«Белсат» шукае новыя твары і запрашае на кастынг (дэдлайн — 30 ліпеня)
На «Белсаце» хутка стартуе праграма «Наш дзень», тэлеканал шукае вядоўцаў для эфіру.

Мікрафон «Белсату» ў ньюзруме тэлеканалу. Варшава, Польшча. 23 студзеня 2025 года. Фота: Белсат
«Наш дзень» будзе выходзіць штодзённа ў жывым эфіры. Магчыма, менавіта вы станеце яе вядоўцам.
Калі вы беларускамоўны журналіст, любіце людзей, не баіцеся камеры, умееце расказваць гісторыі і хочаце кожны дзень гаварыць з беларусамі пра самае важнае, падавайце заяўку на электронны адрас belsat.sekretariat@tvp.pl.
Дасылайце свае рэзюмэ з кароткім відэа, у якім чытаеце прапанаваны тэкст (прыведзены ніжэй), да 30 ліпеня. Пасля «Белсат» правядзе жывы кастынг з кандыдатамі, якія прайшлі першы этап.
«Мне вельмі хочацца, каб дзякуючы гэтаму кастынгу мы адкрылі новыя імёны. Магчыма, менавіта вас мы так доўга шукалі. Калі вы адчуваеце, што тэлебачанне – гэта ваша стыхія, калі ў вас ёсць энергія, харызма, цікаўнасць да людзей і жаданне рабіць якасную беларускую журналістыку, – не саромейцеся. Паспрабуйце. Чакаем вашых заявак. Чакаем вашых усмешак, вашых вачэй, вашай энергіі», – паведаміла галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык.
Тэкст для відэапробы:
На камеру: У Беларусі ўлады ўзмацняюць кантроль за хадой уборачнай кампаніі. Ува ўсе рэгіёны краіны накіруюць спецыяльныя мабільныя групы – такое рашэнне прыняў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Афіцыйная мэта групаў – выяўляць праблемы, якія запавольваюць і абмяжоўваюць жніво, паведаміла прэс-служба Савету Міністраў.
За кадрам: Мабільныя групы пачнуць працу ўжо найбліжэйшымі днямі. Яны будуць адсочваць стан тэхнікі, аператыўнасць яе рамонту, забяспечанасць палівам, наяўнасць механізатараў і выкананне дысцыпліны на месцах. Аднак хто ўводзе ў склад такіх камандаў – пакуль невядома.
Тых жа, хто правініцца падчас уборачнай кампаніі, скіруюць на вайскова-палявыя зборы на 2–3 месяцы. Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой, піша БелТА. Чыноўнік даручыў Міністэрству абароны аператыўна падрыхтаваць месцы і віды работаў, на якіх задзейнічаюць нядбайных аграрыяў. Спісы гэткіх асобаў будуць складаць райвыканкамы разам з ваенкамамі і кіраўнікамі гаспадарак. Падобныя захады сталіся адказам на крытычныя заявы Лукашэнкі падчас нарады 21 ліпеня.
@bajmedia