У Мексіцы ўзброеныя людзі выкралі журналістку Раксану Гузман
Мексіканская журналістка Раксана Берэніс Гузман Радрыгес была выкрадзена ўзброенымі людзьмі з яе дома ў штаце Веракрус. Камітэт абароны журналістаў (CPJ) заклікала улады краіны неадкладна расследаваць інцыдэнт і забяспечыць яе вызваленне.

Раксана Гузман. Фота мексіканскіх медыя
Гузман, заснавальніца і рэдактарка навінавай старонкі Pulso Informativo del Sureste ў Facebook, была выкрадзена 2 чэрвеня ў Нанчыталі, горадзе ва ўсходнім мексіканскім прыбярэжным штаце Веракрус. Паводле пракуратуры, улады штата пачалі расследаванне.
У сеціве з’явілася відэа, на якім невядомы мужчына выкарыстоўвае цяжкую прыладу, каб выламаць дзверы дома Гузман, у той час як другі невядомы мужчына накіроўвае пісталет і пагражае журналістцы і яе сям’і. Паводле пракуратуры, яе выкралі неўзабаве пасля гэтага. Пакуль невядома, дзе знаходзіцца Гузман і ці патрабуюць нападнікі выкуп за яе вызваленне.
«Нахабнае выкраданне Раксаны Гузман сярод белага дня шакавала нават Мексіку, якая мае жахлівы статус краіны з найбольшай колькасцю зніклых без вестак журналістаў у свеце. Гэты трывожны інцыдэнт яшчэ раз дэманструе, як гвалт і беспакаранасць працягваюць рабіць Мексіку самай смяротнай краінай для журналістаў у Заходнім паўшар’і, і вельмі важна, каб улады Веракруса гарантавалі вяртанне Гусман сям’і і прыцягненне да адказнасці тых, хто на яе нападаў,», — сказаў Ян-Альберт Хутсен, прадстаўнік CPJ у Мексіцы.
Рэсурс Гузман Pulso Informativo del Sureste публікуе ў асноўным мясцовыя навіны, у тым ліку пра інфраструктуру, дарожна-транспартныя здарэнні, праблемы з электрычнасцю і вадой, а таксама злачыннасць у Нанчыталі і ваколіцах. Старонка мае каля 21 000 падпісчыкаў.
Паводле звестак Дзяржаўнай камісіі па абароне журналістаў Веракруса (CEAPP), Гузман не паведамляў пра нядаўнія пагрозы.
У сакавіку ў Мексіцы былі застрэленыя два журналісты. Адзін з іх загінуў на месцы.
@bajmedia