Анджэй Пачобут расказаў, як з’явіліся фота з суда — гэта вынік яго непадпарадкавання
Вядомыя фота з суда над Анджэем Пачобутам, дзе ён цвёрда глядзіць у фатакамеру, сталі вынікам непадпарадкавання. Пра гэта экс-палітвязень расказаў у першым інтэрв’ю на волі, якое даў польскай Gazecie Wyborczej.

Анджэй Пачобут у судзе. Фота: БелТА
Пачобут кажа, што ад вязняў у Беларусі пастаянна патрабуюць стаць тварам да сцяны — гэта ўваходзіць у звычку:
«Калі мяне ўвялі ў залу пасяджэнняў абласнога суда, ахоўнікі сказалі мне: «Ты стаіш тварам да сцяны». Гэта жалезнае правіла, якое ўжываецца да зняволеных у Беларусі. Я так прывык да гэтага, што нават калі мяне цяпер канваіравалі да самай мяжы, то, выйшаўшы з машыны, я стаў да яе тварам. Пройдзе крыху часу, перш чым я змагу прывыкнуць, і пераканаюся, што ў мяне больш няма такога абавязку».
У зале суда ён таксама стаў тварам да сцяны, але пачуў, што ў памяшканне запускаюць прадстаўнікоў рэжымных СМІ. Іх задачай было даць зручную для ўладаў прапагандысцкую карцінку: «Гэта павінна было быць гэтаксама, як на рэпартажах іншых судовых працэсаў, дзе яны здымалі вязняў, якія стаяць тварам да сцяны. Для людзей на волі гэта выглядае так, быццам зняволеныя саромеюцца паказаць свой твар, яны зламаныя, зняважаныя. Такая карціна пасля працэсу застаецца ў памяці».
Пачуўшы ўваход журналістаў, Пачобут адразу павярнуўся да іх. На патрабаванне ахоўнікаў павярнуцца тварам да сцяны, ён адказаў рэзкай адмовай.
«Супрацоўнікі СМІ былі здзіўлены, што я гляджу ім усім у вочы. А на мой суд прыйшоў цэлы натоўп людзей з дзяржаўных СМІ. ТБ былі, радыё, парталы, якія публікуюць усе пасквілі. І вялікая група фотажурналістаў. Былі ў шоку, таму што, як я разумею, прывыклі, што яны бачаць толькі спіны судзімых. А я ім — проста ў вочы, з нянавісцю. Я быў так злы, што, калі б іх можна было падпаліць, яны б згарэлі ў гэтай зале ў пакаранне за тое, што прыйшлі здымаць маё прыніжэнне».
Сітуацыя паўтарылася і на другі дзень. Міліцыянты зноў патрабавалі, каб Пачобут стаяў тварам да сцяны, але ён адмовіўся выконваць каманду, якую палічыў ганебнай: «Я — той, хто вырашае, як людзі будуць глядзець на мяне».
Прэзідэнт Польшы ўручыў Анджэю Пачобуту ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду краіны
@bajmedia