Юрый Дракахруст скончыў працу на «Радыё Свабода»
Вядомы беларускі палітолаг і журналіст Юрый Дракахруст абвясціў пра заканчэнне свайго кантракту з «Радыё Свабода». Ён паведаміў, што 28 чэрвеня — яго апошні працоўны дзень у штаце выдання.

Юры Дракахруст – журналіст і аналітык «Радыё Свабода». Фота: Віктар Стралкоўскі
65‑гадовы Юрый Дракахруст працаваў у пражскім офісе «Свабоды» з красавіка 2000 года, аднак яго супрацоўніцтва з амерыканскай карпарацыяй пачалося яшчэ раней — у сакавіку 1991 года ў якасці фрылансера ў Мінску.
Журналіст падзякаваў калегам за супрацу, а таксама выказаў удзячнасць за магчымасць самарэалізацыі.
«Шкада сыходзіць. Але так складваецца жыццё. І яно працягваецца. Як пісаў класік, «так ці гэтак — неяк будзе», — напісаў ён.
Юрый Дракахруст быў аўтарам шматлікіх папулярных перадач і дыскусій на «Радыё Свабода», вёў аналітычную праграму «Пражскі акцэнт».
У 2024 годзе быў завочна асуджаны ў Беларусі да 10 гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаванай, палітычна матываванай справе «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай».
@bajmedia