У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарм унёс TikTok-акаўнт «Гомель и область — новости»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 5 чэрвеня ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Скрыншот
У ліку іншых інтэрнэт-рэсурсаў у яго ўключылі акаўнт у TikTok з назвай «Гомель и область — новости» (ідэнтыфікатар https://tiktok.com/@gomel_i_oblast_novosti). Рашэнне прызнаць яго «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 3 чэрвеня 2026 года суд Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.
Гэты інтэрнэт-рэсурс рэгіянальных навін мае больш за 16 тысяч падпісчыкаў. У апісанні старонкі аўтары прэзентуюць як «новости Гомеля хорошие и не очень. Без цензуры, как есть».
Акаўнты ў TikTok, дзе ў відэафармаце падаюцца праўдзівыя навіны з беларускіх рэгіёнаў, апошнім часам нярэдка патрапляюць пад увагу мясцовых пракуратур, якія падаюць пазовы ў суды. Да прыкладу, 2 чэрвеня суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў «экстрэмісцкім» змест ТikTok-акаўнта «Второй регион Беларуси», дзе ў крытычным ключы асвятляюцца навіны Віцебскай вобласці. У той самы дзень суд Чыгуначнага раёна Гомеля прыняў рашэнне лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай парадукцыяй» адразу некалькі інфармацыйных рэсурсаў з навінамі Міншчыны.
@bajmedia