• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Івулін: «Вялікае шчасце займацца рэчамі, якія цябе натхняюць і якія важныя яшчэ камусьці, акрамя цябе»

    Пра годнасць у працы, захаванне адэкватнасці і паводзіны Сяргея Ціханоўскага, «Салідарнасці» распавёў Аляксандр Івулін, аўтар відэаблогаў @chestnok_by і @chestnok_live.

    Аляксандр Івулін

    Аляксандр Івулін. Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

    У жніўні Аляксандру споўнілася 34. Кажа, святкаваў без размаху. Згадваю унікальны і адначасова драматычны лёс гэтай яго асабістай даты – 10 жніўня. На 28-годдзе ў 2020‑м Івулін атрымаў рэвалюцыю, а на 30-годдзе — торт са згушчонкі ад сукамернікаў у «Воўчых норах».

    — Так, але мне пашчасціла, бо нейкім цудам, атрымаў на юбілей першае і доўгае спатканне з бацькамі. Прытым што ў першы раз мне адмовілі. А тут цэлыя содні! Калі можаш не праз шкло, абняцца з роднымі, гэта проста ваў. Маці зрабіла мае любімыя бутэрброды з часнычком, мазікам, памідоркай, шпротамі і трохі сыра зверху. Топ!   

    Я заўсёды чакаў дзень народзінаў. Бо мы ж, львы, такія: нам патрэбна ўвага, каб пачуць, якія мы класныя ды крутыя (усміхаецца).

    Падчас доўгатэрміновага спаткання няма адчування, што ты на зоне. Можаш апрануцца ў цывільнае, больш-менш нармалёвы пакой, хай сабе і нагадвае хостэл. Быццам лёс мяне аддзячыў за 10 жніўня 2020-га. Калі ўвогуле не разумеў, што адбываецца.

    Памятаю 00:00 10 жніўня. Мы сядзім на плошчы Перамогі, над галовамі «Подвиг народа бессмертен». Сядзім і афігеваем ад таго, што адбываецца, а мяне яшчэ і віншуюць. Потым ідзем да сяброўкі на Куйбышава, слухаем выбухі, як па дварах бегаюць амапаўцы.

    Раніцай 10-га з’явіліся чуткі, што на Стэле на чалавека наехаў аўтазак. То набылі кветкі і пакінулі каля Стэлы. Там іх ужо было дастаткова. Потым заснуў у рэдакцыі, сябры прынеслі торт. А ўвечары едзем на «Рыгу», і там бачым трэш.

    Па дарозе я сустрэў чалавека, які зараз працуе галоўным трэнерам каманды вышэйшай лігі чэмпіяната Беларусі. Ён не мог зняць грошы ў банкамаце, і я даў яму наяўных. А ён кажа: «Ды што вы ходзіце? Усё адно ў вас нічога не атрымаецца!» І тут прылятае навіна, што забілі Тарайкоўскага.

    Такое вось 10 жніўня 2020-га. Вельмі дзіўны дзень народзінаў. Бачыш што адбываеццца, што людзі змяняюць лёс краіны, але і чуеш чалавека, якога паважаў, але яму пофіг і ўсё роўна.

    І з гэтага моманта нібыта пачынаеш вельмі-вельмі хутка сталець. Цікава за гэтым назіраць нават праз гады, калі ты ўжо і да псіхатэрапеўта пахадзіў, нейкі лёс пражыў.

    Гэта гісторыя пра выбар. Паступіў б так ізноў, нават ведаючы ўсё, праз што давядзецца прайсці. Бо класна жыць у краіне, якую разумееш і любіш, але калі пачынае адбывацца такая дзікуха, для мяне гэта выходзіць за ўсе межы.

    Як можна жыць, бачыць трындзец і не казаць аб гэтым? Не спрабаваць яго неяк вырашыць? Нават не ўяўляю як зараз можна спакойненька браць і распавядаць пра той жа беларускі футбол, пра які я распавядаў усё жыццё. Бо спартовая журналістыка гэта ж люстэрка таго, што адбываецца ў грамадстве. Мне заўсёды хацелася глядзецца ў люстэрка, а не адводзіць вочы, бо паскудна.   

    — Здаецца, ты быў такі пратэстны хлопец і да 2020-га. Так, з іроніяй, гумарам, але сёння за рэпартаж з Каляднага турніра прэзідэнта з «Чыжоўка-Арэны» ужо б сядзеў.

    — О, класны відос! Усе ж разумелі, дзеля чаго і як гэты турнір робіцца. А я не люблю, калі хлусяць, таму і спрабаваў на гэта адрэагаваць. Праз іронію і гэтае гы-гы, можна было рабіць файныя рэчы. Паказваючы ўвесь абсурд і трэшаніну.

    У 2019‑м яшчэ былі адгалоскі адлігі і лібералізацыі. Напачатку 2020-га нават рванулі ў Амстэрдам, туды-сюды 100 баксаў за квіткі «Белавіа»! Здавалася, яшчэ трошачкі, і ўсё ў нас будзе: з’яўляецца Кастрычніцкая, можна зганяць у Еўропу і жыць у сваёй краіне, рабіць нешта крутое на карысць Беларусі, развіваць беларускі футбол.

    Які ж круты быў у нас футбол: БАТЭ, Ліга чэмпіёнаў, Капскі. А 2015–2016‑ы, калі БАТЭ  і «Дынама» гулялі ў групах Еўракубкаў! Зараз не можам нават у Лігу канферэнцый прайсці, дзе гуляюць прыкладна ўсе.

    Згадваю Анатолія Капскага, ён такі тыповы тутэйшы. Недзе падтрымліваў палітыку Лукашэнка, можа, быў трохі не праеўрапейскі, але на сваёй зямлі рабіў крутыя рэчы. Дзякуючы яго высілкам БАТЭ гуляў у Лізе чэмпіёнаў, зараз немагчыма ўявіць, што такі клуб з такім бюджэтам будзе перамагаць «Баварыю», «Рому»…

    Капскі цалкам любіў Беларусь і беларушчыну. Спрабаваў усім паказаць, што Беларусь вартая еўрапейская краіна, і што мы можам даваць вынік. Можна спрачацца з яго палітычнымі поглядамі, метадамі, якія ён ужываў, але гэта быў шчыры чалавек са сваёй сістэмай каштоўнасцяў і ідэалаў.

    Калі ў 2018‑м Капскаму нешта не спадабалася на «Трыбуне», ён адмовіў нам у акрэдытацыі на сезон. Такая сабе гісторыя, бо цэнзура і нейкія забароны. Але мы прагнулі жыць свабодна і зрабілі класны ход.

    У БАТЭ была сустрэча з заўзятарамі, дзе акрэдытацыя была непатрэбная. І я ператварыўся ў заўзятара БАТЭ: акуляры, парык, мяне нават грыміраваў візажыст. Паехаў на тую сустрэчу, фоткаўся з гульцамі,  зрабілі класны тэкст. Пасля нават Капскі тэлефанаваў: «Ну, малайчынка-малайчынка, класна атрымалася!»

    Але калі пачаўся гвалт, то ўжо не паходзіш з такімі гісторымі і не перавядзеш усё гэта ў жарт.

    Сабаку Аляксандра клічуць Падынгтан

    — Ці казаў табе хто пра тваю моцную іронію на беларускі спорт: «Саша, не трэба так. Глядзі, дагуляешся!»?

    — У 2020‑м мяне выклікаў чалавек з федэрацыі футбола – Міхаіл Ботнікаў, былы ахоўнік Лукашэнкі. Казаў, што разгойдваю човен сваімі пытаннямі. Я задаваў іх у чарзе да symbal.by, калі прыехалі касманаўты і пачалі пакаваць. Рабіў апытанку на «Барысаў-Арэне»: не баіцеся, што прыедуць амапаўцы і будуць разганяць? Бо спорт не можа існаваць асобна ад таго, што адбываецца ў краіне.

    Дык вось экс-ахоўнік Лукашэнкі казаў, што разгойдваю човен. А для мяне гісторыя пра спорт – гэта не толькі пра тое, што адбываецца на полі. Таму ўвосень 2020-га федэрацыя футбола анулявала маю акрэдытацыю. Нават тады здзівіўся, якая хваля падтрымкі ўзнялася.

    А я проста пайшоў на стадыён і размаўляў з беларусамі. Для мяне гэта як працяг гісторыі пра БАТЭ і Капскага: вы нам не даеце рабіць так? Мы знойдзем як зрабіць інакш!

    — Калі табе ў жыцці было найбольш страшна, і што бесіць Івуліна?   

    — Вельмі раззлавала, калі закрылі Бабарыку. Было страшна, калі паехаў на зону. Даволі хутка зразумеў, што зона зусім не СІЗА, што трэба сябе кантраляваць, прыстасоўвацца да новых правілаў. Спатрэбілася паўгады, каб зразумець, як рухацца.

    Крыху страшны быў і пераезд. Бо першыя месяц-два ў эміграцыі ўсё цікава і клас, а потым трэба зразумець, як жыць далей.

    Ведаеш, мая псіхіка так працуе, што яна папросту выціскае ўвесь негатыў. Злуюся я часцяком, проста гэта не бачна.

    Мяне бесіць, што адбываецца зараз з Ціханоўскім, гэта проста жахлівы жах. Бо вораг не тут, вораг там. І калі не можаш дацягнуцца да таго, хто далёка, то пакусваеш таго, хто побач.

    Калі я выйшаў, у мяне спачатку таксама была эйфарыя: «Усё, будзем рабіць! Будзе класна, вы тут нічога не разумееце, я зараз вам усё распавяду!»

    Але хутка сутыкаешся з рэальнасцю, разумеючы, што яна ўжо іншая, а не як да турмы. І тут пытанне — ці здолееш ты прызвычаіцца? У Сяргея Леанідавіча пакуль, здаецца, не атрымліваецца прызвычаіцца, і ён, на мой погляд, робіць шмат памылак. Ніхто не маргіналізуе сябе болей, як ты сам. Ніхто не робіць за цябе выбар.

    Дарэчы згадваю цытату Капскага: «Ва ўсім, што з табой адбываецца, вінаваты толькі ты сам».

    У мяне быў перыяд, вельмі цяжкі, пасля вызвалення. Даганяе прыкладна праз паўгады. Ледзь не кожную ноч, месяцы тры, снілася зона, уцёкі, жахі. Я пайшоў да псіхолага, трохі там пашаманіў. Дапамог і механізм, які я ўжываў на зоне, што ў мяне папросту працоўная камандзіроўка, я назіральнік у гэтай сітуацыі, журналіст, які паглыбляецца ў кантэкст за кратамі. Каб паглядзець, як і такія людзі жывуць. Дзякуй Богу, што камандзіроўка толькі на два гады атрымалася.

    Але нават больш цяжка было разабрацца са штукай пад назвай эміграцыя. Бо для мяне важна адчуваць, што адбываецца ў Беларусі і як журналісту знайсці форму, якая можа быць цікавая не толькі мне, але і беларусам. Гэта была праблема, але я справіўся.

    Так што хадзіце да псіхатэрапеўта, гэта топ (усміхаецца)! Але гэта працуе, толькі калі ў чалавека ёсць асабісты запыт. Ёсць катэгорыя людзей, якім хочацца пісаць ў фэйсбуку «мразі!» І не таму, што яны так лічаць, а таму, што ім хочацца з кімсьці змагацца. Але шмат хто выбірае не таго ворага.

    Мне не хочацца змагацца, мне хочацца рабіць нешта канструктыўнае і якаснае. Гэта ж самае важнае: што мы пакінем пасля сябе.

    Аляксандр распавядае, што сустракаўся са Святланай Ціханоўскай на фестывалі «Тутака» ў 2023‑м. А ў 2024‑м лідэрка прыехала да іх з Яраславам Пісарэнка, калі хлопцы рабілі вялікі прагляд фінала чэмпіяната Еўропы па футболу з каментаром на беларускай мове. Прыехала і сёлета.

    — Мне здаецца, што яна робіць даволі шмат у той рамцы, у якой ёсць магчымасць. Вось з’ездзіла Ціханоўская на перамовы, і Фінлядныя выдзеліць 100 тысяч еўра на патрэбы палітвязняў. Вельмі крутая адвакацыя!

    Шмат каму можа здавацца, што грошы ад еўрапейскіх ці амерыканскіх донараў на падтрымку палітвязняў проста аднекуль бяруцца. Што ходзяць фіны і думаюць: як бы даць ім грошыкі? Так не атрымліваецца. Ці некаму здаецца, што 100 тысяч – вялікая сума. Але ўявіце: колькі каштуе зрабіць зубы нават аднаму палівязню, а тым больш вялікай колькасці. Гэтыя грошы вельмі патрэбныя і насамрэч не такія і вялікія.

    Зразумела, што Ціханоўская з Офісам не возьме 500 джыпаў і не прыедзе заўтра вызваляць Беларусь. У любых абставінах трэба рабіць максімум з тым рэсурсам, які ёсць. І галоўнае — лепш ад таго, што Офіс не будзе працаваць, стане толькі рэжыму Лукашэнку. А не беларусам, ні ў унутры, ні звонку краіны.  

    — Вы з Яраславам Пісарэнка класна прыдумалі — збіраць беларусаў у Варшаве на матчы. Але няма страху, што гэта ператвараецца ў такі ўтульны «беларускі Дыснэйлэнд»? Дзе ўсім камфортна і весела, але які з кожным годам усё мацней адрываецца ад рэальнасці ўнутры краіны? І як ты зноў вучыўся шчыра запальвацца ад футбола пасля турмы?

    — Столькі футбола як зараз, асабліва еўрапейскага, я не глядзеў да 2020-га. Але ж беларускі зараз не гляджу. Пра «дыснэйлэнд» увогуле ўсё проста. Ты не можаш змагацца 24/7, і мы спрабуем тут стварыць кавалачак адэкватнасці ды крутацені.

    Уяві сабе: 400 чалавек набылі квіточкі, каб паглядзець фінал чэмпіянату свету! Каб зрабіць гэта з намі і па-беларуску. Прытым што на рэкламу мы ні капейкі не далі. Заўсёды думаю: «А колькі б прыйшло ў Беларусі?»

    І калі ў нас атрымліваецца, то трэба рабіць. Бо як казаў Дашкевіч: «Беларусь там, дзе беларусы». Гэта не спроба адарвацца ад рэальнай Беларусі, гэта спроба быць беларусамі там, дзе мы ёсць. Як спявае Пугач: «Дзе мы — там і святло!»

    — Калі ты рабіў прапанову сваёй дзяўчыне, гэта выглядала як крута зрэжысіраваны івэнт. Чаму ты ўвогуле вырашыў апублічыць гэты момант, і калі вяселле?

    — Вяселле, можа, у наступным годзе зробім. Проста ў нас шмат знаёмых, таму пакуль усім распавядзеш, то задзяўбешся. А так выклалі пярсцёнак, экзамен здаў, навуковую працу залічылі. Гэта 100% не было зроблена напаказ. Бо я капец сцыкаваў, гэта ж вельмі хвалююча! Хоць мы тры гады ўжо разам, да таго доўга сябравалі, ведаем адзін аднаго гадоў 15.  

    — А мог бы проста на калена ўстаць!

    — Дык станавіўся! Ці не?.. Не памятаю, бо быў вельмі інтымны момант, рукі трасуцца, ты нешта яшчэ і кажаш. Пытаю: «На калена станавіцца?» Вераніка ў адказ: «Не, не станавіся (смяемся)».

    — Мікіта б сказаў: «Сачкануў!»

    — Мікіта сам сачканаў, але іх справы, як яны гэта рабілі. Але я не сачкаваў. Проста не памятаю: станавіўся ці не? Здаецца, не.

    — Напрыканцы вашай «Маліны» Мікіта, як заўжды, запытаў цябе: ці жыццё – маліна? Увесну 2023-га ты адказаў, што жыццё – гэта Камароўка, дзе ёсць і «малина, честнок, и овощевоз пусть будет». Як бы ты адказаў на гэтае пытанне сёння?

    — Блін, складанае пытанне. І я думаў пра гэта часцяком. Жыццё… гэта выбар. І толькі ад цябе залежыць, якім ты будзеш яго пражываць, і якім ты будзеш яго ўспрымаць.

    Пасля сыхода Мікіты прайшло ўжо больш за 9 месяцаў, і гэта вельмі… Каб ты разумела, мне сёння снілася, як мы з калегам думаем, што і як напісаць на помніку Мікіты, як усё распісаць пра Мікіту, каб засталася нармалёвая памяць.

    Мікіта для мяне заўсёды быў і настаўнік, і старэйшы таварыш. Калі я выйшаў, ён зразумеў, што «малы» пасталеў, але ўсё адно было адчуванне, што я для яго малы ды малы (усміхаецца). Гэта было прыкольна і асабіста.

    Плюс мы, як львы, заўсёды канкуравалі, кожны стараўся зрабіць нешта лепш за іншага. І гэта таксама пра тое, якую спадчыну ты пасля сябе пакінеш. Мікіта  пакінуў велізарную. І мне было асабліва важна працягнуць праект «Загляне сонца». Бо гэта вельмі важная і добрая справа — распавядаць беларусам пра тое, што яны сябе не ў лапцях знайшлі. Тым больш, даведвацца пра сваю гісторыю гэта насамрэч вялікі падмурак дзеля таго, каб нешта расло, каб сонца заглядала і надалей.

    Мяне шмат хто запытваў пра месца сілы: у Мінску, Варшаве? Для мяне зараз гэта могілкі. Я часцяком хаджу да Мікіты, нешта распавядаю, сяджу. Раней ненавідзеў усе гэтыя Радаўніцы ў Воршы, цярпець не мог пікнікі на могілках. А зараз для мяне гэта медытатыўная гісторыя. Прыходжу, сяджу, размаўляю. На жаль, гэта працуе толькі на выхад, не на ўваход.        

    Сыход Мікіты яшчэ адна гісторыя, пасля якой я пасталеў. Для мяне дзве буйных даты — 10 жніўня 2020-га і 21 снежня 2025-га. Псіхолаг таксама казаў, што, калі хтосьці сыходзіць, ты адчуваеш як гадзіннічак грукае, становішся больш сталым. Бо ўжо не хапае, на каго разлічваць, ты павінен станавіцца больш моцным, каб вывозіць самому. Часцяком складана, але гэта таксама выбар.

    Жыццё — гэта выбар. І ты толькі робіш яго, каб быць шчаслівым. Ці заставацца нешчаслівым.

    Мікіта не толькі недзе ў маём сэрцыку, унутры. Я таксама, як і ён, набіў сабе тату decus in labore (з латыні — годнасць у працы). Мікіта пабачыў гэты надпіс у Партугаліі, у кніжнай краме, якой нібыта натхнілася Роўлінг. Гэтая тату ў яго была на назе ў выглядзе бранзалета. Бо годнасць у працы – сапраўды важная гісторыя.

    Я не ведаю чалавека, які так адносіцца да сваёй працы. З такім імпэтам, з такой уцягнутасцю і пагружанасцю. Мікіта вельмі любіў працаваць і рабіў шмат. Для таго, каб усё было ў нас класна, і для таго, каб беларусы не адчувалі сябе калгаснікамі.

    Я зрабіў сабе і тату «Загляне сонца». Гэта такая гісторыя ўсё роўна пра надзею, пра тое, што трэба рабіць. А сонца ўжо будзе заглядваць.

    У цяжкія часы трэба не забываць, дзеля чаго ты ўсё гэта пачаў. У лісце да Мікіты я пісаў пра ягоныя словы мне, што «мы ствараем культуру, і людзям важны прыклад.

    Вялікае шчасце і вялікі гонар займацца рэчамі, якія цябе натхняюць, і якія важныя яшчэ камусьці, акрамя цябе. Я вельмі задаволены, што маю такую магчымасць. І пакуль яна ёсць, трэба гэтым карыстацца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.