Магілёўская абласная пракуратура пахвалілася, што за паўгода ў рэгіёне выявілі 234 «дэструктыўныя інфармацыйныя каналы»
Гэта вынік маніторынгу інтэрнэта, якім займаліся ўсе рэгіянальныя органы пракуратуры вобласці. Потым яны падавалі заявы ў раённыя і гарадскія суды, якія прызнавалі гэтыя інтэрнэт-рэсурсы «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».

Пракуратура Магілёўскай вобласці. Фота: mogilevnews.by
Супрацоўнікі ведамства вывучалі змест розных сацыяльных сеткак і мэсэнджараў, шукаючы кантэнт, «накіраваны на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне, а таксама папулярызацыю пратэстнай актыўнасці», паведаміла служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.
Пры гэтым падкрэсліваецца, што асаблівую ўвагу работнікі пракуратуры надавалі «выяўленню інфармацыйных крыніц, якія садзейнічалі рэабілітацыі нацызму, распаўсюду нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі». Але насамрэч такіх інфармацыйных рэсурсаў было выяўлена адносна няшмат.
Пераважная большасць — гэта старонкі ў сацсетках і мэсэнджарах, каналы ў TikTok i YouTube, якія належаць незалежным журналістам ці блогерам, ці маюць дачыненне да незалежных СМІ. Або тыя рэсурсы, дзе пракуроры заўважылі бел-чырвона-белую сімволіку або іншыя праявы «апазіцыйных» настрояў.
Да прыкладу, толькі ў чэрвені 2026 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» былі прызнаны старонкі ў Facebook медыямэнэджара і журнаналіста Паўла Марыніча, блогера Антона Матолькі, журналістак Настассі Роўды, Ганны Любаковай і Кацярыны Ерусалімскай, акаўнт «Белсат по-русски».
Дарэчы, паводле даследавання на сайце тэлеканала «Белсат», безумоўным лідарам па прызнанні кантэнту інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкім» за першыя 5 месяцаў 2026 быў суд Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Адпаведна, менавіта тамтэйшая раённая пракуратура найбольш пашчыравала ў вышуку «экстрэмісцкіх праяваў» у інтэрнэце.
@bajmedia