• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «375 Радыё» стартавала «Раніцай з Дашай і Васілём»

    Журналісты Васіль Ядчанка і Дар’я Гардзейчык сталі вядоўцамі ранішняга ток-шоў на новым онлайн-медыя «375 Радыё» — «прасторы для беларусаў і беларусак, для ўсіх, каму хочацца чуць беларускую мову, беларускую музыку і сваіх людзей побач».

    «Раніца з Дашай і Васілём»

    «У першым выпуску мы з Дашай Гардзейчык гаворым пра летнія беларускія традыцыі, якія не знікаюць нават пасля пераезду. Пра лагеры, агарод у XXI стагоддзі, Цімафея-агародніка, дзіўныя законы ЗША, міграцыйныя гісторыі і беларускія выразы, без якіх жыццё нейкае ўжо не такое, — распавядае Васіль Ядчанка.

    — Мы кайфуем ад кожнай хвіліны, калі робім гэта для вас. Ад размоў, ад музыкі, ад гэтай ранішняй летуценнасці. Уключайце «375 Радыё фонам»: пад каву, дарогу, працу, сняданак, прыбіранне, выгул сабакі, сум па хаце ці радасць ад новага дня. Там шмат добрай беларускай музыкі і нашых галасоў, якія будуць намагацца зрабіць вашу раніцу трошкі цяплейшай».

    Пілотны выпуск выйшаў яшчэ ў сакавіку, яго таксама можна паслухаць тут.

    Першае беларускае медыя для дыяспары ў ЗША

    У першым выпуску шоў пачынальніца «375 Радыё», журналістка, медыяэкспертка Марыя Савушкіна распавяла пра ідэю новага СМІ:

    «Справа ў тым, што да гэтага моманту не існавала медыя, якое б злучала беларусаў, якія жывуць у ЗША. Таму мы з камандай вырашылі адгукнуцца на гэтую праблему і запусціць онлайн-радыё.

    Радыёфармат падаўся нам вельмі цікавым (…) Заўсёды ёсць магчымасць запусціць наш дадатак на тэлефоне і паслухаць апошнія навіны, выпускі цікавых праграмаў, інтэрв’ю ці проста паслухаць класную беларускую музыку з нашага плейліста».

    Марыя Савушкіна. Фота: Сяргей Балай

    Канцэпцыю радыё яна называе «вельмі простай»: «Мы хочам, каб разам з «375 Радыё» беларусы адпачывалі і абменьваліся навінамі.

    Таму ў бліжэйшы час мы плануем запусціць навінавыя выпускі, дзе можна будзе пачуць, чым жывуць супольнасці ў розных штатах і розных гарадах. Ну і таксама адпачынак: гэта класная беларуская музыка, гэта сустрэчы з музыкамі, гэта інтэрв’ю з цікавымі беларусамі, якія пераехалі ў ЗША і якім сапраўды ёсць чым падзяліцца».

    «Інфармаваць, забаўляць і адукоўваць»

    Марыя Савушкіна разлічвае, што новае медыя стане паспяховым ва ўсіх трох задачах СМІ — «інфармаваць аўдыторыю, забаўляць аўдыторыю і адукоўваць аўдыторыю».

    «Але ад сябе хачу дадаць, што вельмі спадзяюся на тое, што радыё дапаможа беларусам і беларускам у ЗША адчуць супольнасць, адчуць, што ён ці яна не адзін, што ўсе праходзяць праз цяжкасці эміграцыі, а гісторыі поспеху, якімі мы будзем дзяліцца, спадзяюся, натхняць многіх-многіх беларусаў і дадуць надзею, што ўсе праблемы вырашальныя. І вось гэтае адчуванне, што калі мы разам, мы мацней. Я думаю, што гэта вельмі важна і гэта частка нашай місіі», — сказала медыяэкспертка.

    Пачынальніца праекту кажа, што на існаванне «375 Радыё» збіраюцца данаты: «Мы запрашаем далучацца да нас праз Pay­Pal і невялікую суму раз на месяц данаціць на нашы радыё. Гэта дазволіць нам больш хутка і больш дынамічна развівацца, запускаць новыя праграмы, рабіць цікавыя рэпартажы. Таксама мы шукаем партнёраў. Магчыма, камусьці цікава размясціць рэкламу альбо скарыстацца нашымі магчымасцямі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.