• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Пісаў Тамары, ведаючы, што насамрэч пішу Ларысе». Леанід Судаленка — пра турэмную цэнзуру і яе абыход

    Пра турэмную цэнзуру і яе абыход праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка распавёў у сваім telegram-канале. 

    Ларыса Шчыракова і Леанід Судаленка. Фота: фэйсбук-акаўнт Леаніда Судаленкі

    Леанід Судаленка ўзгадвае, што ў СІЗА для палітычных колькасць лістоў не абмяжоўвалася. Гэта была не проста перапіска, гэта была сувязь са светам. Таму турэмная цэнзура ставілася да яе вельмі ўважліва, асабліва калі гаворка ішла пра палітычных вязняў. Праваабаронцу магло прыходзіць 15–20 лістоў запар.

    «Столькі лістоў падтрымкі штодня дасылалі мне знаёмыя і зусім незнаёмыя людзі. Мае суседзі па камеры спачатку былі ў шоку. Потым прызвычаіліся і нават пачалі жартаваць. Як толькі адчынялася кармушка, яны ўжо загадзя ўсміхаліся: Судаленка, Судаленка, Судаленка…»

    Доўгі час ён ліставаўся з гомельскай журналісткай, а пазней палітычнай зняволенай Ларысай Шчыраковай. І раптам яе лісты перасталі прыходзіць.

    «Я пісаў, але адказаў не было. Падумаў, што нашу перапіску проста заблакавалі.

    І вось аднойчы атрымліваю ліст ад нейкай Тамары. Жанчыны з такім імем я ніколі не ведаў. Адчыняю канверт, пачынаю чытаць і адразу ўсміхаюся. Гэта была Ларыса. Я пазнаў яе па почырку, па першых радках. Яна проста прыдумала сабе іншае імя. І цэнзура прапусціла ліст. З таго дня я ўжо пісаў Тамары, ведаючы, што насамрэч пішу Ларысе.

    Леанід Судаленка

    Адзін з лістоў, які Леанід Судаленка пісаў Ларысе Шчыраковай. Фота: Леанід Судаленка

    Мы абое разумелі гэтую гульню. І, здаецца, турэмны цэнзар, які чытаў нашы лісты перад адпраўкай, таксама нічога не заўважыў. Цэнзар быў упэўнены, што я перапісваюся з нейкай Тамарай, а я ведаў, што кожны мой ліст чытае Ларыса.

    Так у турме часам нараджаюцца маленькія перамогі. Не сілай, не пратэстам, а кемлівасцю. І сёння, калі ўспамінаю тую гісторыю, думаю: турэмная цэнзура так і не зразумела, што прапускала не лісты Тамары. Яна прапускала надзею».

    Спадар Судаленка зазначае, што ў сваіх лістах ён амаль ніколі не скардзіўся. 

    «Пісаў пра суд, пра людзей, з якімі сядзеў. Пра шахматы, пра турэмны побыт. Пра тое, як у маленькай камеры змяняюцца суседзі, а жыццё працягвае ісці па крузе. Пра тое, як маленькая бандэролька магла зрабіць чалавека шчаслівым. Зубная паста. Шчотка. Плітка шакаладу. У турме гэта не дробязі. Гэта доказ таго, што пра цябе памятаюць.

    Сёння я часам перачытваю тыя лісты. Яны захавалі не толькі падзеі, яны захавалі чалавека, якім я быў тады. Які кожны дзень чакаў турэмнага паштальёна як самага галоўнага чалавека на свеце. Які радаваўся некалькім радкам.

    Які ведаў: слова ўсё адно знаходзіць сваю дарогу».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.