Алег Агееў: Палітвязні-журналісты маюць патрэбу ў дапамозе
Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», зараз у Беларусі 874 палітзняволеных. Сярод іх 21 супрацоўнік медыя. Пяць беларускіх журналістаў адбываюць так званую хатнюю хімію.

Алег Агееў. Фота: БАЖ
Паводле юрыста, намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева, на волю ўжо выйшла 55 журналістаў, якія былі асуджаныя па крымінальных артыкулах, і ўсе яны маюць патрэбу ў рэабілітацыі і дапамозе:
– Нягледзячы на тое, што яны на волі, шмат хто з іх быў прымусова дэпартаваны з Беларусі. Рэжым у Беларусі працягае парушаць правы беларускіх журналістаў, намагаецца стварыць закрытую зону цэнзурай унутры краіны. І канешне, вялікі гонар і павага тым, хто прафесійна выконвае свой абавязак, з рызыкамі для сябе, для сваіх сем’яў, і дае магчымасць беларускаму грамадству ведаць праўду.
Адны з самых важных пытанняў у беларускіх журналістаў у замежжы – гэта легалізацыя і працаўладкаванне, падкрэслівае Алег Агееў:
– Усім складана, але ўсё ж такі рэдакцыі сапраўды дапамагаюць. І вось тым сваім супрацоўнікам, хто за выкананне сваіх журналісцкіх абавязкаў быў асуджаны і адбываў пакаранне, беларускія рэдакцыі дапамагаюць. Але сапраўды працаўладкавацца ўсё складаней у беларускім медыясектары, гэта праўда.
БАЖ правёў даследванне пра галоўныя патрэбы калег, якія выйшлі з турмаў
Беларуская асацыяцыя журналістаў не толькі займаецца маніторынгам пераследу журналістаў і абараняе іх правы, але працуе і на падвышэнне кваліфікацыі калег, ладзячы трэнінгі і вебінары ў замежжы, у тым ліку для мэтавай групы былых журналістаў-палітвязняў.
Цалкам гутарка:
@bajmedia