• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алесь Бяляцкі стварае Фундацыю для барацьбы з глабальным крызісам правоў чалавека

    Пасля вызвалення і прымусовага выдварэння з Беларусі старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі абвясціў пра стварэнне Фундацыі Алеся Бяляцкага (The Ales Biali­ats­ki Foun­da­tion).

    Новая арганізацыя будзе працаваць на стратэгічным скрыжаванні правоў чалавека, мірабудаўніцтва і рэгіянальнай бяспекі, узмацняючы глабальны праваабарончы альянс ва ўмовах беспрэцэдэнтнага геапалітычнага крызісу.

    Алесь Бяляцкі стварае Фундацыю

    Pho­to Sti­na Stjernkvist/Right Liveli­hood Foun­da­tion

    Адказ на глабальны крызіс правоў чалавека

    Сёння рэгіён Усходняй Еўропы, Паўднёвага Каўказа і Цэнтральнай Азіі сутыкнуўся з глыбокім крызісам: поўнамаштабная вайна вярнулася ў Еўропу, Украіна змагаецца за выжыванне, а ўнутры Беларусі і Расеі цалкам знішчаная прастора для грамадзянскай супольнасці, і гэтая тэндэнцыя тычыцца ўсё большай колькасці краін — сітуацыя ў Кыргызстане, Грузіі выклікаюць усё большую занепакоенасць. Актывісты, журналісты і адвакаты паўсюль сутыкаюцца з рэпрэсіямі, турмой і выгнаннем.

    Аднак стваральнікі фонду падкрэсліваюць, што крызіс – не толькі рэгіянальны, але і глабальны. Палярызацыя і антыправавыя наратывы размываюць ўніверсальнасць права ва ўсім свеце, што патрабуе прынцыпова новага лідэрства і стратэгій.

    Чаму Фундацыя ствараецца менавіта цяпер?

    Заснавальнік арганізацыі Алесь Бяляцкі тлумачыць перадумовы яе ўзнікнення:

    «Калі я вярнуўся на свабоду ў канцы 2025 года, то ўбачыў перайначаны свет, напоўнены глыбокай глабальнай нявызначанасцю. У першыя месяцы пасля вызвалення я кансультаваўся з калегамі з Правааарончага цэнтру «Вясна», лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру, дзясяткамі лідараў грамадзянскай супольнасці і дыпламатамі. Я сустрэўся з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека і шэрагам кіраўнікоў дзяржаў. Я размаўляў з даўнімі калегамі праваабаронцамі з усяго свету.

    Гэтыя размовы пацвердзілі патрэбу стварэння новых форм супрацоўніцтва і маральнага лідарства. Вось чаму я стварыў у Польшчы новую арганізацыю. Я прысвячу ёй свой час, сваю энергію, сваю сетку кантактаў і частку сродкаў, атрыманых ад Нобелеўскай прэміі».

    Чым будзе займацца новая арганізацыя? 

    Новая арганізацыя засяродзіцца на стратэгічных і глабальных выкліках і задачах, а яе дзейнасць будзе будавацца на скрыжаванні пяці ключавых кірункаў: правы чалавека, міратворчасць, міжнароднае правасуддзе, устойлівасць грамадзянскай супольнасці і чалавечае вымярэнне рэгіянальнай бяспекі.

    Фундацыя Алеся Бяляцкага

    Арганізацыя будзе актыўна адстойваць прынцыповыя і паслядоўныя падыходы да міжнародных праваабарончых механізмаў, а таксама аператыўна рэагаваць на сістэмныя і экзістэнцыяльныя пагрозы міжнароднаму праву. Сярод важных прыярытэтаў — прасоўванне інавацыйных мадэлей глабальнай падсправаздачнасці і абароны правоў, а таксама супрацьстаянне пагрозе транснацыянальных рэпрэсій, якая расце.

    Асаблівую ўвагу Фонд плануе ўдзяляць развіццю міжпакаленневага дыялогу, падтрымцы міжнароднага маладзёжнага і грамадзянскага лідарства. Праз сістэму спецыяльных стыпендый, ментарства і маладзёжную прэмію Алеся Бяляцкага, арганізацыя будзе забяспечваць новых лідараў неабходнымі навыкамі, міжнароднымі сеткамі кантактаў для эфектыўнай працы нават ва ўмовах геапалітычнага крызісу. Пры гэтым нязменным прыярытэтам Алеся Бяляцкага застаецца і падтрымка свабоднай і суверэннай Беларусі.

    «Спадзяемся, што гэта дазволіць нам эфектыўна прасоўваць універсальны падыход да правоў чалавека»

    На ролю кіраўніцы па пытаннях стратэгічнага развіцця, адвакацыі і партнёрстваў Алесь Бяляцкі запрасіў экспертку з вопытам работы на кіруючых пасадах у няўрадавых міжнародных арганізацыях, выкладчыцу правоў чалавека і міжнародных адносін у міжнародных універсітэтах, аўтарку шматлікіх даследаванняў у галіне правоў чалавека, даўнюю партнёрку «Вясны» Сашу Кулаеву (Францыя).

    «Праца і асоба Алеся Бяляцкага добра вядомыя на міжнароднай арэне, таксама як і яго шматгадовая барацьба за чалавечую годнасць ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій — далёка не толькі ў Беларусі. Алесь ездзіў з працоўнымі паездкамі ў самыя розныя краіны свету, напрыклад, у Егіпет і Марока, у рэвалюцыйны Туніс 2011 года, на Кубу з падтрымкай кубінскіх дысідэнтаў, у ПАР. Яго ведаюць у Азіі, Лацінскай Амерыцы і на Блізкім Усходзе, не кажучы пра краіны Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Яго голас валодае выключным аўтарытэтам сярод урадаў, міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці.

    Нашы першыя сустрэчы паказалі, што новая Фундацыя ўжо валодае высокім узроўнем даверу і глабальнай падтрымкі. Мы спадзяемся, што гэта дазволіць нам разам з калегамі эфектыўна прасоўваць універсальны падыход да правоў чалавека і змагацца супраць палярызацыі, якая пагражае інстытутам і механізмам міжнароднага права, што са складанасцю ствараліся гадамі», — адзначае экспертка.

    «Сёння маштаб крызісу патрабуе ад мяне іншага ўнёску» 

    Алесь Бяляцкі падкрэслівае, што застаецца старшынёй «Вясны», аднак яго асабісты фокус змяшчаецца на міжнародную прастору:

    «У няволі я даведаўся пра ўвесь маштаб таго, што адбылося пасля майго арышту: больш за 30 актывістаў «Вясны» і іх сваякоў былі затрыманыя, праведзены 120 вобшукаў і больш за 200 допытаў. Тым не менш, я быў глыбока ўражаны, калі даведаўся, што створаныя намі структуры не зламаліся. «Вясна» здолела пакінуць Беларусь, эвакуяваць сваіх сябраў і аднавіць сваю дзейнасць за мяжой. Сёння яна працягвае сваю місію, маючы міжнароднае прызнанне і падтрымку. 

    Трыццаць гадоў, за выключэннем часу, які я правёў у турме, я ўзначальваў «Вясну». У апошнія гады я ў асноўным засяроджваўся на стратэгіі, аналізе, глабальнай адукацыі і міжнароднай дзейнасці. Разам з калегамі з “Вясны” я працягваю гэтую важную працу для Беларусі. 

    Што Бяляцкі расказаў пра турму, вайну, Нобелеўскую прэмію і будучыню Беларусі. Поўны тэкст інтэрвію Свабодзе

    Але сёння маштаб крызісу патрабуе ад мяне іншага ўнёску. Я лічу, што павінен больш працаваць на міжнародным узроўні, выкарыстоўваючы маральны капітал Нобелеўскай прэміі міру, міжнародны досвед, атрыманы за гады працы на пасадзе віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, маё сяброўства ў Міжнародным ПЭНе, а таксама досвед, набыты за дзесяцігоддзі барацьбы супраць дыктатуры і палітычных рэпрэсій. 

    Як сябра сусветнай супольнасці, я адчуваю адказнасць абараняць усеагульнасць правоў чалавека ў момант, калі сама гэтая канцэпцыя знаходзіцца пад пагрозай».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.