Пачатак дзеяння новага артыкула КаАП РБ: Дзяржава забараняе гаварыць пра з’явы, у якіх няма нічога супрацьпраўнага
У Беларусі 19 чэрвеня набывае моц артыкул 19.16 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — «Прапаганда гомасексуальных стасункаў, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі». Якім чынам новаўвядзенне ў заканадаўства можа паўплываць на працу беларускіх СМІ, каментуе юрыст БАЖ Яўген Пыльчанка.

Фота: Tima Miroshnichenko для Pexels.com
«Заканадаўства не дае пераліку крытэраў»
— Першае слова ў назве новага артыкула КаАП РБ — «прапаганда». Ці не азначае гэта, што яго можна суаднесці са зместам артыкула, відэароліка ці іншай медыйнай прадукцыі?
— Слова «прапаганда» ўжываецца толькі ў назве, а сутнасць правапарушэння раскрываецца ў самім тэксце артыкула 19.16 КаАП наступным чынам: «распаўсюд у любой форме інфармацыі з мэтай фармавання ў грамадзян уяўленняў аб прывабнасці гомасексуальных стасункаў, змены полу, бяздзетнасці або аб прызнанні педафіліі дапушчальнай».
То-бок само дзеянне — гэта распаўсюд інфармацыі ў любой форме: праз СМІ, інтэрнэт, кнігі, падчас публічных выступаў ці ў прыватнай размове, у вербальнай форме або ў выглядзе выяў, відэашэрагу і г. д. Змест гэтай інфармацыі не канкрэтызуецца. Галоўнае, каб пад яе ўплывам у грамадзян фармаваліся «ўяўленні аб прывабнасці або дапушчальнасці» пералічаных з’яў.
— Але як даведацца, ці фармуюцца ў грамадзян канкрэтныя ўяўленні? І хто мае паўнамоцтвы гэта вызначаць?
— Заканадаўства не дае пераліку крытэраў. Таму мяжа будзе пралягаць у свядомасці міліцыянтаў і суддзяў, якім трапяць на разгляд канкрэтныя справы. Менавіта яны будуць вырашаць, ці фармуе пэўная інфармацыя «ўяўленні аб прывабнасці». Прычым, хутчэй за ўсё, яны будуць хавацца за нейкае экспертнае заключэнне, у якім ужо будуць утрымлівацца ўсе патрэбныя высновы.
Існуе вялікая верагоднасць, што для распазнавання прапаганды створаць адмысловую камісію або пашыраць кампетэнцыю ўжо дзейнай, напрыклад, Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні распаўсюду парнаграфіі, гвалту і жорсткасці.
— Такім чынам, эксперты мусяць вызначыць, што ў прадукцыі СМІ можна лічыць прапагандай, а што з’яўляецца, прыкладам, «апісаннем сітуацыі»?
— Мне здаецца, проста апісання, хаця б і вельмі пазітыўнага, недастаткова. Інфармацыя мусіць уздзейнічаць на людзей мэтанакіравана, то бок яе распаўсюднік мусіць свядома імкнуцца сфармаваць у іншых пэўныя ўяўленні, схіліць да пэўных паводзін. Тады гэта можна лічыць прапагандай. Але гэта маё разуменне, а на практыцы, я мяркую, правапарушэннем будуць лічыцца ледзь не любыя згадкі гомасексуальнасці або свядомага жадання не мець дзяцей без негатыўных канатацый.

Яўген Пыльчанка, Вільня, 11 чэрвеня 2024 года. Фота: Літоўская калегія адвакатаў
Аднак я хачу адзначыць, што ў дадзеным выпадку праблема зусім не ў абстрактнай фармулёўцы, а ў тым, што дзяржава забараняе гаварыць пра з’явы, у якіх, за выключэннем педафіліі, няма нічога супрацьпраўнага і якія нават паводле беларускага заканадаўства не лічацца нелегальнымі.
«СМІ — адзін з суб’ектаў, на якіх і скіраваны гэты артыкул»
— Пачатак дзеяння новага артыкула КаАП стане выклікам для медыяў. Рызыка трапіць пад санкцыі адміністрацыйнага заканадаўства, на вашу думку, аднолькавая для дзяржаўных і незалежных СМІ?
— Рызыка безумоўна існуе. Больш за тое, на мой погляд, СМІ — адзін з суб’ектаў, на якіх і скіраваны гэты артыкул. Дзяржаўныя СМІ таксама падпадаюць пад тыя ж абмежаванні, што і незалежныя.
Але, мне здаецца, дзяржаўныя СМІ і так загадзя фільтруюць інфармацыю па шэрагу крытэраў, таму не варта чакаць, што яны будуць публікаваць нешта ў разрэз з новым артыкулам КаАП.
— Які механізм дзеяння артыкула 19.16 КаАП: хто павінны ініцыяваць адміністрацыйную справу, калі яна тычыцца СМІ? Каго будуць караць у выпадку прызнання вінаватым — аўтара ці рэдакцыю?
— Пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях па гэтым артыкуле будуць складаць органы ўнутраных спраў. Яны ж будуць разглядаць справы і накладаць адміністрацыйныя спагнанні — паводле часткі 1 артыкула 19.16 КаАП. Калі ж у выніку правапарушэння з забароненай інфармацыяй азнаёміцца непаўнагадовы, то такія дзеянні будуць кваліфікавацца паводле часткі 2 артыкула 19.16, і гэтую справу мусіць разглядаць суд.
Адказнасці паводле артыкула 19.16 падлягае распаўсюднік інфармацыі. Таму, калі публікацыі з прапагандай знойдуць у зарэгістраванага ў Беларусі СМІ, караць будуць юрыдычную асобу, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі. Калі ж інфармацыя будзе распаўсюджвацца іншым чынам, то трэба вызначаць асобу, адказную за гэта: ёй можа быць і рэсурс, на якім размешчаная інфармацыя, і сам аўтар. У якасці пакарання КаАП прадугледжвае штраф альбо арышт.

Фота: Tom D’Arby для Pexels.com
— Аднак практычна ўсе рэдакцыі і аўтары незалежных СМІ працуюць сёння ў эміграцыі. Гэта азначачае, што для пакарання яны недасяжныя?
— Вядома, незалежныя СМІ ў выгнанні для адміністрацыйнай адказнасці застаюцца збольшага недасяжнымі. Можна, канешне, завочна накладаць адміністрацыйныя штрафы (у тым ліку на канкрэтных людзей — аўтараў, а не на СМІ), але па іншых артыкулах КаАП такой практыкі дагэтуль не ўзнікла.
Тэарэтычна, прыцягненне да адказнасці паводле артыкула 19.16 магло б прымяняцца як падстава для блакіроўкі, але, па-першае, большасць незалежных рэсурсаў ужо і так заблакаваныя, а па-другое, я пакуль не бачу заканадаўчай базы для гэтага. Такім чынам, пакуль што выкарыстанне артыкула 19.16 будзе звернутае пераважна ўнутр краіны.
@bajmedia