапляла пад паўторныя выбухі, пад атакі, але так блізка, так гучна і так пастаянна, каб мы ўцякалі ад гэтых «Шахедаў», — такога ў мяне яшчэ не было», — сказала ў эфіры Рабчук.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.