Людзі — найперш. БАЖ далучыўся да міжнароднай кампаніі People First
People First заснавалі нобелеўскія лаўрэаты і НКА з усяго свету напачатку 2025-га дзеля выратавання людзей, пацярпелых ад вайны. У прыярытэтах: вяртанне ваеннапалонных і цывільных закладнікаў, якіх незаконна ўтрымліваюць у выніку расійскага ўварвання ва Украіну, а таксама неадкладнае вяртанне дэпартаваных украінскіх дзяцей.

Лагатып кампаніі People First
People First, міжнародная кампанія за вызваленне людзей, затрыманых у выніку ўварвання Расіі ва Украіну, «аб’ядналася вакол простага закліку — ставіць чалавека на першае месца падчас перамоў, звязаных з вайной Расіі супраць Украіны».
Ключавым прыярытэтам любой дамоўленасці, як падкрэсліваюць заснавальнікі People First, павінна стаць вызваленне ўсіх, хто пацярпеў падчас вайны.
Сярод іх:
- тысячы ўкраінскіх грамадзянскіх асобаў, якіх утрымлівае расійская дзяржава;
- тысячы ўкраінскіх і расійскіх ваеннапалонных, якіх утрымліваюць абодва бакі;
- тысячы ўкраінскіх дзяцей, гвалтоўна перамешчаных або дэпартаваных у Расію;
- сотні расійскіх палітычных зняволеных, якія знаходзяцца за кратамі за сваю антываенную пазіцыю або дзеянні;
- каля 200 беларускіх палітычных зняволеных, якія знаходзяцца за кратамі за сваю антываенную пазіцыю або дзеянні
People First патрабуе:
У адпаведнасці з міжнародным правам усе ўкраінскія грамадзянскія асобы, якія былі захопленыя і якіх незаконна ўтрымліваюць расейскія сілы, уключаючы тых, хто быў асуджаны расейскімі судамі, павінны быць вызваленыя і мець магчымасць вярнуцца дадому — неадкладна і безумоўна. Тым, чые дамы знаходзяцца на тэрыторыях пад кантролем Расіі, мусіць быць дадзеная магчымасць з’ехаць на тэрыторыі, падкантрольныя ўраду Украіны, калі яны гэтага жадаюць.
Усе незаконна перамешчаныя або дэпартаваныя ўкраінскія дзеці павінны быць вернутыя.
Неабходна таксама забяспечыць своечасовую рэпатрыяцыю дэпартаваных украінскіх зняволеных, а таксама пацыентаў закрытых медыцынскіх устаноў, такіх як дамы-інтэрнаты і псіхіятрычныя ўстановы.
Мусяць прынімацца ўсе магчымыя меры каб як мага хутчэй адбылася рэпатрыяцыя ваеннапалонных — праз абмены або іншым чынам, але не пазней за канец актыўных баявых дзеянняў, як таго патрабуюць Жэнеўскія канвенцыі.
Расійскія палітычныя зняволеныя, ужо асуджаныя або тыя, хто чакае прысуду ў сувязі са сваімі антываеннымі выказваннямі і дзеяннямі, павінны быць вызваленыя і не мусяць падлягаць абмежаванням у свабодзе перамяшчэння, у тым ліку мець права выехаць за мяжу, калі яны гэтага жадаюць.
Беларускія палітычныя зняволеныя, ужо асуджаныя або тыя, хто чакае прысуду ў сувязі са сваімі антываеннымі выказваннямі і дзеяннямі, павінны быць вызваленыя і не мусяць падлягаць абмежаванням у свабодзе перамяшчэння, у тым ліку мець права заставацца ў краіне або выехаць за мяжу, калі яны гэтага жадаюць.
Па дадзеных Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека, 16 000 украінскіх грамадзянскіх асоб лічацца зніклымі без вестак ці незаконна ўтрымліваюцца ў Расіі. Па ацэнках, 300 з іх — жанчыны.
Як устаноўлена органамі ААН і праваабарончымі арганізацыямі, украінскія ваеннапалонныя і грамадзянскія асобы, якія ўтрымліваюцца ў Расіі ў сувязі з вайнай, падвяргаюцца катаванням і іншым відам бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання, у тым ліку абразам па прыкмеце нацыянальнай ідэнтычнасці і прыніжэнню асабістай годнасці.
@bajmedia