• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У рэйтынгу свабоды слова Беларусь апярэджвае толькі Нікарагуа і Паўночную Карэю — справаздача Article 19

    Па ўзроўні свабоды слова Беларусь займае 159‑е месца ў свеце з 161, вынікае са штогадовай справаздачы праваабарончай арганізацыі Arti­cle 19.

    Ніжэй у адпаведным рэйтынгу The Glob­al Expres­sion Report 2025 — Нікарагуа і Паўночная Карэя.

    Расія ў рэйтынгу займае 151‑е месца. Сярод краін-суседзяў Беларусі найлепшая пазіцыя ў Латвіі — 9‑я. Літва размясцілася на 17‑м месцы, Польшча — на 29‑м, Україна — на 103‑м.

    Лепш за ўсё са свабодай слова, на думку праваабаронцаў, у Даніі, Швейцарыі і Швецыі, з краін былога СССР — у Эстоніі (4‑е месца).

    Пры падрыхтоўцы справаздачы эксперты Arti­cle 19 абапіраліся на 25 паказчыкаў, кожны з якіх ацэньваўся па шкале ад 0 да 100. Сярод паказчыкаў — свабода інтэрнэту ад цэнзуры, свабода ад пераследу за праяву палітычнай пазіцыі ў сацсетках, свабода ад дзяржаўнай цэнзуры, удзел грамадзянскай супольнасці ў палітычным жыцці, свабода журналістаў ад пераследу з боку ўладаў і ўплывовых недзяржаўных дзеячаў, адсутнасць палітычна матываваных забойстваў, свабода веравызнання, свабода ад забароны палітычных партый, свабода мірных сходаў і іншыя.

    Агульны бал выводзіцца як сярэдняе арыфметычнае з 25 ацэнак. У Беларусі ён роўны 1, як і ў Нікарагуа і Эрытрэі. Паўночная Карэя атрымала 0, Данія, якая ўзначальвае рэйтынг, — 94.

    У аналагічным рэйтынгу год таму Беларусь заняла 158‑е месца, апярэдзіўшы, акрамя Нікарагуа і Паўночнай Карэі, Эрытрэю.

    У Сусветным індэксе свабоды прэсы 2025 года, які склала міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” у траўні, Беларусь заняла 166‑е месца са 180 краін.

    Arti­cle 19 — заснаваная ў 1987 годзе брытанская праваабарончая арганізацыя, дзейнасць якой накіраваная на абарону і садзейнічанне свабодзе выказвання меркаванняў і свабодзе інфармацыі. Арганізацыя атрымала сваю назву ў гонар 19-га артыкула Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая абвяшчае: “Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне па справе намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    Аб рашэнні Праўлення БАЖ ад 25 жніўня 2026 года 25 жніўня 2026 адбылося пасяджэнне Праўлення БАЖ, на якім разглядаліся выкананне рашэння Праўлення БАЖ ад 23 снежня 2025 года па справе Барыса Гарэцкага, а таксама праект Гендарнай палітыкі БАЖ.
    26.08.2026
    Акцэнты

    МФЖ і ЕФЖ патрабуюць спыніць пераслед беларускіх журналістаў, які цягнецца ўжо шэсць гадоў

    Праз шэсць гадоў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, рэпрэсіі супраць свабоды прэсы толькі ўзмацніліся, канстатуецца ў супольнай заяве Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў.
    07.08.2026
    Акцэнты

    «Рэпарцёры без межаў» вітаюць вызваленне беларускіх палітзняволеных журналістаў

    RSF вітае вызваленне Дзмітрыя Наважылава, Андрэя Аляксандрава, Ірыны Злобінай і Кірыла Пазняка. Арганізацыя распаўсюдзіла заяву праз свае сацсеткі.
    16.09.2026
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.