• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Абвясцілі фота года і фіналістаў World Press Photo 2026

    Журы World Press Pho­to 2026 вызначыла фота года і двух фіналістаў. Іх абралі з 42 пераможцаў конкурсу. Усяго ў сёлетнім конкурсе ўдзельнічала 57 376 фатаграфій, прадстаўленых 3747 фатографамі са 141 краіны.

    Фатаграфія года

    Падзеленыя ICE. Кэрал Гузі, ZUMA Press, iWitness, для Miami Herald

    Дзеці і жонка мігранта Луіса чапляюца за яго вопратку у момант, калі Луіса затрымліваюць агенты іміграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША / Car­ol Guzy, ZUMA Press, iWit­ness, for Mia­mi Her­ald

    Луіс прыехаў у ЗША з Эквадора. Яго далейшае знаходжанне ў краіне, як і многіх іншых замежнікаў, апынулася пад пытаннем з‑за ўзмацнення міграцыйнай палітыкі Дональдам Трампам. Адразу пасля таго, як справу Луіса разгледзеў суд па пытаннях міграцыі, размешчаны ў Федэральным будынку Джэйкаба К. Джавітса ў Нью-Ёрку, яго затрымалі агенты іміграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША (ICE).

    На фота, зробленым фатографкай Кэрал Гузі 26 жніўня 2025 года, адлюстравана жонка Луіса Коча ў той момант, калі яе мужа ўводзяць агенты ICE. Луіс быў адзіным кармільцам сям’і. Кочу і траіх дзяцей — 7,13 і 15 гадоў — не толькі разлучылі з мужам і бацькам, прычыніўшы ім глыбокую эмацыйную траўму, але і пакінулі без сродкаў да існавання.

    Паводле слоў родных Луіса, у яго не было праблем з законам у Эквадоры. Яго выпадак — не адзіны прыклад таго, як мігранты добраахвотна прыходзяць на пасяджэнні судоў, адразу ж пасля завяршэння якіх іх затрымліваюць агенты ICE. Журналістаў на такія пасяджэнні, як правіла, не пускаюць. Тое, што ў будынку Джэйкаба К. Джавітса ў Нью-Ёрку была дазволена здымка, хутчэй выключэнне.

    «Ва ўмовах дэмакратыі прысутнасць камеры ў гэтым калідоры з’яўляецца важным сведчаннем палітыкі, якая ператварыла будынкі судоў у месцы разбураных лёсаў», — падкрэслілі арганізатары World Press Pho­to, абвяшчаючы лаўрэатаў.

    Больш пра фота года чытайце тут

    Фіналісты World Press Photo 2026

    Экстраная дапамога ў Газе. Сэйбер Нуралдзін, EPA Images

    На фота, зробленым фатографам Саберам Нуралдзінам 27 ліпеня 2025 года, палесцінцы спрабуюць здабыць муку з грузавіка з гуманітарнай дапамогай / Saber Nuraldin, EPA Images

    Суд па справе жанчын Ачы. Віктар Дж. Блю для часопіса The New York Times

    У 2025 годзе суд у Гватэмале разгледзеў апошнюю справу аб гвалце над жанчынамі майа ачы падчас 36-гадовай грамадзянскай вайны ў краіне. Трое былых патрульных былі прыгавораны да 40 гадоў турмы. На фота, зробленым 30 мая 2025 года, — Паўліна Ікспата Альвара, якую ў 1983 годзе на працягу 25 дзён трымалі ў казармах і падвяргалі гвалту, у асяроддзі іншых жанчын ачы перад будынкам суда ў сталіцы Гватэмалы ў дзень вынясення прысуду / Vic­tor J. Blue, for The New York Times Mag­a­zine

    Лаўрэатаў конкурсу World Press Pho­to адбіраюць у два этапы. На першым этапе вызначаюць пераможцаў у шасці рэгіёнах і трох катэгорыях, на другім — з іх выбіраюць тых, хто атрымае галоўную ўзнагароду.

    Арганізатары конкурсу падкрэсліваюць, што пры выбары пераможцаў арыентуюцца не столькі на мастацкую каштоўнасць той ці іншай фатаграфіі, колькі на тое, як яна «адлюстроўвае кірунак руху чалавецтва» і найбуйнейшыя сусветныя падзеі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.