Хлусня, падмена і маніпуляцыя: як працуе раённы СМІ
На сайце дзяржаўнай раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» з’явіўся артыкул «Узурпация суверенитета: кто пытается говорить от имени Беларуси на Западе». У гэтым артыкуле аўтар, схаваны пад нікам «карэспандэнт», апраўдвае дзеючую ўладу, дыскрэдытуе апазіцыю і Захад, а таксама стварае ілюзію міжнароднай легітымнасці рэжыму.

Скрыншот сайта
Пры гэтым ён выкарыстоўвае эмацыйна афарбаваныя фармулёўкі, падмену паняццяў, выбарачнае тлумачэнне фактаў і маніпуляцыю.
Аўтар артыкула, займаецца дыскрэдытацыяй апазіцыі, выкарыстоўваючы мову варожасці, дэманізуючую лексіку. Ён называе людзей у дэмакратычных структурах «беглая оппозиция», «самопровозглашенные структуры», «политические маргиналы» і абвінавачвае апазіцыю ў выпрошванні санкцый у Захада. Гэтыя дзеянні апазіцыі быццам прыводзяць да пагаршэння жыцця простых беларусаў.
Тут адразу заўважна адкрытая хлусня і падмена прычын міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Гэта адбылося не праз дзейнасць апазіцыі ў замежжы, а ў першую чаргу ізаляцыя стала вынікам фальсіфікацыі выбараў 2020 года, масавых рэпрэсій з парушэннем правоў чалавека і саўдзелу ў агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Такім чынам аўтар артыкула перакладае адказнасць улады на апанентаў, што з’яўляецца класічнай прапагандысцкай схемай.
У той час у матэрыяле сцвярджаецца, што Беларусь праводзіць незалежную палітыку і толькі яе кіраўнік Лукашэнка і іншыя афіцыйныя прадстаўнікі ўлады маюць права весці перамовы з Захадам і ЗША. Аўтар нават спасылаецца на Венскую канвенцыі 1969 года.
«Веснік Глыбоччыны» спрабуе на сваіх старонках знізіць давер да апазіцыі, выкарыстоўваючы маніпуляцыю і ігнаруючы той факт, што многія яе прадстаўнікі былі вымушаныя пакінуць краіну праз пагрозу пераследу, а некаторых проста выціснулі ці выдварылі з краіны, ануляваўшы пры гэтым беларускія пашпарты.
Ігнаруецца і тое, што ўнутры Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, з’яўляюцца новыя палітвязні, адсутнічае дыялог з грамадствам.
Як бачым, дадзены артыкул з’яўляецца яскравым прыкладам дзяржаўнай прапаганды, у якім адказнасць за крызіс перакладаецца на апазіцыю і Захад, ігнаруюцца пры гэтым сапраўдны стан рэчаў у Беларусі, у тым ліку рэпрэсіі, нелегітымнасць улады і залежнасць ад Расіі.
@bajmedia