24 лютага. БАЖ выказвае салідарнасць і падтрымку ўкраінскім калегам
Чатыры гады працягваецца паўнамасштабная вайна Расіі супраць Украіны. Па дадзеных партнёраў БАЖ з Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны, з пачатку паўнамаштабнага ўварвання, агрэсары забілі як мінімум 144 супрацоўнікаў медыя.

Выстава НСЖУ «Журналісты ў зоне баявых дзеянняў», якую ў 2024 годзе БАЖ і Саюз журналістаў Літвы прывозіў у Вільню. Фота НСЖУ
Сярод загінулых — 21 супрацоўнік і супрацоўніца СМІ, якія выконвалі прафесійныя абавязкі; 10 супрацоўнікаў медыя, якія сталі ахвярамі сярод мірнага насельніцтва; і 113 прадстаўнікоў медыя, якія мабілізаваліся на абарону Украіны.
Гэта страшныя лічбы чалавечых жыццяў. Як і жыццяў дзясяткаў тысяч іншых украінцаў, якія загінулі ад рук нападнікаў.
Нягледзячы на жах вайны, пастаянныя абстрэлы рэдакцый і крытычных аб’ектаў інфраструктуры, дамоў мірных жыхароў, адсутнасць электраэнергіі, не забяспечанасць базавых патрэбаў, украінскія журналісты і журналісткі працягваюць неймаверна важную працу для грамадства і для свету — працягваюць расказваць пра вайну.
Праўду пра злачынствы ворага, стойкасць украінскага грамадства, мужнасць абаронцаў, праблемы і патрэбы.
Беларуская асацыяцыя журналістаў чарговы раз выказвае салідарнасць з усімі ўкраінскімі калегамі, рэдакцыямі медыя, арганізацыямі медыясектара Украіны. З першых хвілін паўнамасштабнай вайны беларускія журналісты з вамі. І будуць з вамі да перамогі.
БАЖ таксама ўдзячны беларускім журналістам і недзяржаўным медыя, якія працягваюць асвятляць вайну. Рызыкуючы ўласным жыццём, вы расказваеце беларускаму грамадству праўду. Не толькі расказваеце, але і падтрымліваеце Украіну, валанцёрыце, удзельнічаеце ў гуманітарных праектах.
24 лютага і кожны дзень да перамогі — БАЖ салідарны з украінскімі калегамі!
@bajmedia