Арыштаванае лецішча журналіста Уладзіміра Хільмановіча ўлады ўсё-такі прадалі. Але на кампенсацыю штрафа не хопіць
У жніўні 2024 года Гродненскі абласны суд завочна прызнаў журналіста Уладзіміра Хільмановіча вінаватым у экстрэмізме і асудзіў да 5 гадоў пазбаўлення волі і буйнога штрафу. Каб яго кампенсаваць, суд пастанавіў выставіць на продаж маёмасць журналіста — яго кватэру і лецішча.

Лецішча Уладзіміра Хільмановіча
І адно, і другое прадаць доўгі час не ўдавалася. Кватэру паўторна выставілі на аўкцыён, які мае адбыцца 30 чэрвеня.
Лецішча ж удалося прадаць толькі 23 чэрвеня — з пятага разу. Да таго часу будынак сельскага клуба ў вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна — так гэтая пабудова афіцыйна называецца ў дакументах — некалькі разоў пераацэньвалі, змяншаючы кошт.
Першапачаткова яе ацанілі ў 8 400 рублёў і спрабавалі прадаць яшчэ летась, але на апошнім аўкцыёне стартавы кошт складаў ужо 1 680 рублёў. Двое ўдзельнікаў доўга гандляваліся, і ў выніку пераможца выкупіў будынак за 3 242,40 рублёў. З улікам таго, што гродненскага журналіста завочна аштрафавалі на 40 тысяч рублёў, гэта сума штраф аніяк не пакрые.
Уладзімір Хільмановіч кажа, што не адчуў ніякіх асабілівых эмоцый, даведаўшыся пра продаж лецішча:
«Я даўно «паставіў крыж» на сваёй маёмасці ў Беларусі. Будынак таго клубу сам па сабе нічога не варты, але ён стаіць у вельмі маляўнічым мясцы, на беразе Нёмана. Хто яго мог набыць, не ведаю — можа, нават нехта з Расіі, бо грамадзяне гэтай краіны часта скупаюць у Беларусі маёмасць у прывабных мясцінах».
Калісьці журналіст марыў ператварыць былы сельскі клуб у сучасную пляцоўку для сямейнага адпачынку і сяброўскіх сустрэч. Але спачатку бракавала грошай, а пасля вымушанага ад’езду з Беларусі пад пагрозай крымінальнага пераследу за прафесійную і грамадскую дзейнасць гэта і ўвогуле стала немагчымым.
Справа Уладзіміра Хільмановіча
19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд у асобе суддзі Ігара Собалева прызнаў Уладзіміра Хільмановіча вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання. Крымінальную справу ў дачыненні да журналіста разглядалі завочна — у парадку так званай спецыяльнай вытворчасці.

Уладзімір Хільмановіч. Беласток, 10 чэрвеня 2026 года. Фота: БАЖ
Суд прыгаварыў Уладзіміра Хільмановіча да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і прызначыў штраф памерам 40 тысяч рублёў. Спробы журналіста абскардзіць вырак поспеху не мелі.
13 верасня 2024 года прозвішча Уладзіміра Хільмановіча ўнеслі ў пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», на сайце МУС Беларусі.
Пра тое, што супраць яго заведзеная крымінальная справа, Уладзімір Хільмановіч даведаўся напрыканцы лістапада 2023 года: тады сілавікі апісалі маёмасць па месцы яго рэгістрацыі ў Гродне. Яшчэ праз тыдзень быў праведзены ператрус у кватэры жонкі Уладзіміра, дзе ён жыў з 2014 па 2021 год. Адтуль забралі працэсар камп’ютара, старое журналісцкае пасведчанне, кнігі, папяровыя і электронныя носьбіты інфармацыі.
Пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да гродзенскага журналіста Следчы камітэт паведаміў 13 сакавіка 2024 года.
Што менавіта інкрымінавалі Хільмановічу, дагэтуль невядома нават яму самому. Спробы журналіста даведацца падрабязнасці справы плёну не далі. Але сярод рэчавых доказаў следства згадваліся «скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі», якія суд пастанавіў «захоўваць з матэрыяламі крымінальнай справы». Таму Уладзімір перакананы, што яго пакаралі менавіта за журналісцкую працу.
@bajmedia